Выбрать главу

— Даль! Далік! Даляш! Пацалуй мяне!

Х

Мы прайшлі некалькі гарадоў. Жыцьцё ў іх сноўдала аднастайнае, шэрае, як сьцены калідораў. Здавалася, квадратныя вочы жыхароў з квадратнымі зрэнкамі запальваюцца і гаснуць, не перадаючы ні думак, ні пачуцьцяў.

Руату з-за вянка чорных ружаў прымалі як вялікую спартсмэнку. І дзе праходзілі пакараньні, яе запрашалі выступаць у спаборніцтвах. Яна заўсёды згаджалася, яе крэда простае: Руата Наяроч Першая заўсёды павінна быць першай, — і перамагала. У асноўным яна выбірала сьмерць ахвяры, бо стаўкі былі высокія, слава вялікая, перамога салодкая. У рэдкім выпадку ад уласнага пачуцьця жалю да малалетняга злачынцы, ці яўнай невінаватасьці асуджанага, ці адчуваючы пажаданьне большасьці публікі (што бывала вельмі рэдка) — літавала.

Вось тут, на гэткіх відовішчах і яшчэ на баляваньнях пасьля перамогі, вочы бэтонных людзей цяплелі, ненадоўга ажывалі.

Ці мучыла мяне, што дзявочыя пальчыкі спачатку бязьлітасна зацягваюць пятлю, а потым лашчаць мяне?

Не, хутчэй — не, бо то былі іх звычаі, а калі б не яна, то знайшлася б іншая карніца. Змагацца — яе прафэсія, забіваць — складнік гэтай прафэсіі. Прысуд жа выносіла не Руата!

І яна забівала, а потым кахала мяне.

Яе жарсьць пасьля перамогі ўскіпала, паглынала мяне. Тады стогны Руаты нагадвалі крыкі параненай у бойцы, але здолеўшай загрызьці свайго ворага, пантэры.

Каханьне было страшэннае і асалоднае. Корсткі, ласкава-пакутны дурман!

Усё ж такі падсьвядома я адчуваў, як з кожнай перамогай дзявочае абаяньне Руаты паступова зьнікае, і ў ёй агаляюцца, як вада вымывае зь пяску белыя іклы тыгрынага чэрапу, злосьць і нястрыманая прага шаленства…

* * *

На пастамэнце, на ўслончыку стаяў туга зьвязаны заплаканы юнак. Нябога скраў нейкую каштоўнасць у заможнага гараджаніна.

Перад ім — пажылая жанчына на яе плячах, сьцёгнах, каленях цямнелі вялікія сінякі, што засталіся пасьля першага бою. Яна гістэрычна атакавала Руату: штурхала, біла і кідалася наперад у безразважнай дзікай роспачы, быццам да яе сьпіны шточас прыціскалі распаленую да чырвані дзіду. Азызлае ад гадоў цела непрыемна-жахліва пацёпвалася з кожным рухам.

Руата ледзь вытрымлівала моцны націск. Яе губы ўжо былі разьбіты да крыві, на шыі пунсавелі шырокія рысы драпін.

Здавалася, сам д’ябал усяліўся ў жанчыну. Яна жорстка нападала, безь перадыху нападала, нападала. І раптам, калі Руата ўжо знаходзілася на самым краі і ёй проста не было куды дзецца, апроч як упасьці — прайграць, ногі сталай жанчыны падкасіліся, апусьцілі яе на падлогу, яна цяжка захрыпела… Уласныя сілы здрадзілі ёй.

Руата хутка скарысталася гэтым, пераскочыла спаборніцу, схапіла за валасы.

— Аддай мне сына. Аддай! — узмалілася жанчына.

Позна, Руата адпрацаваным прыёмам кінула бездапаможную спаборніцу за край.

Тая ўпала, шырока расплюшчаныя вочы застудзянелі ў просьбе.

Праз стогны натоўпу да мяне прарваўся хрыплы, поўны жалю крык:

— Не забівай!

— Трэба было адразу прасіць, на каленях! — віскнула Руата, яна была разьюшаная ад таго, што ёй, непераможнай чэмпіёнцы, давялося на вачах у столькіх сьведкаў перажыць ганебнае імгненьне, калі яна ледзь не прайграла.

Руата з усёй сваёй хуткасьцю падбегла да зьвязанага юнака, накінула пятлю і хутка выбіла з-пад ног няшчаснага ўслончык. Той два разы ўздрыгануўся і, схіліўшы галаву на бок, ціха захістаўся ў паветры.

Яго маці страціла прытомнасьць.

— Прыбярэце яе! Прыбярэце старую выродзіну, каб ня рэзала крывым тварам нам вочы. Я пераможца, я маю права літаваць і караць!

Яна крычала, і кроў пырскала з разьбітых вуснаў. Дробны чырвоны дождж закрапіў пастамэнт.

А натоўп надрыўна вітаў пераможцу.

Я прадраўся праз загусьцелую масу людзей.

Ліпкі мярзотны натоўп сутаргава курчыўся. Я пакінуў людзечу самой сабе.

ХІ

Калідоры-трубы ці трубы-калідоры хісталіся ў такт маёй хады.

Я ішоў.

Кожны наступны крок даваўся мне цяжэй, чым папярэдні. Быццам нябачная рука пасьля чарговага дакрананьня ступні да падлогі накідвала ўсё новыя і новыя кайданы.

Неўзабаве я ня мог рухацца і пляснуўся ў калідорны кут.

Гэтак мне кепска. Я не магу, не хачу ні ісьці, ні варушыцца.

А мая мэта!

Якая мэта! Вар’яцкая і нікчэмная…

Калі няма ЯЕ побач!

Так, Руата жорсткая, бязьлітасная, але да мяне яна ж не такая. Звычаі людзей разбэшчваюць яе душу! Заліваюць камянеючай плястмасай яе сэрца. Зьмяняюць да непазнавальнасьці! Яна ня можа за іх адказваць!