Выбрать главу

Я, вядома, азірнуўся. Таран, як гаспадар, стаяў пасярод вуліцы і глядзеў на нас. Я не вытрываў, паказаў яму язык. А ён… Ен прыгнуўся, нібы яму на спіну дзесяціпудовы мех узвалілі, і з усіх ног, як таракан. Прыціснуўся да сцяны дома, закрыў твар рукамі. «Хоча, каб не пазналі. Не шпік, а дзіцё малое, — падумалася. — Нібы ў хованкі гуляе».

— Антон, хутчэй, — крыкнуў Сакс.

І бягом. За ім Васіль прыпусціўся. І Піліп Макаравіч, як сапраўдны спрынтар. Ну і я за імі. А што заставалася рабіць? Чакаць, калі Таран падбяжыць, ды за руку з ім прывітацца? Маўляў, добрага здароўечка, рады бачыць вас. Імчымся што ёсць духу, лупім падэшвамі па цвёрдай, што асфальт, гліне. Аж гул разносіцца. Здаецца, не чатыры чалавекі бягуць, а рота салдат.

Ускочылі ў нейкі двор. У двары круглы, што сподак, брызент вісіць, прымацаваны вяроўкамі да чатырох слупоў. Пад брызентам лаўкі, некалькі столікаў. Сапраўдны казачны шацёр. Толькі ядзення-піцення не хапае.

— Што гэта за шацёр? — пытаецца Васіль у Сакса.

— Людзі зрабілі. Спякотаю ад сонца хаваюцца.

— Давайце і мы схаваемся, крыху на лаўцы пасядзім, — прапанаваў Васіль.

— Не, мы ў пад'езд схаваемся. Скора Таран прытупае.

Схаваліся ў пад'езд. Я каля дзвярэй прымасціўся, у шчылінку пазіраю. Карціць сказаць што-небудзь — язык так і свярбіць. Не стрымаўся:

— Васіль, ты ад Тарана ўцякаў, як ад пясчанага ўдаўчыка.

— Табе што? — пакрыўдзіўся Васіль. — Ты тады збоку стаяў. Пабачым, што будзе, калі Таран прытупае.

Васіль як у ваду глядзеў. Таран тут як тут. Уляцеў, адразу пад шацёр, укленчыў, зазірнуў пад адну лаўку, пад другую… Ускочыў, носам зачмыхаў.

— Чмыхае, нібы вожык-вушасцік, — прагаварыў Васіль.

Мне стала смешна.

— Хі-хі,— не вытрываў я.

— Цішэй, — накінуўся Васіль. — Гэты вожык-вушасцік зараз сюды прытупае.

А я, як на грэх, гучна, на ўвесь голас:

— Ха-ха-ха…

Скажу вам, напалохаў Тарана. Падскочыў, бедны, нібыта пяты падсмаліла.

— Ой, вожык-вушасцік спалохаўся! — усклікнуў Васіль.

Я яшчэ мацней, два разы запар:

— Ха-ха-ха… ха-ха-ха…

На гэты раз Таран не падскочыў. Усміхнуўся, нібы самую салодкую цукерку з'еў. Пасля паціхеньку, нага за нагу, павалокся пад брызент. Сеў на лаўку, павярнуўшыся да нас спінаю. Сядзіць, раз-пораз соладка-соладка пазяхае.

— Дасмяяліся. Вам трэба ў пяску забаўляцца, — выгаварыў Сакс.

— Я не смяяўся, — пачаў апраўдвацца Васіль. — Гэта Антон. Я насмяяўся, калі праз сцяну пералазілі.

— Неяк няёмка па чужых пад'ездах туляцца, — прагаварыў Піліп Макаравіч.

— Пачакайце. Пачакайце мяне тут, — прамовіў Сакс і выйшаў з пад'езда.

Таран устрапянуўся. Няўжо кінецца на Сакса? Не. Сядзіць, сам сабе пад нос насвіствае. І Сакс стаў насвістваць. Таран сабе свішча, а Сакс сабе. Усё бліжэй да Тарана падыходзіць.

— Зараз Сакс звяжа гэтага вожыка-вушасціка, — прашаптаў Васіль.

— Чым? — пытаюся. — У Сакса вяроўкі няма.

— Чым-небудзь звяжа, — упэўнена прагаварыў Васіль.

Што, вы думалі б, неўзабаве ўбачылі? Сакс нечакана тузануў вяроўку, якая трымала брызент. Спярша з аднаго боку, праз імгненне з другога. Брызент упаў, накрыўшы Тарана.

— Рушыцца, — закрычаў Таран.

— Думае, што неба рушыцца, — сказаў Васіль. Сакс, не марудзячы, падскочыў да трэцяга слупа, тузануў вяроўку. Да чацвёртага…

Мы выскачылі з пад'езда. Шпік вішчэў пад брызентам, што парася:

— імем пана Карпа! Імем усемагутнага валадара! Загадваю… Блін зраблю… Выпусціце, нягоднікі!

— Сам ты нягоднік, — сказаў Сакс і гукнуў нам: — Хадзем! Хай павые. Мо што-небудзь дойдзе, мо ачалавечыцца.

— Спрытна вы, — пахваліў Васіль Сакса. — Раз, раз — і быццам у мех пасадзілі.

— Такога не шкодзіла б у мех пасадзіць, — падтрымаў Сакс. — Там яму месца.

Гэтак размаўляючы, мы крочылі па вуліцы. І раптам… Раптам завылі сірэны. Гук некалькіх сірэн, зліты ў адзін доўгі, прарэзлівы, быццам стагнаў над горадам. Хоць вушы затыкай. Я міжволі сцяўся. Няўжо Таран вылез з-пад брызенту, нейкім чынам даў знаць Карпу? Няўжо гэта сам Карп узняў трывогу? Няўжо нас шукаюць? Няўжо сюды прыбягуць легіянеры? Але чаму людзі ўрассыпную ляцяць як на злом галавы? Вунь, здаецца, нават той дзядок, з якім я нядаўна размаўляў, спяшаецца, кульгае. Куды ж ён? Ад легіянераў ратуецца?

Я схапіў за руку Сакса:

— І нам уцякаць?

— Не бойся. Карп паведамляе, што пачынаецца святкаванне дня яго нараджэння.

Нішто сабе навіна! Сірэны выюць, што галодныя каты. Ад такога паведамлення можна здранцвець.

— А чаму людзі ўцякаюць?

— Людзі не ўцякаюць, а спяшаюцца.

— Куды спяшаюцца?

— Кожны ў сваю кватэру. Вось-вось з'явяцца машыны, якія кісларод вырабляюць. Тады людзі скінуць балончыкі і зноў на двор.

— Я пра льва ўспомніў,— як мне здалося, ні з таго ні з сяго прагаварыў Васіль. — Ну, пра таго самага, які аблысеў. У Карпа ёсць і другія звяры?

— Ёсць. Ен іх у спецыяльным памяшканні трымае. Там растуць і кветкі, і дрэвы. Ды Карп не пускае туды нікога, акрамя самых давераных. Такіх, напрыклад, як Таран.

Нічога сабе! Тое, што прыродай завецца, што спрадвеку, як і ў нас, на Зямлі, расло, квітнела, жыло, развівалася, адабраў, сабе прысвоіў. Да чаго ж можа дайсці чалавек!

— Антон, — пацягнуў мяне за рукаў Васіль, — хадзем.

Я вытрашчыў вочы:

— Куды?

— Давай пашукаем памяшканне, дзе звяры сядзяць. На волю іх павыпускаем. Будзе Карпу дзень нараджэння!

Канешне, трэба павыпускаць. Пэўна ж, абрыдла ім сядзець у тым памяшканні. Ох і пагойсае за імі валадар! Відаць, найперш кінецца лавіць любімага лысага льва. Ен за ім, а той — ад яго. Схаваецца ў пад'езд і, як мы, будзе назіраць праз шчыліну. Карп да яго, а ён з пад'езда і пад брызент. Сядзе на лаўку: «Я тут. Я тут. Дагані мяне».

Вам, напэўна, смешна. Але гэтага лысага льва, шчыра скажу, я ўяўляў нібы чалавека. Хоць з хвастом, але на дзвюх нагах. Фантазія…

— Піліп Макаравіч, выпусцім звяроў на волю! Піліп Макаравіч схапіў мяне за плячо.

— Хлопцы, ці вы здурнелі?

— Чаму? — пазіраю на яго з недаўменнем.

— Звяры на волі загінуць! Нельга іх выпускаць. Вакол жа пяскі, кіслароду не хапае. Звяры, як і людзі, таксама кіслародам дыхаюць. Хіба вы забыліся?

І праўда, забыліся. Але ж… Але ж у пустыні ёсць змеі, павукі, мурашкі. Вожык-вушасцік у гарах бегае. Яны, як мы, балончыкаў не носяць.

— Піліп Макаравіч, а чаму змеі, павукі, мурашкі жывуць? Чаму вожык-вушасцік жыве?

— Нейкім чынам прыстасаваліся. У прыродзе шмат загадак. Я казаў пра гэта. Кароткая памяць у цябе, Антон. А льву, скажу вам, можна дапамагчы. Трэба зрабіць яму парык — вось і стануць прызнаваць яго другія львы.

Хацелася крыху паспрачацца з Піліпам Макаравічам, ды Васіль як крыкне:

— Глядзіце! Глядзіце! Хатка на курыных лапах!

— Не хатка, а машына, якая кісларод вырабляе, — паправіў Васіля Сакс.

Гэтая машына, ці, як сказаў Васіль, хатка на курыных лапах, па сваёй форме падобная на даўнюю карэту, якую цяпер можна хіба ў кінафільмах убачыць, вылезла з-за рога дома. З чатырох бакоў у яе тырчаць трубы, нібы гарматы. Замест колаў — курыныя лапы, як у лятальным апараце Сакса. «Туп-туп», — павольна ступалі курыныя лапы. «Уф, уф», — цяжка дыхала машына.

— Бач, як уфкае! — здзівіўся Васіль. — Гэта яна кісларод выдае.

— Здагадлівы ты, — сказаў Сакс.

Я, вядома, падбег бы да гэтай машыны, але ў зашклёнай кабіне сядзелі легіянеры ў чорных накідках. Надзьмутыя, нібы індыкі. Такія блізка не падпусцяць: злосна закрычаць, насварацца.

За першай машынай выпаўзла другая, трэцяя…

«Вось каб адну такую ў нашу вёску, — мільганула недарэчная думка. — Накаталіся б з Васілём, а пасля плугі прычапілі б і на поле. З усёй ваколіцы людзі пазбіраліся б. Як жа! Хатка на курыных лапах поле арэ».

Тым часам на вуліцу, што мурашкі з патрывожанага мурашніка, высыпалі людзі. Яны кудысьці беглі, спяшаліся.