Выбрать главу

— Пана Карпа ратуйце! — залямантавала Саўка. А сама ў дзверы. Мы з Васілём, як дамовіўшыся, за ёю. Насустрач — легіянеры. Наставілі пікі.

— Пана Карпа ратуйце! — галёкнула Саўка. І тады мы з Васілём у адзін голас:

— Пана Карпа ратуйце!

Легіянеры, падняўшы пікі, у залу. Саўка на двор. І мы на двор. Саўка сабе:

— Пана Карпа ратуйце! Мы з Васілём сабе:

— Пана Карпа ратуйце!

Што тут нарабілася! З усіх бакоў легіянеры. Чэшуць у залу, наставіўшы пікі. Нават тыя, якія каля варот стаялі. Усіх паднялі на ногі.

— Васіль, — крыкнуў я, — невядома, ці знойдзем Піліпа Макаравіча і Сакса. Пакуль не апамяталіся, давай за вароты.

— А пасля што?

— Лес пасеем… Насенне Піліпа Макаравіча ў цясніне… У рукзаку… І рукзак, і палатку там пакінулі. Забыўся?

— Пабеглі,— кіўнуў галавою Васіль. Мы рвануліся ў вароты.

— Пана Карпа ратуйце! — недзе ззаду лямантавала Саўка.

Сеем лес

Мы з Васілём ніколі так не беглі, як сёння. Канешне, і раней прыходзілася бегаць. Асабліва ў школе, на ўроку фізкультуры. Ды ў школе можна прабегчы, як гаворыцца, і на чацвёрку. За гэта ніхто не пакарае. Сёння чацвёрка, а заўтра пяцёрка. А цяпер разумелі, што заўтра не будзе. Адчувалі, што Таран пашле салдат наўздагон. Таму і перлі без духу.

Метраў трыста заставалася да цясніны, калі Васіль, не вытрываўшы, упаў на пясок.

— Антон, усё. Болей не магу.

— Васіль, уставай, — папрасіў я.

— Хадзем, — выдыхнуў Васіль.

Мы, прыпыняючыся, павалакліся. У мяне калола ў баку, ногі быццам адзервянелі. На хвілінку заплюшчыў вочы (падумалася, што так будзе лягчэй).

Лес, зялёны, высокі, цяністы, што на малюнку, паўстаў у вачах. Той лес, які, як здалося, мы ўжо пасеялі з Васілём.

Расплюшчыў вочы. Пустыня… Жоўтыя пяскі…

— Антон, мне лягчэй, — азваўся Васіль.

— І мне лягчэй, — кажу. — Крыху аддыхаўся. Мы пакрочылі хутчэй. Вось і цясніна. Маўклівыя рознакаляровыя горы стаяць паабапал. «Аб чым яны думаюць?» — мільганула ў галаве. І адразу ж пастараўся адагнаць гэтую думку: «Горы не думаюць. Гарам не дадзена думаць». І зноў мільганула: «А ці думае чалавек, калі ссякае проста так, для пацехі, дрэва, калі паліць траву, напрыклад, восенню?»

— Ен не задумваецца, — міжволі вырвалася ў мяне ўголас.

— Ты пра што? — пытаецца Васіль.

— А-а, так, — не захацеў я прызнавацца. Васіль не стаў дапытвацца.

— Рукзак! — усклікнуў ён, відаць, забыўшыся пра ўсё на свеце.

Так, рукзак Піліпа Макаравіча ляжаў за карычневым кавалкам гліны, падобным на камень-валун. Васіль кінуўся да рукзака, спяшаючыся, пачаў расшпільваць. Я заўважыў, што ў яго дробна-дробна дрыжаць пальцы.

— Давай дапамагу, — сказаў я.

— Я сам, — прамовіў Васіль.

Нарэшце ён расшпіліў рукзак. Зверху ляжалі невялікія пакеты. Васіль стаў іх вымаць, складваючы каля рукзака. Адзін, другі, трэці, чацвёрты… Аж дванаццаць. І ў кожным — насенне!

— Табе шэсць і мне шэсць, — прамовіў Васіль. — Бяры.

Я ўзяў шэсць пакетаў, паклаў за пазуху.

— Цяпер хутчэй адгэтуль, — кажу.

— Няўжо ў пустыні мы пасеем лес? Няўжо ён вырасце з гэтага насення? — прагаварыў Васіль.

— Абавязкова вырасце, — цвёрда сказаў я.

Не буду падрабязна расказваць аб тым, як хадзілі па пустыні, як даставалі насенне то з аднаго, то з другога пакета, як кідалі яго, прысыпаючы пяском. Добра не памятаю, ці доўга так хадзілі. Але памятаю, як са страхам і нейкім невыказным болем закрычаў Васіль, тулячы да сябе пакеты (нямала насення там заставалася):

— Антон, едуць!

Па пустыні, кіруючыся да нас, я сказаў бы, не ехала, а бегла легкавушка на курыных лапах. Так, так, сапраўдная легкавушка, падобная на тыя, якія імчацца па нашых дарогах. Толькі ў яе былі не колы, а металічныя курыныя лапы. Ззаду ў легкавушцы сядзелі легіянеры. А спераду, за рулём, — Таран. Таран-тарантул, вушасты вожык. Напаў на след.

Я здагадаўся, чаму спалохаўся Васіль, чаму з такім болем крыкнуў. Яшчэ заставалася ў пакетах насенне. Баяўся Васіль, што адбярэ Таран, знішчыць, спаліць, каб і знаку не было.

— Васіль, — кажу, — пакінем тут насенне, а самі пабяжым. Усё-ткі не дастанецца Тарану.

— Пакінуць? — усклікнуў Васіль. — Загіне, згубіцца.

— Калі зноў пашанцуе вырвацца, то знойдзем.

— Як знойдзеш?

І праўда, як ты знойдзеш? У пустыні няма ніякага арыенціру.

— Трэба ў гарах схаваць, — здагадаўся я.

— У кішэні хавай. А пасля — у горы, — прамовіў Васіль.

Мы парассоўвалі пакеты па кішэнях і без аглядкі туды, дзе ўзвышаліся горы. Да іх было не так далёка, з кіламетр. Але як цяжка бегчы па пяску! А вось легкавушка на курыных лапах неслася, нібы страус.

— Заварочвайце аглоблі. Здавайцеся, — пачулі голас Тарана.

Азірнуліся — побач легкавушка. Таран зубы скаліць:

— Ад мяне яшчэ ніхто не ўцёк. Каб я так жыў. Заварочвайце аглоблі.

Мы спыніліся. Спынілася і легкавушка на курыных лапах. Надзьмутыя, што індыкі, сядзяць легіянеры, а Таран усміхаецца. Здаецца, вось-вось вылезе і расцалуе.

— Знайшоў! Ах, жэўжыкі! Ах, даражэнькія! Знайшоў!

— Мураш вас не заказытаў? — прамовіў Васіль.

— Мы вашаму Мурашу лапкі адарвалі. Хі-хі-хі,— захіхікаў Таран.

Няма Мураша. Знішчылі. Болей не пабяжыць ні направа, ні налева, не павернецца кругом… На мае вочы навярнуліся слёзы.

— Радуецеся?

— Чаму не! Цяпер вам ніхто не дапаможа.

— Невядома, дапаможа ці не дапаможа, — праз зубы працадзіў я.

— Ай-я-яй! Якія нядобрыя хлопчыкі! — з дакорам прамовіў Таран. — У цямніцу садзіць не хацелася б, а прыйдзецца.

— Расце! На пяску нешта расце! — галёкнуў легіянер, які сядзеў з краю.

— Расце! — крыкнуў Васіль. — Лес расце! Сапраўды, з пяску падымаліся маленькія кволыя парасткі. Як мы раней іх не заўважылі! Значыць, прайшло паўгадзіны, як насенне кінулі.

— Прайшло-о-о! — не вытрываў я.

А Таран, стараючыся перакрычаць мяне:

— Павырываць! Патаптаць!

— Лес расце! — крыкнуў Васіль. І я на ўсю сілу:

— Ле-е-с!

З легкавушкі выскачылі легіянеры, сталі таптаць парасткі нагамі. А яны, нашы парасткі, раслі, падымаліся проста на вачах. Іх станавілася болей і болей.

— Ура-а-а! — крыкнуў Васіль і давай скакаць. І я скакаў, стараючыся не зачапіць дрэўцы.

— Ура-а-а!..

Да нас падскочыў Таран.

— Схапіць! Звязаць! — загадаў легіянерам. Легіянеры падбеглі, звязалі нам рукі, упіхнулі ў

легкавушку. Таран сеў на сядзенне, націснуў на нейкую кнопку. Легкавушка падскочыла і пабегла на сваіх курыных лапах.

— Дасмяяўся? — гукнуў я ў самае вуха Тарану.

— Чыя ўзяла? — прагаварыў Васіль. Твар у Тарана перасмыкнуўся.

— Вы яшчэ паплачаце ў мяне, даражэнькія. Усё-ўсё пану Карпу раскажу. Па галоўцы не пагладзіць.

Легкавушка на курыных лапах імчалася ў горад. А тут, сярод пяскоў, рос, падымаўся лес. Лес, які павінен быў даць жыццё планеце Сіз. Жыццё, якое нясе радасць, шчасце.

Карп гневаецца

На гэты раз дзверы, якія вялі ў залу, былі адчынены. Таран спыніўся.

— Каб ціха стаялі. Пан Карп і пані Саўка не ў гуморы.

Так, не ў гуморы. Яны бегалі па зале і спрачаліся. А генерал Курт, што слуп, стаяў каля трона і, вылупіўшы вочы, глядзеў на іх. Ен, відаць, анічога не разумеў. Затое мы з Васілём добра разумелі.

— Хачу, каб яны былі маімі поні,— лапатала Саўка, наступаючы на Карпа.

Карп стараўся ўцячы ад яе, кідаючыся то ў адзін бок, то ў другі. Пэўна, так даняла, што ў пяты закалола.

— У цямніцу іх трэба, у цямніцу, — казаў, як агрызаючыся, Карп.