Выбрать главу

Сцяна, гладкая, быццам адпаліраваная, строма ўздымалася ўгору. А паабапал горы. Здаецца, да самага паднябесся ўзнімаюць свае вяршыні.

— Чаму тут сцяна? — пытаецца Васіль.

— Кавалак ад гары адарваўся і абваліўся, — растлумачыў Сакс.

— Ну й гладкая!

— Дажджы адпаліравалі. Даўно тут не быў. Не ведаў.

— Што ж рабіць? — нявесела прамовіў Васіль.

— Можна вярнуцца, — заўважыў Піліп Макаравіч. Вярнуцца… Куды вярнуцца? У тыя пяскі? Так бег, так спяшаўся… Думаў, што горад убачу, што вырвемся з цясніны. Не так выходзіць, як хочацца…

Горад клікаў мяне, што жывы. Відаць, таму, што хацелася хутчэй дапамагчы людзям планеты Сіз, хутчэй вярнуцца дамоў. Ды не ведаў я, што на долю кожнага з нас выпадзе столькі выпрабаванняў, якіх хапіла б на цэлае жыццё. Калі б ведаў, то, напэўна, не спяшаўся б. Сеў бы, пасядзеў. Як кажуць? Паспееш з козамі на торг. А цяпер мне не сядзелася. Цяпер я рваўся ўперад.

— Сакс, няўжо нас затрымае гэтая сцяна? Сакс паглядзеў на мяне, як на немаўля.

— А што зробіш? Молатам разаб'еш? Яна не шкляная. Дый молата няма.

— Канешне, не шкляная! — усклікнуў я. — І молат нам не патрэбен. Сцяна гліняная. Можна ў ёй тунельчык прарыць. Навылёт.

— Рыдлёўка ў цябе ў кішэні ляжыць? — азваўся Васіль.

— Без рыдлёўкі абыдземся. Будзем рукамі капаць. Гліна ж падатлівая.

— Хочаш зрабіць тунель, як у метро? Паспрабуй, — падахвоціў мяне Васіль.

— І паспрабую. Зробім. Камар носа не падточыць. Крот маленькі, а вунь якія вялікія тунелі робіць.

Я драпануў пазногцем — нават знаку на сцяне не пакінуў. Не чакаў, што сцяна як жалезная.

— Чаго стаіш? Сеў макам? Крот-метрабудаўнік, — зарагатаў Васіль.

Ох і хацелася мне даць яму поўху! Гэтак абазваць! Крот-метрабудаўнік… Такога ніколі не чуў. Але ж не палезеш біцца. Што заставалася рабіць? Павярнуцца і пайсці? Хай смяецца Васіль? Не. Адступаць не хацелася.

— Давайце піраміду зробім, — прапанаваў я.

— Якую? — запытаў Васіль.

— «Якую-якую…» — перадражніў я Васіля. — Станем адзін на аднаго. Вось і піраміда выйдзе.

— Адзін аднаму на галаву станем?

— Не на галаву, а на плечы, як акрабаты становяцца, як артысты ў цырку. Хоча з печы зваліцца і патыліцы не пабіць.

— Унізе ты станеш, а мы ўсе на цябе?

— Спярша стане Сакс, на Сакса Піліп Макаравіч, на Піліпа Макаравіча ты, а я на цябе. Вось і дастанем да самага верху сцяны.

Васіль засмяяўся:

— Ты без лесвіцы на мяне не залезеш. Дамоў па лесвіцу пабяжыш?

— Залезу. Не хвалюйся.

— Значыць, залезеш, да самага верху сцяны дастанеш. А пасля што?

— Пералезу праз сцяну.

— Ты пералезеш, а мы тут застанемся?

І праўда, я пералезу на той бок, а яны на гэтым застануцца. Што ж адзін буду рабіць? Як назад пералезу? Бегчы да валадара Карпа і прасіць: «Паночак, міленькі, перасадзі праз сцяну?» Ен перасадзіць… Так перасадзіць, што млосна стане. Цікава выходзіць: я на тым баку сцяны, а Піліп Макаравіч, Сакс і Васіль на гэтым. Не падумаў.

— Чаго стаіш? — не сунімаўся Васіль. — Камандуй. Будзем піраміду рабіць. На той бок сцяны палезеш.

— Я хацеў, каб лепей было, — кажу Васілю. — Ну, не разлічыў. Дык трэба смяяцца?

— Не буду, — прагаварыў Васіль. — Ты мяне так насмяшыў, што на тры дні хопіць. Як харчовага прэпарату, які Піліп Макаравіч вынайшаў.— І, схапіўшыся за жывот: — Ха-ха-ха… Як харчовага прэпарату… Ой, не магу…

Да мяне падышоў Піліп Макаравіч, паклаў руку на плячо.

— Малайчына Антон.

І Піліп Макаравіч з мяне смяецца. А я яму каменьчык-зорачку даў, не пашкадаваў.

— Піліп Макаравіч, я хацеў… Я галаву ламаў…

— Ведаю, што хацеў дапамагчы ўсім нам, — сказаў Піліп Макаравіч. — Малайчына.

Я з палёгкай уздыхнуў. Значыць, не смяецца. Толькі блага падумаў пра яго. Часта так бывае. Чалавек стараецца дапамагчы табе, хоча парадаваць цябе, а думаеш, што на злосць робіць.

— Э-эх! — уздыхнуў Сакс. — Няма рады. Прыйдзецца назад вяртацца. Есць яшчэ адна цясніна, якая вядзе да горада. Праўда, далекавата яна. Ды нічога не зробіш.

— Зробім, — прагаварыў Піліп Макаравіч. — Есць адна ідэя. Тады ў галаву прыйшла, калі Антона слухаў. Ен мне ідэю падказаў. Разумееце?

Я зірнуў на Васіля так, быццам выйграў у яго шахматны матч на званне чэмпіёна свету.

— Не злуйся, — паціху прамовіў Васіль. А я, знарок адвярнуўшыся:

— Піліп Макаравіч, якая ідэя прыйшла вам у галаву?

Карцела сказаць: «Якую ідэю падказаў вам я?» Ды пасаромеўся.

— Мураш нам дапаможа.

У Васіля вочы на лоб палезлі.

— Дапаможа праз гэтую сцяну пералезці?

— Дапаможа праз гэтую сцяну пералезці.

— Няўжо ён нас перанясе?

— Не перанясе, а перавязе, — паправіў я Васіля.

— І не перанясе, і не перавязе, — сказаў Піліп Макаравіч. — Мы інакш зробім.

Я штурхнуў Васіля ў бок.

— Мураша не згубіў?

— Не.

Васіль выняў з кішэні Мураша, аддаў Піліпу Макаравічу.

— Што вы задумалі зрабіць? Хутчэй расказвайце. Піліп Макаравіч падміргнуў Васілю, шчоўкнуў двума пальцамі.

— Глядзі, Васіль.

Глядзеў не толькі Васіль. Мы з Саксам таксама не спускалі вачэй.

А Піліп Макаравіч дастаў з рукзака тонкую шоўкавую вяроўку, разматаў яе, пасля выняў з кішэні цюбік, падобны на той, у якім зубная паста, узняў угору.

— Тут той клей, які трапіў на асінку. Да яе Сакс прыклеіўся. Памятаеце?

— Гэты клей асаблівай трываласці? — азваўся Васіль.

— Правільна.

Што ж збіраецца рабіць Піліп Макаравіч? Няўжо зноў Сакса прыклеіць? Глупства. Вось калі б Васілю гэтага клею на язык капнуць, то не пашкодзіла б.

— Навошта вяроўку і клей дасталі? — не выцерпеў Васіль.

— Пабачыш — здагадаешся.

Піліп Макаравіч капнуў кропельку клею Мурашу на спіну.

— Антон, патрымай, — падаў мне цюбік.

Я паклаў цюбік у кішэнь. Паклаў і забыўся. Я цяпер вачэй не зводзіў з Піліпа Макаравіча. Вельмі хацелася зразумець, што ён збіраецца зрабіць.

Магчыма, вы здагадаліся? Не? Тады паслухайце. Піліп Макаравіч адзін канец шоўкавай вяроўкі прытуліў, яшчэ рукою прыціснуўшы, да кропелькі клею, якая была на спіне Мураша, даў Васілю другі канец вяроўкі. Сам трымае Мураша, не адпускае.

— Цягні.

Васіль тузануў вяроўку.

— Не адрываецца Мураш.

— Мацней цягні. Васіль тузануў мацней.

— Усё роўна не адрываецца.

— Там, у лесе, ты не верыў, што ў мяне клей асаблівай трываласці.— Піліп Макаравіч паднёс Мураша да рота, націснуў на кнопачку, праспяваўшы, як заўсёды, пра Яся і дзяўчыну, паставіў каля ног і загадаў: — Васіль, адпускай вяроўку, калі Мураш пабяжыць.

— Есць, — па-вайсковаму адказаў Васіль.

— Уперад, — прамовіў Піліп Макаравіч.

Мураш падбег да сцяны, стаў карабкацца наверх. Ускарабкаўся. Зараз пералезе, знікне з вачэй. А Піліп Макаравіч:

— Кругом. Назад.

Мураш павярнуўся і імкліва спусціўся ўніз.

— Стой. Сеанс закончаны. Мураш спыніўся.

Піліп Макаравіч узняў угору тры пальцы.

— Тры секунды, — усміхнуўся.

— А-а-а, — закрычаў Васіль, — вы хочаце, каб Мураш на той бок сцяны вяроўку перацягнуў. А пасля мы палезем па вяроўцы на сцяну. Так?

— Так. Кумекаеш.

— А чаму вы сказалі: тры секунды?

— Я правяраў, за колькі секунд Мураш узлезе на сцяну. Выйшла, што за тры. Значыць, за тры секунды ён і на той бок сцяны спусціцца.

— Ну і што? — прамовіў Васіль. Я, як і ён, таксама не мог узяць у толк, чаму Піліп Макаравіч правярае, за колькі секунд Мураш узлезе на сцяну, а пасля ўніз спусціцца. Стаяў і лыпаў вачыма. За тры секунды ўзлез… За тры секунды на той бок спусціцца… Хіба гэта мае якое-небудзь значэнне? А калі за пяць секунд узлезе і за пяць спусціцца? Галоўнае, што вяроўку перацягне. Ці Піліп Макаравіч хоча, каб яго Мураш рэкорд устанавіў? Усё-ткі тады ён будзе не проста супер-міні-камп'ютэр Мураш, а супер-міні-камп'ютэр Мураш-рэкардсмен.