Выбрать главу

— Там, за аркай, са сваёй чортавай машынай палезьлі ў шахту.

— А смуглявая дзяўчына была зь імі?

Ён выплюнуў каскад лаянкі, што ў ягонае мове азначала «так».

— Дзякуй, — я кінуў яму кій.

За аркай была глыбокая круглая шахта. Я чуў пра такія, яны служылі для хуткага паветранага спуску.

Я стаў ля краю.

Зноў мільгануў маяк маёй мэты. Я столькі падымаўся, ішоў, а зараз павінен прымусіць сябе перакрэсьліць свае намаганьні — кінуцца долу.

І я зразумеў. Я перакрэсьліў сваю мэту ўжо тады, калі пакахаў Руату!

Яна мой кат, мой лёс.

Я ступіў у бездань.

ХV

Перахапіла дыханьне. Некалькі сэкунд праносіліся паўз мяне аркі паверхаў, успалыхвалі і зьнікалі ў цемры іх агні.

Я ляцеў у пекла!

А можа, яшчэ ніжэй?..

Паветраны струмень, што ўзьняўся мне насустрач, запаволіў падзеньне. Я мякка апусьціўся на падлогу.

На гэтым узроўні не было аркі, а зеўрала нейкая дзірка, над якой люмінсцэнтнай фарбай былі напырсканы крывыя літары:

«УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ!»

Я пралез у дзірку.

Калідор — чысты, сьветлы, што не стасавалася з «парадным уваходам», дзе замест аркі зеўраў пралом.

Празь пяць-шэсьць мэтраў калідор завяртаў направа і потым разыходзіўся на тры асобныя калідорчыкі. Нядоўга думаючы, я пайшоў проста.

Мяне ўразіла рэзкая перамена ляндшафту. Адразу за ростанямі асьвятленьне абранага мною калідорчыка рабілася настолькі цьмяным, што на чатыры крокі ад мяне я ўжо нічога ня мог разгледзець. Вялікі слой пылу пакрываў лямпы на столі, а пад нагамі храбусьцелі пліткі, тынкоўка, шкло, кавалкі растурзаных плястыкавых скрыняў.

Увесь вэрхал і бруд мне нешта нагадваў. Ну, так, я ўспомніў узровень, дзе жылі лемуры-звонгі і карлікі-апраханцы. Дык вось дзе я апынуўся! Кола майго падарожжа замкнулася. Трохі ніжэй і будзе самы глыбокі паверх, дзе жыве мой народ.

А чаму ж калідор да ростаняў быў такі чысты!

Палыснула здагадка! Калідор чысьцілі асэнізатары.

Цяпер па чыстым шляху я хутка іх даганю. Я вызвалю Руату! Яна зноў будзе са мною!

Я пабег назад, да ростаняў. Левы калідорчык зіхацеў чысьцінёй! Цяпер усё стала на свае месцы.

Упляйк накіроўваўся ў экспэдыцыю па дасьледваньні і ачышчэньні сутарэньняў. Але каханьне да Руаты не давала яму спакою. Упляйк адпраўляецца ў сталіцу, там выкрадае Руату і звозіць з сабою.

Я пайшоў па сьледзе, зь якога зьбіцца проста немгчыма — чысьціня і бліск, роўная дарога выведзе мяне!

Але эўфарыя спачатку непрыкметна сьціхла, а затым зьмянілася трывогай.

Іх там чалавек дзесяць, як мінімум, усе ўзброеныя, а я адзін, галодны, стомлены, супроцьпаставіць ім магу толькі свае белапалыя кулакі. Трэба быць вельмі асьцярожным, але спачатку добра адпачыць.

Каб выпадкова мяне не прыкмецілі людзі з экспэдыцыі — раптам хтосьці будзе адпраўлены на «цывілізаваныя паверхі» з данясеньнем, — я зноў вярнуўся ў забруджаны калідор, залез на трубы з бактэрыямі.

Я праспаў прыкладна каля паўгадзіны. Мяне абудзіў тупат. Ля маёй схованкі прабеглі — я пазнаў іх — звонгі. Яны стрымгалоў уцякалі ў накірунку шахты.

«Што, чысьціня не падабаецца?» — усьміхнуўся я.

Заснуў спакойна, мне сьнілася яна, мы пяшчотна абдымалі адно аднаго. А потым, я апавядаў ёй тэорыю пабудовы сьвету Оярэт-Са Кіфандоаpвай-Міца, дзіўнага філёзафа са сьметніка. «Як незвычайна і цікава, — захаплялася яна, — мы з табой „плюсікі“ і „мінусікі“ інфармацыі, і як нам пашанцавала, што табе і мне дадзена жыць у адзіным сьвеце і нашы коды аднолькавыя, мы разумеем адзін аднаго. Як цудоўна, што хітрыя „плюсікі“ і „мінусікі“, нашы „так“ і „не“ дазваляюць нам кахаць».

ХVІ

За авальным выгінам калідора я заўважыў чалавека і прытаіўся. Ён поркаўся ля ўльтрагукавай печкі і насьвістваў сабе пад нос вясёлую песеньку. Печкі сустракаліся на паверхах праз пэўную адлегласьць. Любы падарожнік мог закласьці ў яе сваю ежу і згатаваць. Наверсе, у «цывілізаваным грамадзтве» за іх карыстаньне бралі невялікія грошы для чысткі і рамонту, а тут у сутарэньнях можна было гатаваць бясплатна, праўда, паспрабуй яшчэ адшукаць несапсаваную.

Повар экспэдыцыі, а без сумненьня то быў ён, адышоў ад печкі, адшукаў у сьценцы дзьверкі, зайшоў у больш вялікую нішу. Дзьверкі грамадзкай прыбіральні зачыніліся.

Я ціхутка падпоўз да печкі. Трохі далей сядзеў, прытуліўшыся да сьценкі, вартаўнік, дзякуй лёсу, ён мяне не заўважыў. Я хутка адчыніў заслонку. Ба, абед на чалавек сто, ня меней! Было б снатворнае!

Я набраў у сваю туніку бутэрбродаў, каўбасы, яек, штучнай салаты і адпоўз.