Выбрать главу

З хваляваннем, не, маё хваляванне адразу сталася трывогай, жахам, з трывогай і жахам я зноў падыйшла да ракі, зайшла ў ваду. Нахінулася, прыгледзелася і... патанула ў сваім адбітку, у імклівай плыні часу.

... — Група крыві! Якая ў яе група крыві?! — даляцела да мяне аднекуль зверху.

І я чыста інстынктыўна адразу адрэагавала, азвалася:

— Першая! Чуеце, першая! — закрычала, як мне падалося, закрычала я на ўсю моц, так, што рэха аглушыла мяне. Але наяве мяне не пачулі. Бо, як потым казалі дактары, гэта быў нават не шэпт, а ўздых. Давялося сабраць усе свае сілы, вынырнуць, пераадольваючы зямное прыцягненне, узляцець, выбрацца з бяздоннага калодзежу часу.

— Першая!

Толькі цяпер яны, здаецца, мяне пачулі. Яны, гэтыя людзі ў белых халатах урэшце рэшт пачулі мой голас, мой крык, які наяве стаўся шэптам.

На твары маім ужо не было маскі з наркозам. І я, аблізнуўшы засмяглыя вусны, спыталася:

— А чаму ён не крычыць?

І акушорка з усяе сілы ляпнула малога па кволенькаму заду.

— Ай! — азваўся мой сын, мой першынец, — Ай! Ай!

Мы ж з ім так і не паспелі сцерці, затаптаць малюнак.

Там, у глыбіні, па той бок калодзежу часу, ля ракі, на вільготным, нагрэтым сонцам пяску засталіся нашыя з сынам сляды, застаўся мой профіль. І сонечны знак. Я паспела намаляваць яго дзеля перасцярогі. Ці можа гэта зрабіў мой сын... Кружок з кропачкай. Пуп сусвету. Зярнятка. Дзіцятка ў космасе майго цела.

ПРЫГОЖАЯ ПРЫЙШЛА

Тры каханні Неферціці

— Вы, праўда, плылі на тым самым “Тытыніку”?

Маё пытанне-прыдыханне накалолася на востры скептычны позірк. Вочы пані Магды дыхнулі сцюдзёнай прахалодай. Цяпер між намі нават не лёд, які можна растапіць, а шкло.

— А што Вас так дзівіць? — паціснула яна плячыма, — Там шмат было малых дзяцей. І потым... у мяне застаўся дзённік маёй маці. Калі хочаце, я дам Вам яго пачытаць. Толькі пры адной умове. Вы не дазволіце сабе нават падумаць, што мая маці вар’ятка. Я вам давяраю. І потым, мне хацелася б камусьці перадаць яе таямніцу. А ў мяне наўрад ці калі яшчэ будзе пакаёўка з журналісцкай адукацыяй.

— Адкуль вы ведаеце пра маю адукацыю?! — здзівілася я, — Я ж ва ўсіх паперах праходзіла, як настаўніца...

— Няўжо Вы думаеце, што такая заможная дама, як я, магла пусціць да сябе ў дом чалавека, пра якога не ведала б усё да драбніц? У нас безліч сумленных агентаў. Але не зважаючы на гэты маленькі падман, я палічыла магчымым даверыцца Вам. Вы ж , урэшце рэшт не вінаватая, што газета, у якой шмат гадоў працавалі, зачынілася, і Вам давялося пайсці выкладаць у школу. А калі Вы зразумелі, што грошай не хапае, выправіліся ў Польшчу, у заробкі. Усё разумна. Вам не выпадала прызнавацца, што маеце журналісцкі вопыт. З ім Вас наўрад ці хто захацеў бы прымаць у пакаёўкі. А мне Вы патрэбная. Вам я хачу даверыць мамін дзённік... Там...

“... Самаю геніяльнаю фразай, якую я пачула ад свайго трэццяга мужа, была ўчарашняя, сказаная за сталом у рэстарацыі, так, каб яе пачулі: “Я археолаг. І да сваёй жонкі стаўлюся адпаведна. Чым яна старэйшая, тым большую каштоўнасць уяўляе.” Геніяльна, ці не так? Ды яшчэ, калі ўсведамляеш, што ты, тая самая жонка, амаль на дваццаць гадоў за яго старэйшая. Жыццёвы вопыт — вялікая справа. Але я з самага маленства такая. Усё бачу, усё чую. Усё адчуваю. Асабліва, калі гэта датычыць тых, каго кахаю ці кахала... І я, нічога не магу зрабіць, заўважыла і запомніла той выразны, палкі пагляд, які пасля вячэры, на адыход, пакінуў мой муж кучаравенькай танклявай спадарожніцы амерыканскага банкіра, з якім ён цяпер вядзе перамовы наконт фінансавання сваіх раскопак у Егіпце.

Гэтай зімю ў Эль-Амарне іхняя экспедыцыя адшукала цэлую скульптурную майстэрню, калі не памыляюся, майстра, які працаваў там, звалі Тутмас. Муж кажа, што гэта першае з вядомых у гісторыі сусветнага мастацтва імя скульптара. Там, у майстэрні, было шмат розных работ. У тым ліку некалькі выяў жанчыны — царыца, якая, так кажуць вучоныя, у новым ХХ стагоддзі можа набыць сусветную вядомасць. Адзін з яе бюстаў стаіць зараз у мяне на стале, мы ўзялі яго с сабою, яна, як і мы, плыве ў Амерыку. Даўгая выцягнутая шыя, крыху скуласты, вельмі выразны твар, бровы-крылы, задумлівыя вочы... Дакладней, вока. Другое скульптар не дамаляваў. Толькі пазначыў. Ён, як і ўсе егіпцяне, баяўся, каб душа царыцы—“ка” не выйшла з яе жывога цела і не перасялілася ў бюст. Невядома, што сталася б тады з царыцай. На адным з бюстаў быў надпіс: Неферціці. Прыгожая прыйшла. Так перакладаецца яе імя. Выявы гэтай царыцы, як кажуць археолагі, сустараліся і раней, у рэльефах, роспісах. Але імя было выразна напісана толькі на адным з бюстаў, на тым, дзе ў Неферціці на галоаве высокі царскі галаўны ўбор — ціяра. На бюсце, які мы ўзялі з сабою ў Амерыку, ціяры няма, толькі выступ, на які яна мусіла мацавацца. Можа, скульптар не паспеў яе зрабіць, а, можа, яе адбілі нейкія варвары. І афарбоўка твару ледзь праглядае. Неферціці. Прыгожая прыйшла. Цяпер вучоный расшыфравалі шмат надпісаў. І ведаюць, што яна была жонкаю фараона Аменхатэпа ІУ, таго самага, які назваў сябе Эхнатонам (Атон — значыць “сонца”) і, кажуць, распачаў вялікія пераўтварэнні.