— Куды гэта яны? — пытаюся ў Сакса.
— На плошчу. Кветку глядзець.
— Трэба і нам туды, — сказаў Піліп Макаравіч.
— Не, — запярэчыў Васіль, — я хачу паглядзець, як курыныя лапы ступаюць. Цікава.
Я пацягнуў Васіля за руку.
— Яшчэ наглядзішся.
— Пусці,— пачаў упірацца ён. Нарэшце Сакс яго напалохаў:
— Хутка тут ніводнага чалавека не застанецца. Што, калі Таран прыпрэцца? Ен цябе па галоўцы не пагладзіць. А на плошчы ўвесь горад. Народ туды валам валіць. Таран нас у натоўпе не заўважыць.
Васіль мусіў пагадзіцца.
— Але, той вожык-вушасцік, пэўна, даўно вылез з-пад брызенту.
Траўка — мураўка
На плошчы людзей — няма куды яблыку ўпасці. Усе моўчкі, без адзінага слова прасоўваюцца наперад. Пярэднія тоўпяцца, не пускаюць, а заднія напіраюць, лезуць, змахваючы з твараў пот. Такое адчуванне, што вялізны магніт цягне іх да сябе, не адпускае.
Я крануў за плячо Сакса.
— Скажыце, а дзе кветка?
Сакс паказаў на круглую, што шклянка, вежу (метраў на дзесяць у вышыню ўзнімаецца).
— Там.
Я стаў узірацца. Да болю ў вачах. Дарэмна. Нават лісціка не заўважыў.
— Там нічога няма, — паціснуў я плячыма.
— Кветка на вежы. У гаршку стаіць.
Вось яно што! Гэтая кветка — нейкая кветка-невідзімка. Вочы праглядзіш — не ўбачыш. А людзі ўсё роўна не адыходзяцца, мітусяцца, пнуцца бліжэй да вежы. Моўчкі, без сварак, без крыўды, нібы загіпнатызаваныя.
— Няма там ніякай кветкі. Хлусня. Карп людзям вочы замазвае, — сказаў я.
— Есць, — прамовіў Сакс. — Трымайцеся за рукі і за мною. Абавязкова пакажу вам кветку.
Узяўшыся за рукі (у гэткім натоўпе нядоўга згубіцца), мы пачалі праціскацца наперад. Мяне адпіхалі, а я ціснуўся бліжэй да Васіля, ззаду падштурхоўваў Піліп Макаравіч. Хтосьці балюча наступіў мне на нагу. Ды хіба будзеш глядзець хто!
Нарэшце я ўбачыў памост, падобны на сцэну. На гэтым памосце стаяў ці то тэлескоп, ці то вялізны бінокль. Побач тоўпіліся салдаты. Каля іх ляжаў мех. Людзі па прыступках паднімаліся на памост, кідалі ў мех, як я здагадаўся, грошы, нагіналіся, секунду-другую глядзелі ў дзіўны апарат і спускаліся ўніз. Вось каля мяне прайшоў малады хлапец. На вуснах — усмешка, твар свеціцца шчасцем. Ідзе, высока ўзняўшы галаву, распраміўшыся. За ім — дзяўчына. І яна Ўсміхаецца, штосьці нячутнае шэпча, а на шчаках — дзве слязінкі…
Прайшоў стары. «Э-э-эх!» — уздыхнуў. Доўга, працягла. Пра што ён успомніў?
— На сцэне бінокль. Праз яго можна кветку ўбачыць, — як здалёку, данёсся голас Сакса.
— Там грошы трэба плаціць, — сказаў Васіль. — У нас пуста ў кішэнях.
— Папытаю ў каго-небудзь. Пачакайце.
Плаціць грошы… Прырода гіне, а грошы застаюцца. Няўжо яны такія неўміручыя? Няўжо больш жывучыя, чым прырода? Відаць, не. Недзе ў памяшканні звяры, кветкі, дрэвы. Хоць і пад замком, але жыве прырода. Разумее Карп, што людзі і апошнюю капейку аддадуць, каб дзве-тры секунды падзівіцца на кветку. Усё нашаму козыру ў масць.
Я стаю, як у бязважкасці. Дзесьці па вуліцы ступаюць жалезныя курыныя лапы. «Уф, уф», — цяжка дыхаюць машыны. Цяжка, так не хочацца ім аддаваць кісларод. Сёння валадар будзе лічыць грошы…
Хтосьці ззаду штурхнуў мяне.
— ідзі. Чаго стаіш?
Нягнуткімі нагамі ступаю на памост. Што гэта? Памост ці сцэна? Памост… Сцэна… Вы мне скажаце: што гэта?
«Дзівак, — думаю сам сабе. — І я тут стаў дзіваком, як і ўсе. Не. Я не дзівак. Я чалавек. Ча-ла-век! Мне хочацца паглядзець на кветку. Яна ж часцінка, малая-маленькая часцінка прыроды. Я чалавек».
Я чалавек. Ступаю. Мне здаецца, што вось-вось лясне каля вуха, што пугай, вокліч: «Стой!» І я сам сябе прыспешваю: «Хутчэй!» Я чалавек. Я хачу паглядзець на кветку. Не праганяйце мяне! Дазвольце. Калі ласка.
Вось яны, акуляры бінокля. Падаю на калені, гляджу… Мяне не адарваць, не знойдзецца такой сілы, якая адарвала б ад акуляраў бінокля.
Кветка… Думаў, што дзіўная, заморская. А гэта звычайная траўка-мураўка. Траўка-мураўка… Яшчэ называецца спарыш… Яшчэ птушыная грэчка… Не. Траўка-мураўка… Казачны асілак-волат ляжаў, адпачываў, тулячыся шчакою да тваіх мяккіх лісцікаў. А другі, прагны, хлуслівы, з мячом у руках краўся, каб… Не. Пра гэта не думаць, не думаць. Думаць пра тое, што я бегаў басанож і ты лашчыла сваім дотыкам. Калі гэта было? Здаецца, учора бегаў. Так, учора. Як даўно!.. Зеленавата-белыя кветачкі… Звычайная траўка-мураўка…
Хтосьці балюча сціснуў маё плячо. І крык:
— Ён не заплаціў!..
Усё. Мігнулі зеленавата-белыя кветачкі і зніклі… А думалася, што не знойдзецца такой сілы, якая адарве мяне ад акуляраў бінокля. Знайшлася…
Я стаяў на памосце. Два легіянеры ў чорных накідках трымалі мяне.
— Ен не заплаціў! — гудзела над галавою.
— Штаны здымі,— хтосьці тоненька хіхікнуў. Я рвануўся.
— Пусціце.
— А ты плаці. Заплаціш — адпусцім. Інакш… Краёчкам вока я заўважыў, як на памост кінуліся Піліп Макаравіч, Сакс і Васіль.
Сакс штурхнуў легіянера ў грудзі. Піліп Макаравіч крыкнуў:
— Адпусціце.
Легіянеры, пэўна, разгубіўшыся, адступілі назад. Жалезныя пальцы адпусцілі мяне. Піліп Макаравіч узяў мяне за руку, што малога.
— Хлопчыкі, уцякайце. Сакс, ідзі з імі. Выручай…
— Не. Вы ратуйцеся. Я як-небудзь.
Нехта абняў мяне, павёў у натоўп. Я ступаў як не сваімі нагамі. Яшчэ памятаю, як мы з Васілём стаялі непадалёку ад памоста. А Піліп Макаравіч казаў:
— Людзі, не бойцеся валадара Карпа. Прырода дадзена вам не на дзве, не на тры секунды, а навечна. Людзі! Карп не ўсемагутны. Вашы рукі пасадзяць сад, вашы рукі зробяць з пустыні аазіс.
На Піліпа Макаравіча наваліліся легіянеры. Ен крычаў:
— Не бойцеся валадара… Не бойцеся Карпа. Натоўп скалануўся, загудзеў. У самай ціхай вады свая быстрыня.
— Людзі…
Натоўп падаўся наперад. Наперад… Не. На памост ускочыў Таран. Шпік Таран. Падбег да Сакса, сарваў вусы, бараду, узняў высока ўгору.
— Гэта Сакс! Дэзерцір Сакс! Наш усемагутны валадар шукае яго. У цямніцу! Хто яшчэ жадае ў цямніцу? Загінеце без кіслароду, што мухі. Усемагутны пан Карп…
Натоўп уздыхнуў у адзін голас і стаў адступацца, расцякаючыся ручайкамі. Нас з Васілём панесла ў гэтым жывым віры. Шчасце, што трымаліся за рукі.
Ноччу праз сцяну
Пайшлі глядзець кветку, а выйшла што? Легіянеры схапілі і Сакса, і Піліпа Макаравіча. Не думалася пра такое. А ўсё Таран… Зблытаў карты. Канешне, Піліп Макаравіч мог уцячы. Спярша легіянеры быццам аслупянелі. Сігануў бы ў натоўп — і як растварыўся б. Няўжо ён не разумеў, што легіянеры не дадуць гаварыць, што скруцяць? Навошта ён так зрабіў? Відаць, нейкая струна ў яго душы парвалася, не вытрывала. Занадта туга нацягнута яна была.
Мы з Васілём спярша проста так хадзілі па горадзе. Але вось загудзелі сірэны, і людзі, як і тады, калі мы першы раз пачулі гэты працяглы стогн, кінуліся ўрассыпную, хто куды.
— Па свае балончыкі пабеглі,— здагадаўся Васіль.
— Пабеглі,— прамовіў я. — А нам куды?
— Трэба ратаваць Піліпа Макаравіча і Сакса, — сказаў Васіль.
Ратаваць… Але як? Як вырваць іх з кіпцюроў Карпа? Па-першае, мы не ведалі, дзе знаходзіцца палац валадара. Па-другое, разумелі: палац жа ахоўваецца легіянерамі. Не прапусцяць нас, калі і вельмі папросім. Дый невядома, што з Піліпам Макаравічам і Саксам. А калі Карп загадаў, каб кінулі іх у тую клетку, дзе лысы леў?
— Васіль, ты што-небудзь прыдумаў?
— Не.
— Ты падумай. Добра падумай, — папрасіў я.
— Добра… Кепска, — са злосцю прагаварыў Васіль. — Ніколі так, як цяпер, я не думаў. Нават на ўроку матэматыкі.
Я штурхнуў яго.