Я ціхутка абышоў жабалюдзіну, пасьпеў заўважыць, як вялізная пунсовая зрэнка, пільнуючы мяне, закацілася пад лоб.
Нэрвы ня вытрымалі, я пабег. Скура сьпіны, мэрам адна вялікая вушная перапонка, улоўлівала ўсе шоргаты, якія ствараліся за мной. Вартаўнік у такт маіх крокаў падскокваў з рознай амплітудай. Здавалася, узьнімаўся і накіроўваў у мой бок рулю стрэльбы.
Я зразумеў, што ён кепска бачыць, але добра чуе.
— Стой, мурло!
Я наляцеў на нехлямяжа замаскаваную, звараную з жалезных прутоў сьпіральную лесьвіцу.
Хутчэй! Угору!
— Мурло! Мурло!! Прысуд! Мурло!
Шэра-зялёная невялічкая ракета пратрубіла над маёй галявой і ўтыркнулася ў столь за два мэтры ад мяне. Я ўпаў на жалезныя прыступкі. Але ракета пакуль ня думала разрывацца: яна думала зваліцца! Трохі павісеўшы, хіснулася і пляснулася на лесьвіцу. Дзікі выбух… звон. Ракета хіснулася туды-сюды і спачатку марудна, а потым хутчэй і хутчэй забразгатала па прыступках — проста на мяне. Я, нібы кот, адразу рукамі і нагамі адштурхнуўся ад стальных прутоў. Ракета пакацілася далей. На ніжэйшай прыступцы яна закруцілася, плюючыся дымам, і раптам вухнула.
Жабалюдзіна — апошні вартаўнік забытай д’яблам і людзьмі турмы, упаў галавой на падлогу. Яго накрыла хваля чорнага паветра.
Калі дым разьвеяўся, я заўважыў, што жабалюдзіна, дзіка кашляючы перазараджае стрэльбу. Я ня стаў чакаць, калі пачвара завершыць сваю апэрацыю, і падняўся вышэй, на новы ўзровень.
ІІІ
Калідор.
Простакутная кішка!
І людзі, жыхары яе — душы ў іх вузкія, сьлізкія і роўныя, быццам плоскія глісты.
Бэтонная шэрань на скуры, такі ж самы бэтонна-непрабівальны выраз твару. І размаўлялі, здавалася, не з дапамогай зьвязак, а — схаванай у горле жалезнай арматурай. Ж-жжжж-вібра-цыя!
Нарэшце я зь сельскай мясцовасьці трапіў у горад.
Перад адкрытай Брамай мяне з ног да галявы асьвятліў аранжавы прамень.
— Небясьпечных захворваньняў няма, грошай няма, можа працаваць, — пачулася дзесьці ў сьцяне.
Потым пачуўся працяжны позех.
Я бесьперашкодна прайшоў у горад. Места было тыповае, як раз такое, пра якое я чуў — чатыры тунэлі па прастакутным пэрымэтры, два асобныя, шырэйшыя, — пэрпэндыкулярна перакрыжоўваліся ў прасторным квадратным памяшканьні — гэты была галоўная кірмашовая плошча.
Мае ўласныя біярытмы патрабавалі сну. А страўнік ежы.
Я падышоў да лаўкі.
Лысы дзядок з даўно няголенымі шчакамі і вузкім хітрым позіркам гандляваў землянымі арэхамі, вырашчанымі ў выбаінах бэтон, ці плястыкавых нішах.
— Можаце прадаць жменю?
— Тры рутобы.
— Што?
— Грошы.
Я ведаў, што ў гарадах ежу даюць за нейкія круглякі, але ніколі ня бачыў іх. Там, дзе я жыў, усё было агульным, а гандлявалі толькі за гадзіны працы.
— Праца.
Па маёй гаворцы, якая вымовай адрозьнівалася ад іхняй, ён зразумеў, адкуль я.
— Добра, — сказаў ён. — Праца. Пойдзеш на той край плошчы, убачыш чорную бабу, якая таксама гандлюе арэхамі. Перакулі яе кашы… патапчы. Я табе дам жменю.
— Вы нясеце адказнасьць за тое што я зраблю.
— Так, так, вядома… — ён нахіліўся да мяне і зашаптаў: — Яна вядзьмарка. Яе арэхі замоўленыя. У людзей ад іх пухнуць жываты. Але ўсё роўна купляюць у яе!
Я пабег, куды паказваў дзядок, хутка адшукаў старую гандлярку, незважаючы на лямант, раскідаў яе тавар, патаптаў, пайшоў за платай. Але празь дзесяць крокаў капронавае ласо здушыла мне горла.
— Гэта ён! — вішчала чорная баба.
Два бамбізы ў карычневых каптурах зьвязалі мяне і прывалаклі ў простакутны пакой.
Там на алюміневым, абцягнутым матэрыяй крэсьле сядзеў худы, як бамбук, дзядзька і паліў сьмярдзючую люльку.
— Што здарылася, — спытаў ён, з асалодай наліваючыся пачуцьцём улады.
— А-ааа! Паночку! Ратуй! Дапамажы! А-аа! Гэты мярзотнік усе мае арэхі, усю маю бульбу, гуркі, мой тавар сапсаваў…
— Яна мела толькі арэхі… І гэта ня я рабіў. Я прадаў сваю працу, — з гонарам сказаў я.
— Ты зь нізу?
— Так.
— Як клічуць?
— Даль… Даляшорзах Ін-Йорм.
– І каму ты прадаўся?
— Я шчыра прадаў сваю працу старому чалавеку, які таксама гандлюе арэхамі.
Худы кіўнуў бамбізам. Яны паставілі мяне ў кут і борзда выбеглі за дзьверы.
— Ты не ў сябе дома, у нас за вашыя звычкі забіваюць, — худы праз карычневыя, як яго каптур, зубы выціснуў хмару чорнага смуроду. Кручкаваты погляд, здавалася, драпаў маю шыю.
Праз пэўны час бамбізы зьявіліся зноў.
— На рынку такімі арэхамі гандлююць яшчэ адна старая і малы хлапец. Ніхто зь іх пра дзядка ня чуў… Ён хлусіць.
— Не, гэта ідыёт з самага нізу, ён хлусіць ня ўмее. А вы, спадарыня, — зьвярнуўся да чорнай бабы, — ідзеце дамоў ці гандлюйце, чым засталося. Калі знойдзем таго дзядка, дык ён вам заплаціць. А ідыёта за тое, што ён ідыёт, мы ўстырнем.
Чорная баба ўся ў сьлязах, праклінаючы мяне, выйшла з пакою.
Я не разумеў, чаму яна на мяне ўзьелася, вінаваты быў дзядок, а ня я… Я ж быў толькі яго існтрумэнтам? Рыдлёўку ж ня судзяць, калі ёю ўдарылі чалавека! Калі маральныя перакананьні яе народа дазваляюць заказваць такую працу, якую прапанаваў мне дзядок, то значыцца я паступаў правільна.
Аднак худы ня стаў мяне слухаць, два бамбізы адвалаклі мяне ў глухую кельлю.
Там мне прынесьлі падобную да плястыкавага пюрэ, кашу. Трэба сказаць, што яна насамрэч была даволі пажыўнай.
— Паеш, каб каленкі не падкасіліся, — зарагаталі бамбізы.
Мне разьвязалі лішнія вяроўкі — пакінулі толькі на руках. Замкнулі жалезныя дзьверы.
Нарэшце я мог нядрэнна выспацца.