Выбрать главу

Ён зноў усьміхнуўся сваёй сумнай усьмешкай.

— Ты ня ведаеш поўнай самоты. Бясконцай, цягуткай самоты. Вечнасьць і самота — рэчы несумяшчальныя. Стары Маянтох сам папрасіў мяне забіць яго. Я ня ведаю шляхетнейшага за яго чалавека.

— Пад зямлёю таксама існуе самота!

Раншай не зьвярнуў увагу на маю рэпліку.

— Наймудрэйшыя продкі і гэта прадбачылі. Чалавек схільны да самазабойства, калі ён самотны, калі яму няма з кім спаборнічаць. Вось яны і прыдумалі прапускаць у Сад канкурэнтаў, — на гэтых словах садаўнчы зрабіў акцэнт, — якія перайначаць тое, што ты тут зрабіў, увядуць іншыя парадкі, разьвядуць іншыя расьліны. Але ты ня ведаеш самага галоўнага, — ён паглядзеў мне проста ў вочы, — прайшоўшы праз закляты Мост, ты сам становісься носьбітам страшэннага закляцьця! Тваё біяполе робіцца шкодным для людзей, што знаходзяцца побач з табою. Па-твойму — цяпер ты маеш небясьпечныя для кожнага чалавека сурокі, і дзе б ты ня быў — у гэтым Садзе, ці на іншай плянэце, тыя, хто апынецца каля цябе, пачнуць сьмяротна хварэць, аддаючы табе сваю жыцьцёвую энэргію. А калі паблізу жывуць два такіх «заклятыя», выжыве той, чыё біяполе мацнейшае! Асабліва хутка людзі паміраюць у гэтым Садзе, ён узмацняе біяполе таго, хто яму «спадабаўся». Раней «дазорцы» — ахоўнікі Саду — ня ведалі гэтага. Жылі ўдвух, пакуль хтосьці адзін зь іх за кароткі час не згасаў. Цяжка, калі на тваіх руках памірае чалавек, да якога ты пасьпеў прывязацца. Стары Маянтох адчуў, што яго біяполе мацнейшае, я чэзнуў на вачах. А ён стаміўся жыць… Паміраючы, ён расказаў мне пра закляцьце продкаў.

— Ты хочаш сказаць, што цяпер я не магу жыць побач зь іншымі людзьмі?

— Так, цяпер ты «закляты», мутант, вырадак, сурочнік, створаны толькі для таго, каб быць мне канкурэнтам, каб я мацней рупіўся пра Сад, чым ты ў будучым можаш гэта зрабіць! І Сад сам абярэ і дапаможа таму, хто з нас больш варты. Але я не хачу даваць ні Саду, ні сваім, ні тваім сурокам гэта вырашаць! Я выбіраю самоту, а ня сьмерць.

Ён змоўк.

— Значыць ты хочаш сказаць, што я адрэзаны закляцьцем ад свайго народу і каханай, ад сваіх продкаў? — спытаў я. — І цяпер на сьвеце для мяне існуюць толькі ты і я, ды гэты Сад?

— Так! — ледзь ня выкрыкнуў Раншай, — Зразумей, што гэта хітрая, спэцыяльна зробленая табе ці мне пастка, каб прымусіць цябе ці мяне, хто здольны, з усёй моцы рупіцца пра гэты Сад, пра гэты цудоўны, райскі куток на закінутай Богам плянэце. Але ж яшчэ зразумей, што ты госьць, чужынец. А я жыву тут амаль трыста гадоў. Гэта мая краіна, маё племя і мой род. Вось бачыш гэтую пальму? Яна мая сястра. А вунь мой брат — чырвоны хвалісты папугай. А ты для іх ніхто. Ты вораг!

— Што ты прапануеш? Чаго ты хочаш?

— Што я хачу… — прамовіў ён халодным тонам, — я хачу, каб ты дабравольна згадзіўся пакінуць мне мой Сад.

— Каб я пагадзіўся на сьмерць?

— Так.

— Каб я сам сябе забіў?

— Так.

— А ты ўпэўнены, што ўсё, што ты мне цяпер апавёў — праўда?

— Так.

«Мой Шлях, гэта шлях да сьмерці. — падумаў я, — усюды мяне хацелі забіць, усюды я быў лішні, я быў для кагосьці канкурэнтам. І якія б не былі высакародныя матывы маёй мэты, кон вёў мяне да скону.»

— Дай мне падумаць. Я клянуся ўсім сваім родам, што наўмысна не зраблю табе нічога кепскага.

— Добра, думай да вечара. Як толькі сьцямнее, буду чакаць цябе на гэтай паляне, ля вогнішча.

Ён схіліўся і разрэзаў нажом путы.

Я ўстаў, разьмяў здранцвелыя рукі і ногі, моўчкі накіраваўся ў гушчар. Хацеў да вечара ўвабраць у сябе ўсе дзівы якія шчодра раздаваў Сад.

XXІV

Я назіраў за птушкамі, каштаваў плады, якія яны елі, піў смачную ваду з крыніц, сачыў куды бягуць ручаі, дзівіўся прыгажосьці натуральнага возера. Думка, што заўтра гэтага нічога для мяне ня будзе прыгнятала і скоўвала волю. Мне было сябе шкада! Самае непрыемнае, што пазбавіць сябе радасьці адкрытага новага жыцьця павінен я сам. А я так імкнуўся да сваёй мэты, я знайшоў Шлях, здолеў прайсьці па ім, а, насамрэч — усе выпрабаваньні вялі да таго, каб я сам асабіста адмовіўся ад сябе!

Хіба нельга вярнуцца назад? Не можа быць, каб не было дарогі ў падзямельле. Зноў пачну жыць разам са сваім народам, буду разам зь ім пераносіць усе цяжкасьці жыцьця ў сутарэньнях…

Але мае развагі спыніла згадка пра жахлівыя словы Раншая, я ўспомніў пра мае сурокі. Цяпер я не чалавек, цяпер я ўпыр, моцасмок. Але ж я магу жыць спаміж ворагаў майго народу!

Пабег да пячоры з якой спусьціўся ў Сад. Пайшоў па сваіх сьлядах, што пакінуў дзень таму. Сьляды прывялі мяне да глухой скальнае сьцяны. На жоўтым пяску застаўся адбітак майго цела, было відаць, што я ўпаў на пясок зь невялікай вышыні, як быццам перад тым узьнік у паветры. Само паветра над гэтым месцам было нібыта «жывое», прыкладна, такім, як бывае над гарачай лямпай. Але паветра не было гарачым. Ледзьве заўважнае празрыстае трымценьне вымалёўвала «Нябесную Браму», але самой Брамы там быццам і не было.