Выбрать главу

Белапеніліся, мацней шапталіся марскія хвалі. А маленькая дзяўчынка сядзела ля іх, на самым краі і быццам не заўважала, што мора падступаецца ўсё бліжэй і бліжэй. Прыклаўшы да вуха ракавінку, яна слухала музыку вечнасці і нічога, нікога яна не баялася. Ёй не было страшна, бо яна, шчаслівая, несла ў сабе дотык ягоных чуйных, лёгкіх, уладарных далоняў. Яна створана была... Не, не з пяску, а з гэтых дотыкаў...

Богу роўным здаецца мне той, Хто зараз так блізка стаіць ля цябе, Хто чуе твой голас. І смех. Каб я была побач з табою, Знямела б...

Гэтыя радкі Сапфо перажылі больш за два з паловаю тысячагоддзі. І ўсе гэтыя гады яны немым плачам пульсуюць у душах тых, хто спазнаў таямніцу з таямніц зямнога быцця, у каго хоць раз у жыцці стала сілы разгарнуць свае крылы і ўзляцець... Скрозь аблокі, да сонца, і паглядам, дотыкам расчуленай душы запаліць у касмічнай глыбіні новую, сваю зорку. Без гэтага не можа быць Вечнасці. Без гэтага нашае жыццё не мае ніякага сэнсу...

ЗАГАДКА ЛЕАНАРДА

Дыялог праз люстэрка

— І бачу я: дрэвы і кусты вялікіх лясоў пераўтворацца ў попел... Дрэвы і кусты вялікіх лясоў ператворацца ў попел...

Колькі разоў трэба паўтарыць гэтую загадку, каб нарэшце наяве ўбачыць: дрэвы — гэта дровы. Дрэвы-дровы... Па-беларуску ўсяго адна літара. Леанарда ад гэтае слоўнае фантасмагоніі прыйшоў бы ў захапленне і абавязкова вывучыў беларускую мову. Мову, у якой ёсць гэткі просты таемны код да разгадкі. Ён абавязкова вывучыў бы беларускую мову, якая па меладычнасці не саступае яго роднай італьянскай.

Дрэвы-дровы... Адна літара і вялікае, глабальнае, касмічнае (ахопленыя полымем дрэвы так убачыш хіба што з касмічнай вышыні) ператвараецца ў малое, мізэрнае — у попел, які можна ўзяць на далонь, дзьмухнуць — і ён разляціцца, ператворыцца ў нішто.

Хтосьці, назіраючы за пульсуючымі, мігатлівымі вугельчыкамі ў печы, бачыць у аксамітным паўзмроку яе ўлоння зорнае неба, космас. А нехта, гледзячы туды, як Леанарда, усведамляе, што там, у печы, дагарае лес, дрэвы, кусты вялікіх лясоў... Дрэвы-дровы. Усяго адна літара... І глабальнае пераўтварэнне.

... З гэтымі думкамі я падыйшла да люстэрка. Яшчэ мокрыя ад дажджу мае валасы цяпер кучаравіліся яшчэ мацней, чым зранку. Цяпер зразумела, чаму сёння адзін з вучняў, калі я паказвала “Мону Лізу”, спытаў: “А Вам ніхто не казаў, што Вы да шаленства падобная на Мону Лізу, на Джаконду?”

“Не... Вы будзеце першы, “ — разгубіўся я. І гэтая разгубленасць дасюль рэхам стыне ў маіх вачах...

А што, калі гэтыя мае кучарашкі прымацаваць як бараду. Вось так... Вадаспадам...

У паўзмроку з залюстроўя на мяне раптам зірнула ўжо не Джаконда, на мяне зірнуў сам Леанарда. Не разгубленасць, ніякаватасць, а лёгкая іронія іскрылася ў ягоных зрэнках. Чыста мужчынскі рацыяналізм і скепсіс... Розум аналізуе. Душа сінтэзуе. Вобраз нараджаецца не ў галаве, у сэрцы. І душа пераўтварае яго ў рэальнасць, акрыляе яго...

Якія дзіўныя бываюць супадзенні. Той мой вучань, які ўбачыў ува мне Джаконду, можа, на сёння адзін з самых таленавітых на Беларусі юных скульптараў, цяпер, у нашым стагоддзі амаль дакладна паўтарае лёс Леанарда. Яго, як і калісьці геніяльнага Леанарда, кінула маці. І ён не ведае, дзе зараз яна блукае. І ці блукае ўвогуле...

Адзін з даследчыкаў творчасці Леанарда знайшоў запіску, дзе была ўсяго адна фраза: “Сёння памерла Кацярына”. Лічыцца, што гэта ён пра маці, сваю маці, якую не бачыў шмат гадоў. Эпоха Адраджэння, якая падарыла свету ўзоры бездакорнага ўзнёслага гуманізму, наяве была і жорсткаю, і крываваю.