— А вёскі на вашай планеце засталіся? — звярнуўся да Сакса Васіль.
— Людзі з вёсак паўцякалі ў горад, — уздыхнуў Сакс. — У пустыні не пражывеш. У горадзе яшчэ можна пратрымацца. Там кісларод прадаюць і штучныя прадукты.
— Як гэта? — не паверыў Васіль.
— З каменнага вугалю, з нафты. На нашай планеце няма ні травінкі, ні былінкі. Горы, пяскі. Пасля таго як высахлі лясы, амаль не стала і кіслароду.
— Той інжынер, які павелічальнае шкло зрабіў, не дапамог вам? — не выцерпеў я.
— Ен стараўся дапамагчы. Тады Сіўка аглядзеўся, як хвост загарэўся. Сам сабе быў не рады. Пабудаваў фабрыку, якая выпускае кісларод. Цяжка дыхаецца на нашай планеце. Купляем кісларод.
— Інжынер прадае?
— Карп. Залез Карп інжынеру ў душу, сябрам прыкінуўся. А пасля захапіў фабрыку. Інжынера прымушае, каб ягоную волю выконваў. Не паслухаецца — у цямніцу садзіць. Выхоўвае. І другім не лепей прыходзіцца. Не так слова скажы — без кіслароду застанешся. Загадаў, каб валадаром звалі, легіянераў завёў. Надакучыла на ўсё гэта глядзець.
— Сакс, вы можаце ў нас пажыць. У нашай хаце. Папрашу тату і маму. Яны дазволяць, — сказаў я.
— Дзякую, — прамовіў Сакс. — Думаю сёння ж назад вярнуцца. Свой «Альбатрос» крадком дзесяць гадоў у пустыні збіраў. Можна сказаць, па вінціках. Усе гэтыя дзесяць гадоў жыў надзеяю, што прылячу да вас. Верыў, што вы, зямляне, дапаможаце нам. Нядаўна даведаўся, што Піліп Макаравіч вывеў новае насенне. Пачуў яго голас. Разумееце? Быў упэўнены, што знайду Піліпа Макаравіча ў лесе, спадзяваўся, што дапаможа нам. Ды не пагаджаецца ён ляцець на планету Сіз. Не пагаджаецца сеяць лес. Лес — гэта кісларод. Лес дасць жыццё нашай планеце.
Так, лес дае жыццё. Аднаго разу наш класны настаўнік сказаў: «Лес — добры доктар». Мы здзівіліся. Некаторыя нават запярэчылі: «Доктар лечыць. А лес хіба ўмее лячыць?»
І тады настаўнік пастараўся даказаць нам, што ўмее. У чалавека, які ўвайшоў у лес, зніжаецца частата пульсу. Чалавек супакойваецца, яму дыхаецца лягчэй. Лес ачышчае паветра ад пылу, дыму, паслабляе сілу ветру. У сонечныя дні адзін гектар лесу паглынае з паветра 220–280 кілаграмаў вуглякіслага газу, выдзяляе 180–220 кілаграмаў кіслароду.
Тады, калі настаўнік расказваў, я не задумваўся. Выдзяляе? Ачышчае? Ну і што? Лесу ў нас хапае. Прыкладна так разважаў. Відаць, гэтак жа і на планеце Сіз разважалі. Не думалі, не задумваліся, як і я, як і Васіль, як і многія іншыя.
Лесу ў нас хапае… Ен быў і будзе. Як чаравікі, якія купляе тата, як кнігі, якія даюць нам у школе, як бліны, якія пячэ мама, як фільмы, якія глядзім па тэлевізары… Быў і будзе. Дык навошта ж думаць…
…Лес — добры доктар. Лес вылечыць, выратуе. Чаму Піліп Макаравіч не хоча ляцець на планету Сіз, чаму не пагаджаецца пасеяць там лес? Няўжо баіцца? Сакс адкрыў сэрца. А ён?.. Мне здалося, што ён такі добры…
— На планеце Сіз людзі гінуць. На цэлай планеце! — вырвалася з маёй душы. — А вы насенне шкадуеце? Дайце Саксу. Ен і без вас пасее.
Піліп Макаравіч дакрануўся далонню да маёй галавы. Відаць, хацеў пагладзіць мой непадатлівы віхор. Я рэзка павярнуўся.
— Антон, непрыгожа так. Чаго ты крычыш? Не праверыўшы, я не маю права сеяць насенне. Што, калі планета Сіз зарасце непралазнымі джунглямі? Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.
На маіх вачах выступілі слёзы.
— Ніхто ніколі не дапаможа людзям планеты Сіз?
— Я думаў пра гэта, калі вы з Саксам размаўлялі. Усё-ткі злятаю я на тую планету. Пагляджу на ўсё сваімі вачыма. Магчыма, нешта прыйдзе ў галаву.
Сакс адразу павесялеў.
— Я верыў, што вы дапаможаце. Верыў. Толькі з валадаром Карпам не раю сустракацца. У ланцугі закуе.
— Там пабачым, — сказаў Піліп Макаравіч. — Сакс, дапамажы прынесці палатку. Цяпер жа паляцім. Адклад не йдзе ў лад.
— А мы? — пытаецца Васіль.
— Вы дамоў. На адной назе. Зразумела? І каб пра планету Сіз нікому ні слова. Вярнуся на Зямлю — сам пра ўсё раскажу. Цяпер не падымайце панікі.
У «Альбатросе»
Піліп Макаравіч і Сакс схаваліся ў лесе. Я павярнуўся да Васіля.
— Дамоў?
Васіль аж падскочыў.
— На паўдарозе спыняцца? І мы паляцім на планету Сіз.
Шчыра прызнаюся, не хацелася мне ляцець за свет, на планету Сіз. Мне нават на адзін дзень не хочацца расставацца з татам, з мамай, з рэчкай, з лугам, з лесам. Відаць, я нарадзіўся такім. Бывае, разам з аднакласнікамі паедзеш на экскурсію. На душы самотна, тужліва… А тут? Усё кінуць-рынуць і ляцець, нікога не папярэдзіўшы? Зарупіла ж Васілю! Быццам птушцы, якая ў вырай ляціць. Вось упарты. Яму цяпер хоць кол на галаве чашы.
— Васіль, не возьме нас Піліп Макаравіч на планету Сіз. Выкінь з галавы.
— А мы залезем і схаваемся. Самі нас завязуць. Во дае! Схаваемся… Залезем… Быццам на воз. Не, даражэнькі. Гэта лятальны апарат. Тут і шчылінкі не знойдзеш, каб пралезці.
— Як ты залезеш? — запярэчыў я. — Дзе дзверцы? Скажаш магічнае слова, і адчыняцца? Так толькі ў казках бывае.
А Васіль пазірае на «Альбатрос», што на цукерку. Бачыць карова, што ў стозе салома. Не адыдзецца. Яго і за вушы не адцягнеш. Што ж зрабіць?
— Васіль, выкінь глупства з галавы. Дзверцаў няма.
— Знойдзем дзверцы. Павінны быць. Падышоў да «Альбатроса» і пачаў пальцамі стукаць, нібы дзяцел дзюбай.
Ага, дзверцы шукае. Лезе, як певень на плот. Ну і шукай, пакуль не надакучыць.
Я лёг на траву, выцягнуўся на ўвесь рост. Сонца свеціць, птушкі ў кустах шчабечуць, цвіркаюць. Добра! Можна і задрамаць. Думаеце, што задрамаў? Дзе там! Чую:
— Антон, сюды ідзі.
Вось упарты! З такім задрэмлеш! Хутка, мабыць, зусім перастану спаць. І што ён там выпараў?
— Чаго? — азваўся я.
— Антон, тут кнопка. Знайшоў.
Я ўскочыў на ногі, падышоў да Васіля.
— Дзе кнопка? У цябе на носе? Васіль анічуць не пакрыўдзіўся.
— Вось тут. Глядзі.
На жоўтай паверхні «Альбатроса» я ўбачыў белаватую плямінку велічынёю з дажджынку-кропельку. «Трэба мець вочы як у арла, каб заўважыць яе», — падумалася.
— Антон, бачыш кнопку?
— Па-твойму, гэтая плямінка і ёсць кнопка?
— Канешне, кнопка. Магу пайсці ў заклад. Хоць на тысячу рублёў. Хоць на дзесяць тысяч.
Дзівак! На дзесяць тысяч рублёў. Дзесяць тысяч ён і ў вочы не бачыў. Што ж, язык без касцей.
— Антон, я зараз націсну на кнопку. Далей адыдзіся. Што, калі дзверцамі па лбе табе стукне? Невядома, як яны адчыняюцца.
Я паспрабаваў спыніць сябра:
— Васіль, а раптам лятальны апарат узляціць, калі ты на кнопку націснеш?
— Не ўзляціць, — упэўнена прагаварыў Васіль. Я адступіўся назад.
— Націскай.
Мой сябрук выцягнуў руку, прыжмурыўся і націснуў на кнопку. Нячутна ўбок адчыніліся дзверцы, плаўна апусцілася невялікая лесвіца.
Васіль ступіў на прыступку.
— Антон, за мною.
Я стаяў, пазіраючы на яго. Неяк не верылася, што дзверцы адчыніліся, што праз хвіліну мы будзем у «Альбатросе».
— Баішся? — крыкнуў Васіль. — Нядаўна Піліпа Макаравіча папракаў. На словах адно, а на справе другое? Баішся? Га?
Баішся… Крануў за балючае месца. Пабачым, хто з нас спалохаецца. А, было не было. Я штурхнуў Васіля.
— Лезь! Чаго стаіш?
Калі б мне цяпер сказалі: «Антон, адзін ляці на край свету». Паляцеў бы не задумаўшыся.
Вось так мы з Васілём апынуліся ў «Альбатросе». Скажу вам, някепска было б тут, калі б крыху пасядзець, паўзірацца, як на экскурсіі. Жоўтыя сцены. З аднаго боку намаляваны квітнеючы сад, з другога — нейкая рагатая пачвара, падобная на чорта. Кнопкі, рычажкі, колцы… Паўз сцены цягнуцца доўгія металічныя лаўкі. На адной лаўцы — чорныя накідкі. Яшчэ я заўважыў дзверы. Відаць, «Альбатрос» падзяляўся на некалькі адсекаў. Аднекуль, ці то са столі, ці то з падлогі (паспрабуй здагадайся, дзе ў лятальным апараце, круглым, як кола, столь і падлога) лілося мяккае святло.