Выбрать главу

Яна паглядзела мне ў вочы:

Калі ты ў мяне, закаханая, Калі ты ў мяне, закаханы… —

паўтарыла яна словы з маёй вершаванай замовы….

— Лезь хутчэй! — я зьвёў за дзяўчынкаю акрайцы тоўстай фальгі, каб неяк замаскаваць прарыў.

А мой шлях — растрэсканая плоская падлога — выглядала як стромкая скала, па якой я абавязаны ўзьбірацца.

ХХ

Здавалася, струмень яшчэ ўзмацніўся, а пасьля сьціх.

Плястмасавы сьнег-сьмецьце ўпаў на падлогу, цалкам засыпаўшы мяне. Задыхаючыся я ледзьве выкараскаўся з сумёту.

Пачуў сьмех Упляйка, узмоцнены празь мікрафоны. Ён адмыслова прыпыніў машыну, каб бачыць мяне.

Зароў матор. Гострыя аскепкі паляцелі на мяне.

Што ж, няхай. Барацьба!

Я адзін супраць войска і пачварнай машыны.

Падцягнуўся. Паставіў ногі ў шчыліну, знайшоў для рук новы выступ. Зноў падцягнуўся.

Прапоўз такім чынам тры мэтры. Спыніўся адпачыць. Туніка, мокрая ад поту, прыліпла да цела.

Далей пралягала зусім гладкая падлога, ніякіх зачэпак. Трэба караскацца да іншага краю.

Я трошкі разьвярнуўся… Зрабіў неасьцярожны рух, і мая нага сарвалася. Я павіс (павіс на падлозе!) на адной руцэ. Акpаек трэшчыны ўпіўся ў фалангі пальцаў.

І пальцы ня вытрымалі, я паляцеў!

Страшна, калі не валодаеш сваім целам, калі яно бездапаможна борсаецца ў даўкай плыні, што нясе на жахлівую сьмерць, ад якой ня выратуе нават чароўная мудрасьць старога мысьляра. Майму «Я» проста ня будзе куды вяртацца. Пачвара нічога не пакіне ад майго цела.

Падзеньне паскорылася. Заля перад брамай з клюшнямі звужалася. Паток аскепкаў шкла, плястмасы, тынкоўкі тут ушчыльняўся, што дадавала большых пакутаў.

Раптам пада мною на падлозе стварылася даволі вялікая трэшчына. Рукі чыста інстынктыўна схапіліся за край. Я павіс. Хвіліна сьмерці адкладзена!

З боку ўжо блізкай пашчы вылезла жудасная клюшня, пачала павялічвацца. Бачна, як расьціскаюцца і сьціскаюцца агромныя абцугі. Яны цягнуліся да мяне.

Не! Далёка!

Жалязяка здолела толькі дакрануцца да падэшвы маіх сандаляў.

Я мог трохі перадыхнуць. Усю падлогу вялікай залі пакрывала павута шэрбін і трэшчын.

А пачвара высмоктвала паветра! Вецер яшчэ больш узмацніўся, мабыць ва Ўпляйка ня вытрамылі нэрв, і ён загадаў запусьціць машыну напоўніцу. Град вострых аскепкаў тынкоўкі, адбіткаў засохлай фарбы, плястмасы бязьлітасна біў мяне. Сьмецьце засядала ў валасах, забівала ноздры, вушы, вочы. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй. Я з апошніх сіл трымаўся за гостры край трэшчыны, вісеў у струмені паветра над самай пашчай машыны. Раптам раздаўся страшэнны выбух — гэта са сьценкі з клёпак сарваўся пляст сталі. Ён праляцеў паўз мяне, садраўшы зь мяне туніку і параніўшы мне сьпіну, і плазам упаў на пашчу машыны.

Рухавік узвыў. Але струмень паветра аслабеў.

Па трэшчынах, як па прыступках я пабег да таго месца на сьценцы залі, якое мне паказаў карлік. Хутчэй, пакуль машына не перажавала стальны ліст.

Маё цела, нібы сьвежая лаза ў руках празорцы, затрымцела. Я ўвесь сьціснуўся і ўдарыў правай рукой у сьцяну. Яна адспружыніла мой кулак, з костачак палілася кроў. Але і на сьценцы зьявілася зорка чорных трэшчын.

Яшчэ адзін наймацнейшы ўдар! Рука правалілася ў плястмасе і фальзе. Адтуль вырваўся струмень паветра, якое напаіла, наталіла, мяне. Яно было іншым, чым певетра на ўсіх узроўнях сьвету. Марозкае і вострае, сьвежае і пругкае.

Машына разжавала стальны ліст і цяга зноў узмацнілася.

Я, борсаючыся ў паветры, асьцервянела разьдзіраў-пашыраў дзіру.

І раптам роў матора сьціх.

Асэнізатары заўважылі, што я раблю.

Позна, Упляйк!

Я перакуліўся ў праробленую адтуліну.

Мае зьнясіленае цела пляснулася на простакутную плятформу. Я ўбачыў помку выкліку, хутка націснуў на яго. Побач бясшумна паднялася сьцяна. Плятформа ўвезла мяне ў шахту.

Патаемная паветраная шахта!

У пругкіх струменях паветра я паплыў уверх.

Плятформа, што засталася ўнізе, пасунулася на сваё месца, сьцяна за ёю важка апусьцілася, захіліўшы сваім гмахам маю сьмерць.

ХХІ

Хуткі пад’ём. Над маёй галавою з бразгатам і шыпеньнем разьехаліся ў розныя бакі паловы жалезнага века…

Імгненьне я стаяў на краю прорвы, на дне якой плёскаўся чорны акіян бяздоньня. Далёка наперадзе, на супрацьлеглым краі, віднелася каменная стромая сьцяна. Такая ж сьцяна была за маёй сьпінай, якая на значнай вышыні пераходзіла ў велізарныя скляпеньні, нібыта хтосьці спрабаваў пабудаваць цырк для гігантаў. Упершыню я апынуўся ўсярэдзіне такога агромністага збудаваньня, і ніколі ня бачыў столькі адкрытай прасторы. Закружылася галава, я абапёрся на сьцяну.