Я наўмысна шукаў для Руаты апраўданьні. Я шукаў іх, каб прымірыць свае думкі са сваімі пачуцьцямі.
Вір каханьня…
Я ж ніколі не кахаў яе!
Падман!
Яе вочы, рукі, вусны лагодныя і шалёныя!
Вір каханьня не адпускаў мяне.
А ці заўважыла яна маю адсутнасьць? Можа сярод сваіх прыхільнікаў ёй усё роўна, дзе я, што са мной?
Мабыць, радуецца: нарэшце вольная…
Апошняя думка балюча працяла мяне.
Я ўскочыў і пабег назад.
Па гуках музыкі, калі тое можна назваць музыкай, я знайшоў месца пагулянкі. Руата ўзвышалася на чырвоным троне. Яна была сумная, вочы неспакойна аглядалі прысутных. Яны зазьзялі — напаткалі мяне. Руата ўзьнялася мне насустрач. Пры ўсіх мы, не саромячыся, абняліся.
— Дзе ты быў? Я не знаходзіла сабе месца ад хваляваньня!
— Я… я шукаў дарогу далей.
— Праўда?! — Руата адчувала тое, што я хацеў схаваць.
І раптам:
— Ты будзеш на роўных з усімі змагацца за мяне!
Руата ўскочыла на стол.
— Мусім наканаванасьці! — крыкнула яна.
То быў выклік мне.
— Ах, так, — выбухнуў я. — Ты будзеш маёю!
Я біўся, як паранены леў, як зьнішчальная ўсё навокал машына! Ніхто, нават велізарны асілак — тутэйшая знакамітасьць, — ня здолеў мяне спыніць. Каханьне і гнеў дапамагалі мне.
Руата мая!
І калі мы былі ўдваіх, я чуў шэпт яе вуснаў:
— Больш не зьнікай. Я хачу быць заўсёды з табой. Я і ты разам…
Шчасьце — быць разам зь ёй. Можа ў гэтым і ёсьць найгалоўнейшы сэнс жыцьця. А мая мэта, мой народ? Усё аддалялася, рабілася няважным. Узьнікалі думкі: гісторыю нельга спыніць і павярнуць назад. А Шлях? А ці ён увогуле існуе?
Магчыма гэта прыгожая легенда адсталага народа.
— Каханы, а ты можаш быць цалкам маім? — спытала Руата.
— Я і так цалкам твой.
— Не, ты часта зьнікаеш у далёкім закутку розуму. Ты хаваеш ад мяне свае таямніцы. Раскажы мне.
— Ты ж ведаеш, што я з самага нізу, мы людзі долу. У нас свае звычкі…
— Я хачу зразумець.
— Мы капалі дол, каб знайсьці Шлях да зор. Але народ вымірае. Нарадзілася легенда, што ёсьць іншы Шлях, які ляжыць праз вашыя землі.
– І ты яшчэ верыш у гэтую легенду?
— Так. Мая мэта — знайсьці Шлях.
— Шчасьлівы чалавек, які мае мэту, — задумліва сказала яна.
— Але з табой я таксама шчасьлівы!
— Значыць адно шчасьце перашкаджае другому! — у яе на вачах хацелі наліцца сьлёзы.
— Не, не, мы ж ідзем разам.
— Так, ідзем… — яна абняла мяне. — Але ж я ня з вашага народа.
— Знойдзем Шлях, я цябе прывяду да нашых. Мы разам іх вывядзем з долу.
— Я для вас, іх чужая.
— Са мной не!
Гэта быў самы доўгі і самы гарачы пацалунак.
— Каханы, а як ты здолеў тады выжыць?
Я ўсьміхнуўся, паглядзеўшы ёй у вочы.
— Чаму ты ўсьміхаесься? Я спытала штосьці забароненае?
— Калісьці даўным даўно жыла прыўкрасная жанчына, якая выведала тайну моцы свайго мужа, і прадала яе яго ворагам.
— Я не такая! — яна вырвалася з маіх абдымкаў.
— Я ведаю.
— Праўда?
— Праўда.
Яна сама абняла мяне.
— У чым жа была тайна яго моцы?
Я занурыў далоні ў яе валасы.
— У валасах.
— У валасах?
— У тваіх валасах таксама шмат моцы, іх бліск асьляпляе ворагаў, робіць мужчын сьмелымі і ў той жа час пакорлівымі…
— А ў чым твая тайна? — я прачытаў гэтае пытаньне па яе вуснах сваімі вуснамі.
Я зноўку ўсьміхнуўся, міжвольна прымушаючы яе губы паўтараць маю ўсьмешку.
— Толькі пабываўшы ў вашых краінах, я штосьці змог сабе растлумачыць. У нас ёсьць старажытны звычай: кожнага нованароджанага аддаюць на тры дні вешчунам-настаўнікам. Яны выконваюць над дзіцём абрад Сьпіральнай Замовы Замоў. У час сьмяротнае небясьпекі ў маёй галаве пачынае раскручвацца тая Замова і цела як бы дранцьвее, робіцца непашкодным. Дзіўныя адчуваньні.
Руата пачырванела ад самага інтымнага пачуцьця — даверу.
— Даляшорзах, я ня выдам твой сакрэт!
— Руата, я кахаю цябе!
Я зрабіўся самым фанатычным прыхільнікам Руаты. Пасьля перамогі я нёс яе на руках. Мы заўсёды былі разам і, здавалася, шчасьлівейшых за нас не існавала людзей. Мы зрываліся ў каханьне, як птахі зь піку стромкай скалы. І разам разьбіваліся аб пляж зьнясіленьня.
А потым, калі новая хваля моцы прачыналася ў нас, я казаў:
– Ідзем!
— Куды? — пыталася яна.
— Вышэй!
— Пачакай? Тут так хораша… Давай трошкі затрымаемся.
– Ідзем, ідзем! Там мая мэта!