Выбрать главу

— Чалавек, якога вы называеце Чорнай Накідкай, з планеты Сіз, — сказаў Піліп Макаравіч.

З планеты Сіз… А пры чым тут Тунгускі метэарыт? Няўжо Піліп Макаравіч хоча сказаць, што іншапланецянін на Тунгускім метэарыце да нас спусціўся?

— Хм, — хмыкнуў Васіль. — Сіз…

— Дзіўная назва? — басам прагаварыў Чорная Накідка.

Я глядзеў на яго, як вы глядзелі б на рыбу, выцягнутую з вады, якая раптам загаварыла.

Я неўпрыкметкі зірнуў на Васіля. А ён стаіць адкрыўшы рот, губамі бязгучна перабірае.

— Вы нашу мову спецыяльна вывучалі ці змалку ведаеце? — выдыхнуў Васіль.

— На нашай планеце ўсе гавораць, як і вы. А чаму так, я і сам не ведаю. Гэтак і нашы прадзеды гаварылі.

Вы не здагадваліся, што існуе планета Сіз. А мы пра вас усё ведаем. У нас ёсць прыборы, якія ловяць вашы галасы, перадаюць вашу размову. Праўда, так бывае адзін раз у дзесяць год, калі наша планета найбольш набліжаецца да вашай. Роўна тыдзень мы можам чуць, што на Зямлі адбываецца.

— Дык цяпер ваша планета найбольш наблізілася да Зямлі? — скумекаў Васіль.

— Але, — кіўнуў галавою іншапланецянін.

— Кожны жыхар планеты Сіз можа паслухаць, пра што мы гаворым? — падаў я свой голас.

— Толькі валадар і яшчэ некалькі блізкіх яму людзей.

Няўжо я сплю? Здаецца, не. Валадар… Дзіўна. У іх ёсць свой валадар. Што ж там за парадкі? Валадар… А гэты хто? Памагаты валадара? Няйначай, нейкі міністр. Пашчасціла нам з Васілём! З міністрам размаўляем! З міністрам, які прыляцеў з іншай планеты. Пашанцавала… А чаго ж ён прыляцеў да нас? Няўжо са службы выгналі? Напэўна, так. Выгналі… Што ж будзе? Няўжо пачне прасіць, каб дазволілі ў нашай вёсцы пажыць? Ну, дазволім. А што далей? Кватэру калгас выдзеліць, на работу стане хадзіць. Відаць, трактар дадуць. У тэхніцы ён разбіраецца. Вунь на якім вялікім коле здолеў прыляцець. Але ці захоча на трактары працаваць? Усё-ткі міністр.

— Як ты думаеш: міністру ў нашым калгасе работу дадуць? — шэптам пытаюся ў Васіля.

— Якому міністру?

— Гэтаму. Які да нас прыляцеў.

— Я не старшыня калгаса, — як адрэзаў Васіль.

— Перш чым на работу запрашаць, пазнаёміліся б з госцем, — пачуў мой шэпт Піліп Макаравіч.

— Антон, — гучна сказаў я.

— Васіль, — яшчэ гучней прагаварыў мой сябар.

— Сакс, — сказаў іншапланецянін. Мне здалося, што я недачуў.

— Як? — наставіў вуха.

— Сакс.

— Сакс — гэта імя ці прозвішча?

— На нашай планеце ў людзей толькі імёны. Імёны дае валадар. Наша планета невялікая. Так што яму няцяжка.

— Чаму вас валадар назваў Саксам? — вылез наперад Васіль.

— У пустыні расце дрэва, якое называецца саксаул. Першыя чатыры літары назвы гэтага дрэва і ўтвараюць маё імя.

— Цікава, — прамовіў Васіль. — Вас зваць Сакс, а планета называецца Сіз.

— Есць слова «аазіс». Гэта куточак сярод пустыні, дзе ёсць дрэвы, вада, дзе птушкі пяюць, — цярпліва тлумачыў Сакс. — Прачытайце апошнія тры літары слова «аазіс» наадварот. Выйдзе — Сіз.

— А чаму ў вас такая дзіўная накідка? Чорная з белымі плямамі. Там усе такія носяць? — не даваў перадыхнуць Саксу Васіль.

— У нас накідкі носяць легіянеры і начальнік легіянераў — Курт.

— Чаму Курт?

— У пустыні водзіцца ядавіты павук — каракурт.

— Хм, каракурт, — хмыкнуў Васіль. — Бярэм чатыры апошнія літары і будзе — Курт?

— Курт.

Я думаў, што Васіль перастане пытацца. Куды там! Ен усё дапытваўся ў іншапланецяніна:

— Чаму на вашай накідцы белыя плямы? Саксу, відаць, гэта надакучыла, але ён цярпліва расказвае:

— На брушку павука каракурта ёсць трынаццаць плямінак белаватага альбо чырванаватага колеру. У легіянераў накідкі з трынаццаццю белымі плямамі, а ў іх начальніка Курта — з трынаццаццю чырвонымі. Трэба ж яму адрознівацца ад звычайных легіянераў.

— А як вашага валадара зваць?

— Карп. Ад слова «скарпіён». Адкіньце першую літару і тры апошнія. Выходзіць: Карп.

Дзіўна… Карп… Ад слова «скарпіён». Курт — каракурт… Дзіўна… Па шэрсці скаціне і мянушкі даюць.

— Вы, значыць, легіянер. Карп усім легіянерам дазваляў нас, зямлян, слухаць?

— Некаторым дазваляў. Я ахоўваў яго.

Стаіць Васіль, трэ лоб. Яшчэ хоча аб нечым запытацца… Не здагадаецца. Прычапіўся, як лопух да кажуха. Замучыць іншапланецяніна. Трэба і мне запытацца. Можа, тады Васіль адчэпіцца ад яго.

— Скажыце, скажыце… — пачаў я, не ведаючы, як звярнуцца да іншапланецяніна, ахоўніка самога валадара Карпа. Не назавеш жа яго дзядзька Сакс.

— Антон, называй мяне проста Сакс, — сказаў ён.

Я зноў глянуў на яго, як на рыбу, якая загаварыла. Антон… Незвычайна прагучала з ягоных вуснаў. Так мяне мама называе, сябры называюць. Ен жа хоць і не міністр, але, як відаць, таксама немалая шышка. Вы, напрыклад, што падумалі б, калі б раптам які-небудзь заакіянскі мільярдэр звярнуўся да вас, назваўшы Школам ці Кастусём?

— Антон, ты аб чым хацеў запытацца? — дакрануўся да майго пляча Сакс.

Я апусціў галаву.

— Скажыце… Скажыце, Сакс (як цяжка вымавіць гэтае слова!), ваша планета прыгожая? Вы казалі, што яе назва паходзіць ад слова «аазіс».

Хмурынка прабегла па твары Сакса. Няўжо яму так цяжка адказаць на маё пытанне? Васіль вунь колькі пытаўся! І Сакс адказваў яму без запінкі. Чаму ж ён цяпер маўчыць?

— Дык ваша планета прыгожая? — паўтарыў я пытанне.

Сакс падышоў да «Альбатроса», абапёрся спіною. Падумалася: што, калі зараз павернецца, ірване нябачныя дзверцы, ускочыць і паляціць? Скончыцца гэтая дзіўная гісторыя, падобная на сон. Нечакана пачалася і нечакана скончыцца…

Што ж рабіць? Трэба спыніць яго, папрасіць, каб не ўцякаў…

Я ступіў крок наперад. Сакс заўважыў, махнуў рукою, як бы загадваючы: «Стой!»

— Ці прыгожая наша планета? — нарэшце прамовіў ён. — Калісьці была сапраўдным аазісам. Як і ў вас, раслі лясы, у вёсках увесну пахла чаромхаю, бэзам, радаваліся жыццю, спявалі, пераклікаліся птушкі. У горадзе (ён адзін на нашай маленькай планеце) зелянелі скверы, гучаў смех. Сонца свяціла ласкава. Ды знайшоўся інжынер, якому здалося, што сонечнага цяпла на нашай планеце не хапае. На самай высокай гары ён паставіў гіганцкае павелічальнае шкло. Яму захацелася выкарыстаць усю-ўсю энергію Сонца. Але выйшла інакш. Трыццатага чэрвеня тысяча дзевяцьсот восьмага года, калі наша планета, як і сёння, найбольш наблізілася да вашай планеты Зямля, магутны выбух скалануў паветра. Планету Сіз нібыта нябачная магутная рука тарганула. Тая гара, на якой стаяла павелічальнае шкло, адкалолася і, асвятляючы сабе дарогу полымем, з дзікім свістам паляцела ўніз.

Калі ж гэта было? Сакс сказаў, што 30 чэрвеня 1908 года. Якраз у гэты дзень і ў гэты год у раёне ракі Падкаменная Тунгуска ўзарвалася невядомае касмічнае цела.

Вось чаму Піліп Макаравіч успомніў пра Тунгускі метэарыт. Сакс расказаў яму пра катастрофу. Што ж выходзіць? Тунгускі метэарыт — кавалак планеты Сіз… А вучоныя спрачаюцца, даказваюць… Толькі мы ведаем, што Тунгускі метэарыт — кавалак планеты Сіз. Толькі мы. Тры чалавекі на ўсёй Зямлі! Нам вядомы сакрэт Тунгускага метэарыта… Дык чаго мы стаім? Трэба паслаць пісьмы ва ўсе рэдакцыі свету, расказаць, каб усе-ўсе людзі ведалі. А ці павераць? Ці не падымуць на смех? Ну і няхай падымаюць. Усё роўна трэба расказаць. Што, калі і на нашай планеце Зямля знойдзецца вынаходнік, падобны на інжынера з планеты Сіз? Што, калі забудзецца ён пра народную мудрасць: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж?

— Піліп Макаравіч, — усклікнуў я. — Хадзем. Хадзем хутчэй!

— Куды?

— Пра сакрэт Тунгускага метэарыта ўсім-усім раскажам.

— Раскажам. Не хвалюйся, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Спярша паслухай, аб чым Сакс расказвае. Папрасіў і забыўся?

— Пасля выбуху на вачах стала мяняцца прырода нашай планеты, — нявесела працягваў Сакс. — Высахлі лясы, змоўклі птушкі. Неўзабаве планета ператварылася ў пустыню. А чаму? Не думаў інжынер, што робіць. След бяздумнасці — страшны след. Лявоніха сама сябе высцебала. Вось так.