Выбрать главу

Я зірнуў на Піліпа Макаравіча.

— Піліп Макаравіч, у гэтай хатцы на курыных лапах, падобнай на кола, ёсць хто-небудзь?

Піліп Макаравіч патаптаўся каля хаткі.

— Дзверцаў не знаходжу. Але ж павінны быць. Тонкая работа.

— Дык ёсць хто-небудзь там?

— Баішся, што выскачыць? — пытаецца Васіль.

— Ты не баішся? — агрызнуўся я. — Камбайн, камбайн… Язык прыкусіў бы. Камбайн у лесе жне і малоціць…

— Я… Я… Я толькі падумаў,— пеўнем падскочыў да мяне Васіль. — А ты… Ты… Ты нават падысці баішся.

— Годзе сварыцца, — сказаў Піліп Макаравіч. — Гэта лятальны апарат. Відаць, хтосьці сядзеў у ім.

Я падышоў бліжэй.

— Цяпер нікога няма?

— Калі б быў, то проста так не пазіраў бы. Альбо вылез бы, альбо ўгору ўзняўся б.

— Давайце забяром яго з сабою, — загарэўся Васіль. — Усё роўна гаспадара няма.

Піліп Макаравіч аж прысеў.

— Каго з сабою забяром?

— Не каго, а што. Гэты лятальны апарат. Прыдумаў Васіль! Сказаць лёгка, ды зрабіць цяжка.

Яго ж трэба каціць. Прыдумаў!.. На ўсё ёсць мера.

— Хочаш з сабою забраць? — падышоў да Васіля Піліп Макаравіч.

— Угу. Шкада ў лесе пакідаць. Калі малыя знойдуць, то па вінціках разнясуць.

— У рукзак пакладзеш? — усміхнуўся Піліп Макаравіч.

— Сядзем у кабіну і паляцім.

— Трэба спярша туды залезці.

— Як-небудзь залезем. Дамо рады. Не хвалюйцеся.

— Сядзеш у кабіну, крутнеш якое-небудзь колца і ў трыдзевятым царстве апынешся? — засмяяўся я.

Васіль нечакана:

— Здагадаўся! Ура! Здагадаўся! Гэта ж Чорная Накідка прыляцеў. Ягоная машына.

Я ўздыхнуў. Вядома, Чорная Накідка прыляцеў на гэтым лятальным апараце. І як гэта Васіль здагадаўся? Чаму не я? Зусім забыўся, што Чорная Накідка па лесе блукае. То пра адно гаварылі, то пра другое. Хто ж такі Чорная Накідка? Няўжо іншапланецянін? А можа, шпіён?

— Піліп Макаравіч, — усхвалявана прагаварыў я, — давайце схаваемся і папільнуем. Чорная Накідка прыйдзе, а мы выскачым і зловім яго. Ен нам усё-ўсё раскажа.

— Схопім?

Мне здалося, што Піліп Макаравіч спалохаўся.

— Схопім як міленькага. Не бойцеся. Хіба вы яго не пакоціце? Вы нават рукзак на галаве ўмееце насіць.

Піліп Макаравіч глядзеў на нас і моргаў вачыма.

— Хлопцы, анічога не разумею. Хто такі Чорная Накідка?

Мы з Васілём, перапыняючы адзін аднаго, сталі расказваць, як сустрэлі ў лесе незнаёмага, як ён хаваўся ад нас, як пасля трымаўся за асінку, як сек яе, як пабег разам з ёю. Аніразу не перапыніў Піліп Макаравіч. Слухаў, нібы цікавую казку.

— Трэба дапамагчы яму, — сказаў нарэшце Піліп Макаравіч.

— Дапамагчы? — здзівіўся Васіль.

— Так, хлопцы. Ен жа з асінкаю пабег. Трэба выбавіць яго!

— А калі і вы прыліпнеце? — прамовіў я. — Тая асінка незвычайная.

— Звычайная. Як усе дрэвы, як усе асінкі. Я вінаваты, што той чалавек прыліп.

— Вы вінаватыя? — усклікнулі мы з Васілём у адзін голас.

— Есць у мяне клей. Вы, мабыць, не ведаеце, што самы трывалы клей знаходзіцца ў моры. Яго выдзяляюць мідзіі — двухстворкавыя малюскі. Гэты клей незвычайнай трываласці. І я прыдумаў падобны. Калі дакрануцца хоць да адзінай кропелькі майго клею, то, як ні рвіся, не адарвешся. Спатрэбіўся мне ў лесе клей. Відаць, трапіла кропелька на ствалок асінкі. І собіла ж Чорнай Накідцы дакрануцца да яе!

Яшчэ адну таямніцу разгадалі. Няма казачных асінак. Няма і не будзе. Есць клей, падобны на казачны. Многае можа стварыць чалавек.

— Піліп Макаравіч, як вы адлепіце руку Чорнай Накідкі? — пацікавіўся я.

— Акрамя клею ёсць у мяне спецыяльная вадкасць. Пырснеш на клей — і няма былой трываласці. Без гэтай вадкасці што было б? Людзям нашкодзіў бы.

Што і казаць, нашкодзіў бы, калі б такой вадкасці не было. Хтосьці рукавом прыліп — прыйшлося б рукаў адрэзваць, пінжак псаваць, хтосьці сеў бы на кропельку. І што? Без штаноў дамоў яму бегчы? Лепей не думаць пра такое. Гэткае ў свеце рабілася б, што не апісаць.

— Піліп Макаравіч, вазьміце і нас з сабою, — папрасіў я. — Калі Чорная Накідка стане ўцякаць, то мы дагонім.

— Не след яго палохаць. Тут застаньцеся.

Не хацелася мне заставацца каля лятальнага апарата, падобнага на курыную хатку. А што, калі хто-небудзь сядзіць там? Мы ж не правяралі. Выскачыць, схопіць і папрэ немаведама куды. А мне хочацца па сваім лесе хадзіць, у сваёй вёсцы жыць. У сваёй вёсцы і дарослыя, якіх даўно ведаеш, і аднакласнікі. З аднакласнікамі сёння пасварышся, а заўтра памірышся. Там жа, куды завязуць, мабыць, кожнаму прыйдзецца дагаджаць. Што, калі там яшчэ рабства? Рабства — гэта не мёд. Канешне, кожны з вас чытаў, як у старажытным Рыме арыстакраты прымушалі рабоў-гладыятараў з мячамі ў руках адзін з адным біцца. Цешылі рабы-гладыятары арыстакратаў. А калі і нас з Васілём гладыятарамі зробяць? Крыху павучаць, дадуць мячы і загадаюць: «Антон, змагайся з Васілём, пацеш нас». На Васіля я ніколі меч не падыму…

— Вазьміце, — папрасіў я ў другі раз. Здагадаўся Піліп Макаравіч, што баімся заставацца адны.

— Хлопцы, не бойцеся. Схавайцеся ў кусты. Далёка адыходзіцца я не буду.

Васіль як на злосць:

— Мы застанемся. Мы згодныя.

— Не бойцеся, — сказаў Піліп Макаравіч і няспешна падаўся ў лес.

А мы з Васілём палезлі ў лазняк, які рос непадалёку. Як кажуць, на сваёй старане і куст родны. Што ж, хавай нас, зялёны лазовы куст. Невядома, што чакае наперадзе.

Сакс

Амаль паўгадзіны мы з Васілём, нібы мышы, сядзелі ў кустах. На наша шчасце, з лятальнага апарата ніхто не вылез. Нідзе нават сучок не трэснуў.

А пасля мы ўбачылі Піліпа Макаравіча. І што самае дзіўнае? Побач з ім ішоў Чорная Накідка.

— Чорная Накідка! — таўхануў я локцем Васіля.

— Без асінкі ідзе, — азваўся Васіль. — Адляпіў яго Піліп Макаравіч.

— Гукні, папярэдзь, што ў Чорнай Накідкі нож. Васіль прыўстаў.

— Эй!

А Піліп Макаравіч:

— Хлопцы, вылазьце. Я зірнуў на Васіля.

— Вылазіць ці не?

— Вылезем. З Піліпам Макаравічам не страшна. Мы высунуліся з куста. Пазіраем, як два палахлівыя зайцы.

— Не бойцеся яго, — паказаў на Чорную Накідку Піліп Макаравіч. — Гэта іншапланецянін. Ен добры. Я яму пра вас расказаў.

Іншапланецянін! Вось дык навіна! Даўно я марыў сустрэцца з іншапланецянінам. Але не такой уяўляў сустрэчу. Думаў, што ўбачу дзе-небудзь на вялікай плошчы… Воклічы «ўра!», абдымкі, пацалункі, мора кветак… А выйшла як? Ні воклічаў, ні абдымкаў, нібы так і трэба, нібы іншапланецяне прылятаюць да нас у соты ці тысячны раз.

— Ен добры. Не бойцеся, — паўтарыў Піліп Макаравіч.

— Чаму ён хаваўся ад нас, калі такі добры? — прамовіў Васіль.

— Спалохаўся. У страху, самі ведаеце, вочы вялікія.

— Гэта ягоная машына?

— Не машына, а лятальны апарат «Альбатрос», — сказаў Піліп Макаравіч. — На «Альбатросе» ён да нас і прыляцеў.

— Адкуль прыляцеў? З якой планеты?

— Чулі пра Тунгускі метэарыт?

Канешне, чулі. І ў школе нам не раз расказвалі, што 30 чэрвеня 1908 года над сібірскай тайгой непадалёку ад ракі Падкаменная Тунгуска штосьці ўзарвалася. «Загадкавы выбух», — так пісалі і пішуць у газетах. Паветраная хваля ад выбуху абляцела ўвесь зямны шар, парушылася магнітнае поле планеты, у многіх краінах зафіксавалі «светлыя ночы». І самае цікавае: на месцы выбуху не знойдзена аніякіх слядоў віноўніка катастрофы. Адны вучоныя лічаць, што ўзарвалася лятаючая талерка, другія пішуць, што камета, трэція даказваюць, што метэарыт. Горы паперы спісалі, а ўсё спрачаюцца.

— Пра Тунгускі метэарыт мы не толькі чулі, але і чыталі,— пахваліўся я.

А Васіль:

— Чаму пытаецеся?