Сакс сказаў праўду. Гэта была не змяя, а вожык. Ен сядзеў і фыркаў. А Сакс, не зводзячы з яго вачэй, шчасліва-шчасліва ўсміхаўся. Упершыню ўбачыў я на ягоным твары шчаслівую ўсмешку.
— Калючы. Ой, які калючы! — стараўся пагладзіць вожыка Васіль.
— Калючы, бо вожык, — сказаў Піліп Макаравіч.
— Вушы! Вушы ў яго! Вожык з вушамі! — крыкнуў Васіль.
Сапраўды, у вожыка былі вушы. Мне нават не паверылася, што гэта вожык.
— Чаму ў вожыка вушы? — пытаюся ў Піліпа Макаравіча.
— Гэта вожык-вушасцік. Есць такія ў пустыні. Вожык-вушасцік хутка прывыкае да чалавека, давярае яму.
Васіль крануў вожыка за вуха. А ён як фыркне! Васіль адхапіў руку, прагаварыў:
— Вось як давярае.
— Фыркнуў бы і ты, калі б за вуха схапілі,— кажу Васілю.
— Я фыркнуў бы? Я не вожык. Я фыркаць не ўмею. Васіль адышоўся, прысеў, паклікаў вожыка, як сабачку:
— Да мяне. Бяжы да мяне, вушасцік.
Хочаце верце, а хочаце не: вожык пабег да Васіля, затупацеўшы лапкамі.
— Бяжыць! Бяжыць! — усклікнуў Васіль. Нават Піліп Макаравіч не стрымаўся:
— Бач, як стараецца. Разумны!
— Давайце возьмем яго з сабою, — прапанаваў я.
— Няхай у гарах бегае, — сказаў Сакс. — У горадзе Карп яго ў клетку пасадзіць.
— Чаму? — пытаецца Васіль.
— Карп хоча, каб на волі жылі толькі мухі, павукі, мурашкі ды змеі. А ўсё астатняе…
Сакс не даказаў, махнуў рукою.
Усё астатняе… На планеце Сіз толькі гэты вушасцік цудам застаўся жыць. Зразумела, чаму Сакс шчасліва ўсміхаўся.
Абвал
Мы з Васілём яшчэ доўга тапталіся б каля вожыка-вушасціка, але Піліп Макаравіч сказаў:
— Вожык — не забаўка, не цацка, якую ў магазіне купілі. Трэба яго ў горы адпусціць.
— Валадар Карп вожыка не зловіць? — пацікавіўся Васіль. Сакс на гэта:
— Карп выдаў спецыяльны ўказ: «Змеяў, мух, павукоў і мурашак пальцам не кранаць. Усё астатняе альбо у клетку, альбо пад корань». Раней легіянеры па гарах лазілі, палявалі. Цяпер супакоіліся. Карпу данеслі, што ні звера, ні птушкі не засталося. Якіх знішчылі, якія самі загінулі. Дудкі. Вожык-вушасцік застаўся. Калі б Карп даведаўся, то ўсіх легіянераў у горы паслаў бы.
У галаве не ўкладваецца. Легіянераў паслаў бы толькі для таго, каб злавіць маленькага безабароннага вожыка. Хіба ён вінаваты, што нарадзіўся вожыкам? Канешне, і на нашай планеце ёсць паляўнічыя. Але ж яны вожыкаў не ловяць. А каб загад аддалі — лавілі б? Мабыць, знайшліся б старанныя. Хто ў нас на зайца не ласы? Увосень ой як бабахаюць са сваіх дубальтовак! Некаторыя, пэўна, з двух ствалоў адразу. І як не паразрывае іхнія ствалы! Аднаго разу, памятаю, дамоў ішоў. Раптам непадалёку: бах-ба-бах! Зразумела: паляўнічыя стараюцца. Снег яшчэ не выпаў, але зямлю добра скавала. Хвіліны не прайшло — бачу: заяц з хмызнячка ляціць. Прыбег на дарогу, прыўстаў на лапкі, азірнуўся па баках і проста ў вёску. Уяўляеце? Не ў лес, а ў вёску. Ужо не спадзяецца, што лес уратуе яго. Хацеў прыпусціцца за гэтым зайцам, але адумаўся: «Яму, беднаму, і так дастаецца. Хай бяжыць. У чыім-небудзь агародзе схаваецца». Чакаю, што далей будзе. Неўзабаве вылазяць з хмызнячка паляўнічыя. Спярша адзін, а пасля і другі. Дубальтоўкі напагатове трымаюць. Патранташы з патронамі і на поясе, і праз плячо, нібыта стужкі, якія, ну, напрыклад, чапляюць лепшым па прафесіях. Спыняюцца каля мяне, ласкава гэтак: «Добры дзень, хлопчык». Я таксама, як і яны, культурна: «Добры дзень, дзядзькі паляўнічыя. Ці многа зайцоў настралялі?» Адзін з іх пытаецца: «Хлопчык, тут заяц не прабягаў?» Так я табе і скажу. «Шэры ці белы?» — пачынаю здалёку. А паляўнічы: «Шэры. У яго вушы во такія вялікія! Калі скажаш, куды пабег, то стрэльнуць дам». — «Стрэльнеш, стрэльнеш», — і другі ківае галавою. Хацелася стрэльнуць, аж рукі свярбелі. Але ж зайца шкада. «Вунь у той лясок пабег», — паказаў я рукою. «Не хлусіш?» — пытаецца паляўнічы. «Не хлушу, — кажу. — Шэры заяц з доўгімі вушамі ў той лясок пабег. Там ён вас чакае». — «Так і чакае, — прамовіў паляўнічы і паклікаў свайго таварыша: — Пайшлі». Пацягнуліся яны ў лясок, дубальтоўкі напагатове трымаюць. А я пазіраю на іх, радуюся. І таму радасна, што заяц уратаваўся, і таму, што стрэльнуць не далі. Здзіўляецеся? Нядобра было б на душы, калі б прапанавалі стрэльнуць. Выйшла б як? Я іх абмануў, а яны мяне не. А так… Як гаворыцца, квіты, адзін аднаго не лепшы.
Думаю, што і вы не раз назіралі, як вось так паляўнічыя за зайцамі бегаюць. Але ж яны, бывае, робяць і кармушкі, і домікі, і паднавесы. Туды сена кладуць, зерне сыплюць. А тут? За апошнім вожыкам палююць.
— Чаму Карп так ненавідзіць птушак і звяроў? — пытаюся ў Сакса.
— Яны радасць людзям прыносяць. А яму не даспадобы, калі людзі радуюцца.
Відаць, зубамі скрыгіча, калі ўсмешку на твары заўважыць. Чаму так? Няўжо яго які чарвяк грызе, точыць?
— Нашага вожыка Карп не зловіць, — прамовіў Васіль. — Ён хітры. Ён і ад Карпа, і ад усіх ягоных легіянераў схаваецца.
— Схаваецца, не дасца ім у рукі,— пагадзіўся з Васілём Сакс.
Ен узяў вожыка, пусціў яго на схіл.
— Бяжы, вушасцік. Не паказвайся на вочы Карпу. Вожык, так мне здалося, зірнуў на нас, чмыхнуў, быццам сказаў «да пабачэння», і спрытна палез угору.
Мы стаялі і глядзелі, пакуль ён не схаваўся за гліняным выступам, падобным на рагатага казла. У мяне на душы было цёпла і крыху шчымліва.
Пасля крануліся далей. Тая ж цясніна, тыя ж колеры паабапал яе: белыя, жоўтыя, блакітныя, ружовыя, карычневыя, чырвоныя. Цяпер чамусьці не вабілі, як тады, калі ўпершыню ўбачыў. Прыгожа? Канешне, прыгожа. Але нейкая каменная гэтая прыгажосць.
Я ўспомніў, што ў руцэ каменьчыкі, падобныя на маленькія зорачкі. Зусім забыўся пра іх. Так лез, так стараўся, гэтулькі страху набраўся і забыўся.
Расшчаміў пальцы, непрыметна зірнуў. Зіхацяць каменьчыкі, пераліваюцца на сонцы.
— Піліп Макаравіч, — паклікаў я, — пачакайце! Піліп Макаравіч спыніўся. Я працягнуў яму каменьчык-зорачку.
— Гэта вам. Вазьміце.
Піліп Макаравіч узяў каменьчык.
— Дзякую, — усміхнуўся.
А я нечакана для самога сябе працягнуў другі каменьчык Саксу.
— Вазьміце. Гэты вам.
— Мне?
— Вам. Вазьміце.
Сакс узяў каменьчык, пакруціў, трымаючы пальцамі.
— Прыгожы.
Значыць, падабаецца. І яму, Саксу, і Піліпу Макаравічу. Радасна, добра ім. Ну і мне таксама добра. А магнітафон? Куплю магнітафон. Калі дамоў вернемся, стану ў калгас на работу хадзіць. Зараблю.
— Антон, чаму ты нам гэтыя каменьчыкі даў? — пацікавіўся Піліп Макаравіч.
— Яны каштоўныя. Я за імі знарок на той абрыў лазіў, дзе мяне вожык-вушасцік напалохаў. Няхай у вас застаюцца. Мне не шкада.
— Антон, гэта крышталікі гіпсу. Праўда, даволі-такі прыгожыя.
Я паглядзеў на Сакса.
— Так, — кіўнуў ён галавою.
— Вы выкінеце іх? — пытаюся.
Піліп Макаравіч падкінуў каменьчык на далоні, любуючыся ім.
— Навошта выкідаць? Возьмем. На шчасце. Так, Сакс?
— Вядома, возьмем. Няхай гэтыя каменьчыкі прыбавяць нам сілы. І тады… І тады мы пераможам валадара Карпа.
— Мы абавязкова пераможам, — усклікнуў Васіль. — Паставім яму мазгі на месца.
— Пераможам, — паўтарыў я. — Не быць казе на вазе.
Я цвёрда верыў, што пераможам усемагутнага валадара. Мне здавалася, што каменьчыкі-зорачкі нам дапамогуць. Значыць, нездарма лез, нездарма стараўся.
Апярэдзіўшы Піліпа Макаравіча, Сакса і Васіля, я шпарка пакрочыў па цясніне. Хутчэй. У горад хутчэй.
Цясніна паварочвала налева. Хутчэй, хутчэй… Павінна ж некалі скончыцца. Павінны горад убачыць.
Мінуўшы паваротку, я спыніўся як аслупянелы. Не, не горад убачыў, а высокую гліняную сцяну.
— Абвал! — пачуўся за спіною вокліч Сакса.
Мураш выручае