Выбрать главу

Мы павіталіся.

Ён казаў з правільнай сталічнай вымовай, хаця вопратка выкрывала, што чалавек доўга адсутнічаў у сталіцы і пасьпеў назаўжды адстаць ад тамтэйшай моды.

Яго твар суправаджаў кожнае слова дужа незвычайнай — пакуль не прывыкнеш — тэмпэрамэнтнай мімікай, уздымы махнатых броваў мелі такую вялікую амплітуду, што адразу пераконваесься — перад табой шчыры аптыміст. Пад правым вокам у яго была радзімка ў выглядзе павука, што яшчэ больш ажыўляла яго фізіяномію — быццам шчака, раз-пораз пацопваючы, імкнулася скінуць нахабнага інсэкта.

Мы разгаварыліся.

– І цяпер, бадай, ужо месяц бадзяюся па розных узроўнях, распытваю людзей пра Руату, — скончыў я свой сумны аповед.

— Прыемна пазнаёміцца з вашай інфармацыяй. Я — Оярэт-С Кіфандоарвай-Міц, вольны маг і філёзаф. Апошнім часам жыў на сьметніку і думаў над пабудовай сьвету. Я, бязь лішняй сьціпласьці скажу, што раскрыў тайну стварэньня вас… Мяне. Сусьвету! — пры тым галава яго моцна захісталася, напэўна каб зацьвердзіць справядлівасьць сказанага. — А вы, шаноўны спадару, — працягваў ён, — першы, хто зьвярнуўся да мяне, і я вас узнагароджу…

— Як? Узнагародзеце? — мне вельмі-вельмі спадабалася гэтая ідэя.

— Так, я ўзнагароджу вас сваёй тэорыяй. Вы будзеце першы, хто цалкам дазнае яе! Хай мае здагадкі жывуць у людзях!

Мая радасьць імгненна зачаўрэла. Мне ня вельмі «усьміхалася» слухаць нудныя філязофскія разважаньні, мне трэба было толькі спытаць, ці сустракаў ён на сваім шляху Руату, альбо Ўпляйка, але зь ветлівасьці я ня мог перапыніць яго.

Філёзаф зьняў чалму, раскруціў, дастаў зь яе кавалак хлеба:

— Жуйце, слухайце, разумейце… а падчас жаваньня ўсё запомніце…

Я зьдзівіўся ягоным словам і дзеяньням, але ежу ўзяў.

— Адмаўляць разьвіцьцё проста неразумна, хаця б таму, што раней людзі хадзілі толькі пешкі, потым езьдзілі на конях, а цяпер на элекрааўтамабілях. А раз ідзе разьвіцьцё, то, значыць, безупынна адбываецца працэс формаствараньня матэрыі і абагачэньня душы. Ад простай, беднай інфармацыяй формы да больш складанай і больш багатай інфармацыяй…

Філёзаф яшчэ доўга расказваў мне пра эвалюцыю Сусьвету.

— А што штурхае да разьвіцьця? У чым палягае тая ўнутраная энэргія. Дык вось, матэрыя і душа — гэта набор пэўных інфармацыйных зарадаў. Прасьцей іх можна падзяліць на прысутнасьць і адсутнасьць пэўнай інфармацыі, такія сабе інфачасьціцы «Так» і «Не» альбо «Плюсікі» і «Мінусікі». А іх спалучэньне стварае набор кодаў якія кіруюць усімі працэсамі Сусьвету. І мы таксама плён тых выпадкова складзеных кодаў. Нават вучэньне старажытнай рэлігіі амаль наўпрост даказвае гэта. У сьвяшчэннай кнізе нашых продкаў напісана: «СПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА, СЛОВА БЫЛО Ў БОГА, БОГ — ЁСЬЦЬ СЛОВА.»

— Ну, гэта я таксама чытаў, — сказаў я.

— Так слова — ня што іншае, як код інфармацыі! Вось такі складаны і просты сьвет!

Я з цяжкасьцю разумеў сказанае філёзафам, але адчуваньне, што ўсё залежыць ад кодаў інфармацыі, усё ў Сусьвеце створана інфармацыяй і ёю кіруецца, цьвёрда ўмацавалася ўва мне. Тым больш у маім розуме была закладзена Сьпіральная Замова Замоваў, па тэрміналёгіі дзіўнага філёзафа — сваеасаблівы набор інфармацыйных зарадаў, што мог на час перакадаваць маё цела.

— А якая практычная карысьць ад вашае тэорыі?

— Практычная карысьць… Па-першае, гэта яшчэ адзін крок да запаветнай мары чалавека: усё ведаць і ўсім кіраваць. Фактычна мы можам знайсьці філязофскае слова — той унівэрсальны код інфармацыі, які адкрывае ўсе тайны мінулага і будучага. Па-другое…

Ён дастаў з сакваяжа яйка, паклаў на падлогу і крутануў.

— Бачыш, ня круціцца. Сьвежае.

Пасьля ён дастаў невялічкі бонг, і пачаў далонямі выбіваць дзіўны сінкапаваны рытм. Пры гэтым ён штосьці мармытаў, пыр-ркаў губамі ці пасьвістваў. Рытм паімклівеў. Па скронях старога пацяклі кроплі поту. Празь дзесяць хвілін гэтага напружанага дзеяньня, стары адкінуўся і хвіліну ляжаў нерухома.

— А цяпер пакруці, — сказаў філёзаф, калі адкрыў вочы.

Я крутануў яйка — яно было гарачым і хутка круцілася.

— Ну як. У крутую!

Я паглядзеў на зьняможанага старога:

— Навошта так мучыцца, калі на кожным рагу ёсьць мікрахвалёвыя печкі.

— Ня ўсё на сьвеце павінна мець практычную карысьць, — сказаў стары. — Яйка — дробязь. Калі трэба, можна прыдумаць вялікую сурму, у якую як сьлед падзьмеш, і разваляцца гарадзкія сьцены! А ўзьдзейнічаць на коды чалавека можна робячы напоі з траваў, можна вырошчваць спэцыяльна замоўленыя фруктовыя плады і даваць іх зьесьці, можна абкурваць чалавека адмысловым дымам — гэтым усім карыстаюцца розныя ведзьмакі і клерыкалы, а можна проста складваць песьні ці вершы, пра гэта добра ведалі старажытныя трубадуры. Сілай паэзіі яны ўнушалі каханьне жанчынам. Трэба толькі ўкласьці свой набор інфачасьціцаў «Так» і «Не» такім чынам, каб яны траплялі ў рэзананс зь інфачасьціцамі абранай асобы. Трэба вялікае майстэрства і талент. Хочаш, зараз я засьпяваю прыдуманую мной песьню, і твая правая нага будзе танчыць?