І маленькі чалавечак працягнуў дзядзьку язэпу сваю ручку-лапку. Вільготную і халодную. Але дзядзька Язэп разумеў, што ён не можа, не мае права гідзіцца, бо і гэтага чалавечка з круглымі вочкамі без зрэнак, і гэтую вільготную халодную ручку-лапку ён сам прыдумаў. Намаляваў і пакінуў на ўспамін пра сябе на адно йса сваіх карцін.
За парогам замка іх чакала прахалода. Плынь сонечнага святла, праходзячы праз затканыя рознакаляровымі вітражамі спічастыя вокны, пераўтваралася ў дзівоснае вясёлкавае ззянне, дываном клалася пад ногі. А далей быў яшчэ адзін выхад. З узвышша, на якім стаяў замак, адкрываўся дзівосны, незямны краявід.
З аднаго боку, сярод лясоў бялелі прыгожыя, дасканалыя. Падобныя на старажытнагрэчаскія храмы збудаванні з калонамі, з другога — узвышаліся вострыя, як іклы, вежы...
— Дзе ты спачатку хочаш пажыць, — не выпускаючы рукі дзядзькі Язэпа, ціха спытаў у яго маленькі чалавечак, — у сваім Артаполісе — горадзе мастацтва, ці ў Трывежы? І там, і там цябе чакаюць. Ты мусіш абжыць свет сваёй Мары. Працы хопіць табе на Вечнасць, на цэлую Вечнасць. Тут, у гэтай прасторы няма часу, дакладней, ніхто яго не адчувае. І ты не будзеш яго адчуваць. А ўсё, што здзейсніш тут, у гэтай прасторы, у гэтым вымярэнні, потым здзейсніцца на тых планетах, якімі ты мроіў у сваіх творах, у сваіх “Нябесных бегах”.
Дзядзька язэп маўчаў, зніякавеўшы ад грандыёзнасці жывой карціны свайго стварэння.
— Не хвалюйся. Я буду дапамагаць табе, — дадаў малы чалавечак.
— А як цябе зваць? — нахіліўся да свайго спадарожінка дзядзька Язэп і ўздыхнуў.
— Эп, заві мяне проста Эп. Так табе будзе прасцей. Я ж тваё стварэнне, — адказаў з усмешкаю, самаю прыемнаю, на якуюбыў здольны, чалавечак і ўважліва паглядзеў на дзядзьку Язэпа. — але я ведаю, пра што ты хочаш у мяне спытаць... Там, далей, за даляглядам ёсць яшчэ твая Беларусь, такая, якою ты яе маляваў. З рэшткамі замкаў, палацаў, храмаў, якія ты можаш адбудаваць, з кнігамі, якія друкуе твой скарына, з вогненнай “Пагоняй”, што ляціць над лугам, затканым рознакаляровымі кветкамі, якія ты столькі разоў маляваў на дыванах.
Цяпер уздыхнуў Эп, памаўчаў, а потым ціха дадаў:
—Ты можаш ісці туды. Але там у цябе будзе няшмат памочнікаў. І я... Я не пайду з табою. Ты ўсё мусіш рабіць там сам.
Дзядзька язэп адпусціў Эпаву руку, паправіў сівую чупрыну, прыгладзіў бараду. Ён ажывіўся. Ягоныя вочы засвяціліся. І нават усмешка з’явілася, заіграла ў ягоных сівых вусах:
— Калі я правільна цябе зразумеў, наяве, там на Зямлі, Беларусь стане такой, якою я зраблю яе тут?
— Так, але гэта адбудзецца пры адной умове. Калі цябе, твае творы будуць памятаць на тваёй радзіме, на тваёй Бацькаўшчыне, да той пары, пакуль ты будзеш аднаўляць тут сваю Беларусь.
— Што ж, на жывой Беларусі ў многіх вёсках засталіся мае маляваныя дываны з чароўнымі замкамі, за якія мне давалі паесці, недзе там блукаюць і мае карціны, тыя, што ажылі тут, у краіне Мары. Яшчэ засталіся мае дзённікі, некалькі драўляных скульптур, шмат графічных твораў...
— Дык ты не хочаш абжываць іншыя планеты? Ты кідаеш мяне? — горка ўздыхнуў Эп.
— Спачатку я мушу ўпарадкаваць сваю Беларусь, адбудаваць яе замкі, палацы і храмы, навучыць сваіх землякоў не толькі гаварыць, але і мысліць на мове нашай зямлі, сугучна з шэптам яе лясоў, траваў і кветак. А потым вярнуся сюды, да цябе. У мяне ж наперадзе Вечнасць. — супакоіў Эпа дзядзька Язэп і пагладзіў таго па зморшчанай ручцы-лапцы.
— Ты. Праўда, потым вернешся сюды? Ты хочаш абжыць і маю планету? — павесялеў Эп.
— Я змушаны буду вярнуцца. Гэта ж таксама мой свет. Свет маёй Мары. Але спачатку я ўпарадкую сваю Беларусь.
— Добра. Тады я дапамагу табе. Я зраблю так,каб усе, хто жыве на Беларусі. Заўжды памяталі пра цябе, заўжды бачылі цябе... За тое, што ты першым пачаў абжываць Космас, ты штоноч будзеш з’яўляцца на небе, такім, якім ты сам намаляваў сябе ў зорным небе...
* * *
... У чаканні зорападу мы ўглядаліся ў глыбіню аксамітнага жнівеньскага неба. Зорка міргнула і, чыркнуўшы, як запалка, блакітным агнём, імкліва скацілася за далягляд. Млечны шлях стаўся сівабародым старым.