Выбрать главу

— Шкада мне яго, — прагаварыў Васіль. — На карачках поўзае, пад кожную лаўку зазірае. Каб толькі начальнікам быць.

— Не шкадуй, — сказаў я. — Заўтра ён нас так пашкадуе, што млосна стане.

— Давай спаць, — прапанаваў Васіль. Мне не спалася. Толькі заплюшчу вочы — лысы леў, што здань, вырастае. «Антон, аддай лесвіцу», — дражніцца. Непрыемна, скажу вам.

— Не спіцца? — пытаецца Васіль.

— Не спіцца. Усякая трасца ў галаву лезе.

— Зноў сніцца, як з бацькам бульбу пяклі?

— Не. Лысы леў у вачах стаіць.

— Які лысы леў? — здзівіўся Васіль.

— Ды той, пра якога Карп у аб'яве напісаў. Няўжо не памятаеш? Той леў аблысеў, яго не хочуць прызнаваць другія львы. Карп яшчэ ўзнагароду паабяцаў таму, хто дапаможа льву.

Васіль падсунуўся бліжэй да мяне, зашаптаў на самае вуха:

— Я ведаю, як выратавацца. Заўтра скажам Тарану, што вылечым ільва. Дапаможам яму.

Ці не праз сон кажа Васіль? Як яму дапаможаш? Ен жа зусім аблысеў.

— Васіль, ты не спіш? — пытаюся.

— Ні ў адным воку сну няма. Антон, мы дапаможам…

— Калі галава аблысее, то валасы на ёй і за сто гадоў не вырастуць, — кажу.

— Не валасы, а грыва, — паправіў мяне Васіль. — Валасы ў чалавека растуць, а ў ільва грыва.

— Ну, грыва, — пагадзіўся я. — Што ты хочаш зрабіць? Пальеш вады льву на галаву і скажаш: «Расці, грыва, і вялікая, і маленькая?»

— Навошта паліваць? Няхай зробяць парык. Парык для льва. Памятаеш, як Піліп Макаравіч казаў? Калі зрабіць парык для льва, то яго стануць прызнаваць і другія львы.

І праўда, казаў. Зусім з галавы вылецела. Піліпу Макаравічу можна верыць. Есць тоненькая нітачка, за якую нарэшце схопімся. Каб толькі не парвалася.

— Адразу свой сакрэт не раскрывай, — кажу Васілю. — Скажаш так: мы льву дапаможам, а Карп няхай усіх нас з цямніцы выпусціць. І цябе, і мяне, і Піліпа Макаравіча, і Сакса. Як думаеш: пагодзіцца?

— Думаю, што пагодзіцца. Вось пасля… Я яму ні на грош не веру.

Я ўздыхнуў:

— Нічога не зробіш. У нас няма іншага выйсця.

— Няма, — азваўся Васіль. — Давай на бакавую. На гэты раз я адразу заснуў. Ні пірагі, ні бульба, ні

Карп, ні леў у гэтую палову ночы мне не сніліся.

Парык для льва

Чуць свет у нашу цямніцу прыбег Таран. Стаў на парозе, што пень на дарозе.

— Уставайце, мае даражэнькія.

— Карп кліча? — пазяхнуў Васіль.

— Не Карп, а пан Карп, — паправіў яго Таран.

— Вельмі хоча нас бачыць? Таран увесь аж засвяціўся.

— Так хоча, што выказаць немагчыма. Такія прыгожанькія хлопчыкі яшчэ не траплялі ў нашу цямніцу.

— Не пойдзем, — прамовіў Васіль.

— Як гэта не пойдзеце? — вытрашчыў вочы Таран.

— А як ходзяць? — з выклікам прамовіў Васіль. — Нагамі. Вось мы і не пойдзем нагамі.

— Няўжо на руках пойдзеце? О-о-о, гэта пану Карпу будзе даспадобы. Пабягу паведамлю.

— Стойце! — крыкнуў Васіль. — Мы не пойдзем ні рукамі, ні нагамі.

— Бач, якія прынцы знайшліся! — працягла вымавіў Таран. — Я зараз легіянераў паклічу. Яны вас плётачкамі, плётачкамі. Пакажуць дзе ракі зімуюць.

Дадумаўся: плётачкамі. Такі пакліча. Хіба яму шкада нас? Яшчэ крычаць пачне, калі легіянеры стануць біць: «Пацярпіце, даражэнькія, пацярпіце…»

— Пачакайце. Мы можам ільва вылечыць, — кажу Тарану. — Любімага льва валадара.

Ен зірнуў спярша на мяне, пасля на Васіля.

— Навошта лячыць? Хіба любімы леў захварэў?

— Аблысеў,— сказаў Васіль. — Мы чыталі. Таран заморгаў вачыма. Здавалася, вось-вось пасыплюцца слёзы што боб.

— Але, аблысеў любімы леў. Пан Карп сам не свой. Так бядуе, так гаруе. Ох і шкада яго!

— Хопіць скнарыцца, — сказаў Васіль. — Мы можам дапамагчы льву. Не зразумела?

Таран імгненна павярнуўся.

— Пабягу паведамлю.

— Стойце! — гукнуў Васіль. — Мы дапаможам ільву толькі тады, калі ваш валадар адпусціць нас, Сакса і таго чалавека, якога вы ўчора схапілі.

— Пабягу паведамлю.

Дзверы зачыніліся. Я сядзеў і разважаў: «Карп хоча льву дапамагчы. Няўжо сапраўды шкадуе? Але чаму знішчыў на планеце Сіз амаль усё жывое? Чаму? Аднаго льва шкадуе, а тысячы звяроў знішчыў».

На гэта я не мог знайсці адказу. Хацеў запытацца ў Васіля, ды рыпнулі, адчыніўшыся, дзверы. Мы ўбачылі Тарана.

— Пан Карп згодны. Ен даў слова. Прашу.

Мы з Васілём выйшлі з цямніцы. Наперадзе клыпаў Таран, ззаду, за намі, тупалі легіянеры, узброеныя пікамі. Таран доўга вёў нас цёмнымі змрочнымі калідорамі. Нарэшце спыніўся перад высокімі дзвярыма.

— Тут пан Карп, — прыклаў палец да вуснаў.

— Дзе? Дзе? Нідзе не бачу, — знарок азірнуўся Васіль.

— Там, — тыцнуў пальцам Таран. — За дзвярыма.

— Так і сказалі б: там, а не тут.

— Нядобры хлопчык. — Таран памахаў пальцам, ушчуваючы. — Ой, нядобры. Я цябе наскрозь бачу. Такому сунь палец у рот…

— Адкусіць, — закончыў я.

Таран адхапіў палец. Відаць, падумаў, што Васіль сапраўды адкусіць. Пасля, два разы кашлянуўшы, асцярожна стукнуў у дзверы. Яны, як па камандзе, адчыніліся.

— За мною, — ціха прамовіў Таран.

Мы ўвайшлі ў вялізную залу. Падлога, сцены, столь — усё зіхацела. «Напэўна, і сцены, і столь, і падлога зроблены з умела дастасаваных крышталікаў гіпсу», — падумалася.

У канцы залы стаялі два троны. Адзін вышэйшы, а другі крыху ніжэйшы. На вышэйшым троне сядзеў, відаць, сам валадар Карп. Такога страхалюда я яшчэ не бачыў. Увесь чорны, што галавешка. Чорныя, кучаравыя, як у барана, валасы і на галаве, і на твары. Не зразумець, дзе барада, дзе вусы. Нават рота не відаць. Толькі вочы блішчаць, што ў галоднага. Не галава, а сапраўдны круглы чорны шар. Побач сядзела жанчына. Яе твар свяціўся, што святлафор, калі адразу запаліць усе ягоныя агеньчыкі. Уявіце самі. Губы нафарбаваныя чырвонай-чырвонай фарбай. Такой у нас звычайна пажарныя шчыты фарбуюць. Для вачэй не пашкадавала зялёнай фарбы. А шчокі жоўтыя, нібы жаўткамі ад яйца націралася. Непадалёку, выцягнуўшыся, стаяў гігант у чорнай з чырвонымі плямамі накідцы. Рост пад два метры. А таўшчыня… Удвух з Васілём мы яго не абхапілі б.

Было на што паглядзець. Адзін чорны, што галавешка, другая, што святлафор, трэці — сапраўдны волат-дуб.

— Пан Карп. Наш валадар, — кіўнуў галавою Таран, паказваючы на чорнага.

— Хай самі здагадаюцца, як мяне зваць, — падскочыла на троне жанчына-святлафор.

— Жонка пана Карпа, — шапнуў Таран.

Васіль адкрыў рот, каб нешта сказаць, ды мужчына-гігант як гаркне:

— Маў-чаць!

У нас з Васілём і насы апусціліся.

— Не бойцеся, — усклікнула жанчына-святлафор. — Наш генерал Курт забыўся ўсе словы, акрамя аднаго: маўчаць.

«Курт — ад слова «каракурт», — думаю сабе я. — Каракурт — ядавіты павук. На яго брушку трынаццаць плямінак белаватага альбо чырванаватага колеру. Так, здаецца, тлумачыў Сакс».

— Хто з вас здагадаецца, як мяне зваць? — падскочыла на троне жанчына-святлафор.

— Скажыце: Саўка, — шапнуў Таран. — Ей будзе даспадобы, што вы здагадаліся.

Смешна і пацешна. Жанчына, а імя мужчынскае — Саўка.

— Дык як мяне зваць?

— Скажыце: Саўка, — прашаптаў Таран.

Я зірнуў на Васіля. Аж калоціцца ад бязгучнага смеху — лапаткі так і ходзяць ходырам.

Я штурхнуў яго.

— Кажы: Саўка.

— Саўка… Ха-ха-ха… Саўка… — паехаў з рогату Васіль.

Мне думалася, што Саўка ўзлуецца, затупаціць нагамі. Але ж не. Захіхікала, трымаючыся за жывот:

— Хі-хі-хі… хі-хі-хі…

— Чаму яе зваць Саўка? — павярнуўся я да Тарана.

— Ад назвы кветкі — красаўка.

І праўда, ёсць такая ядавітая кветка красаўка… Адкінуць першыя тры літары — выходзіць Саўка. Цікава…