Выбрать главу

— Не, поні.

— У цямніцы ім будзе лепей.

— Будзе лепей, калі ў вазок запрагу.

Дзіўныя ў іх разважанні. Можна падумаць, што яны мне і Васільку стараюцца прафесію выбраць, якая дапаможа па жыцці крочыць. А разабрацца? Адзін з агнём, а другі з полымем.

— Дзе Таран? Дзе той валацуга бадзяецца? — тупнуў нагою Карп.

— Я тут, мой любімы пан Карп, — убег у залу Таран.

— Хлопчыкаў злавіў?

— А як жа. Я і мурашку злавіў бы, калі б вы загадалі. Я за вас і ў агонь і ў ваду, — лістам слаўся Таран.

Курт раптам:

— Маў-чаць!

— Не гарлапань, — паморшчылася Саўка. — Надакучыў ты мне.

— Хлопчыкаў,— загадаў Карп.

— Хлопчыкаў,— гукнуў Таран. Мы ўвайшлі ў залу.

— Поні! Мае поні з'явіліся! — аж запляскала ў далоні Саўка.

— Дзе ты іх злавіў? Дзе яны хаваліся? — ледзяным голасам прагаварыў Карп, звяртаючыся да Тарана.

— Па пустыні, нібы мурашкі, бегалі. Са страху, відаць…

Карп паскроб бараду. Пасля сказаў:

— Страху яны яшчэ не бачылі. Дык убачаць.

— Абавязкова ўбачаць, — хіхікнуў Таран.

Не даруе нам Карп. Памятае, злыдзень, як Мураш яго казытаў. На ўвесь палац роў. Нібы леў. Не даруе…

— Пан Карп, дазвольце паведаміць, — пачаў Таран. А Курт на ўвесь голас:

— Маў-чаць!

— Дазваляю, — прагаварыў Карп. Таран кашлянуў у кулак.

— Пан Карп, у пустыні пачалі дрэвы расці. Карп кінуўся да трона, з разгону ўскочыў на яго, што на каня, ушчарэпіўся абедзвюма рукамі.

— Якія дрэвы? Ты што вярзеш?

— Такія невялікія. Зялёненькія.

— Знішчыць.

Ага… Так ты і знішчыш. Сярод пяскоў, напэўна, добры лясок падняўся. Шкада, што Піліп Макаравіч яго не бачыць. Дзе ён цяпер? Дзе? Як нам вырвацца з рук бязлітаснага Карпа?

— Я, я… — хацеў штосьці сказаць Таран.

— Знішчыць, — тупнуў нагою Карп.

Таран, падтуліўшы хвост, у дзверы. От ірвануў, аж пяткі заблішчэлі.

— Карп, — прамовіла Саўка, — я думала, думала і прыдумала.

— Саўка, што ты прыдумала?

— Я прыдумала так: хлопчыкі будуць маімі поні, а замест іх у цямніцу пасадзім Курта.

Карп пачухаў бараду.

— Курта? Чаму Курта?

— Мне кепска пасля таго, як на цябе тая металічная цацка накінулася. Крыку не пераношу. Генерал Курт галёкне — у мяне ўсе жылачкі трасуцца. Пасадзі Курта ў цямніцу.

— М-маўчаць! — заікаючыся, галёкнуў Курт.

— Ой, — войкнула Саўка. — Ен ужо і заікаецца. Пасадзі ў цямніцу. Хай там мышэй палохае.

— Твая праўда, Саўка. І мышэй трэба некаму палохаць.

А Курт:

— М-маў-чаць!

— Галасок у яго генеральскі,— прамовіў Карп.

— Не даспадобы мне ягоны галасок. Пасадзі яго ў цямніцу. Пасадзі!

— Пасадзіць — не пасадзіць, — стаў разважаць Карп. — Пасадзіць — будзе мышэй палохаць. Можна прызначыць галоўным палохальшчыкам мышэй.

— Прызначыць! Галоўным палохальшчыкам мышэй прызначыць! — аж заскакала Саўка.

— Не пасадзіць — застанецца генералам, — разважаў Карп. — А які ж я валадар без генерала? Не…

— Пасадзіць! Пасадзіць! — залямантавала Саўка. — У нас не будзе палохальшчыка мышэй.

Генерал Курт стаяў, выцягнуўшыся, і толькі адкрываў і закрываў рот. У яго са страху, мабыць, мову адняло.

— Саўка, супакойся, — прагаварыў Карп.

— Я не супакоюся. Ніколі-ніколі не супакоюся. Пасадзі-і-іць, — заплакала Саўка, размазваючы па шчаках слёзы.

Яны сыпаліся з яе вачэй што боб. Калі б вы глянулі на яе, то, напэўна, спалохаліся б. Фарба размазалася па шчаках, па носе, нават па лбе. Цяпер гэта была не жанчына-святлафор, а нейкая стракатая птушка. Калі б знарок хацеў так выпацкацца, то не выпацкаўся б.

— Пасадзі-і-іць…

— Саўка, я яшчэ не падумаў.

Невядома, чым закончылася б іхняя сварка, калі б у залу не ўляцеў Таран. Такім мы яго яшчэ не бачылі. Чорны плашч парваны, вісіць шматкамі. Пад адным і другім вокам два бардовыя сінякі.

— Пан Карп, бяда, — грукнуўся Таран на калені.

— Бяда? — голас у Карпа задрыжэў.

— Дрэвы да самага горада падступаюць. Вялікі лес расце. Гора!.. Гора нам!

— Зні-ішчыць.

— Дрэвы на вачах растуць. І людзі. Легіянераў прагналі, збілі, мяне во як узнагародзілі,— паказаў на сінякі Таран.

Значыць, прачнуліся людзі. Усё-ткі аджылі. Лес — сябар, лес — добры доктар. Ен разбудзіў. Цяпер людзі не дадуць свайго сябра ў крыўду.

— Пан Карп, гора!.. Вялікае гора!

— Гора, — працадзіў праз зубы Карп. — Лес вырасце — не стануць кісларод купляць. А мне трэба грошы. Самым-самым багатым хачу заўсёды быць.

І чаму ён такі сквапны? Мне, маё… На мой век хопіць… Абы яму добра было. А другім? Чаму пра другіх ён не думае? Калі ж ён стаў такім? Няўжо тое, добрае, з якім нарадзіўся ў душы, нейкім чынам выгарала?

— Трэба радавацца, — усклікнуў Васіль. — Лес расце, а вам страшна? Радуйцеся!

— Гэта ўсё яны, — прамовіў Карп. — Яны няшчасце прынеслі. Пікамі іх закалоць. Пікамі. І тых, якія ў Цямніцы сядзяць…

Няўжо канец? Няўжо і я, і Васіль, і Піліп Макаравіч загінем? Як жа нам выратавацца? Павінна быць нейкае выйсце. Павінна… Клей… У мяне ў кішэні клей Піліпа Макаравіча! Клей незвычайнай трываласці. Забыўся. Вось галава! Усё вылятае.

— Хочаце быць заўсёды самымі-самымі багатымі? — пытаюся ў Карпа.

Карп падняў руку. Відаць, хацеў шчоўкнуць пальцамі, загадаць, каб нас схапілі. Апусціў.

— Ты зробіш мяне самым-самым багатым?

— Мы льва перамаглі,— кажу. — Мураша на вас напусцілі. Лес мы таксама пасеялі. І самым-самым багатым можам зрабіць.

— Гэта вы лес пасеялі?

— Яны, яны, — усклікнуў Таран, стараючыся падліць смалы ў агонь. — Нездарма па пустыні лазілі. Яны быццам чэрці лазатыя.

«Сам ты чорт лазаты», — ледзь не крыкнуў я. Але стрымаўся. Няхай кажа. Можна пацярпець. Хоць парасём заві, толькі ў мех не садзі.

Карп шчоўкнуў пальцамі.

— Развязаць.

Да мяне падбег Таран. Сагнуўся. Развязвае вяроўку.

— Хутчэй не можаш? — скоса зірнуў я на яго. Што ж, хоць душу адвяду.

— Хутчэй, — тупнуў нагою Карп.

— Я стараюся, пан Карп. Я вельмі стараюся, — Таран пусціў слязу. А пасля, развязаўшы, выдыхнуў: — Пан Карп, пастараўся.

— Яму развяжы, — паказаў я на Васіля.

— Яму, — прамовіў за мною Карп.

Таран скрывіўся што серада на пятніцу. Рукі калоцяцца. Ці то ад таго, што Карп нагнаў страху, ці то ад таго, што ўяўляе незлічонае багацце, якое неўзабаве будзе ў ягонага валадара.

— Развязаў,— павярнуўся да Карпа.

— Хлопчык, бліжэй, — падазваў мяне Карп.

«Баіцца, каб ягоныя памагатыя не схапілі багацце», — падумалася. Я падышоў да трона, дастаў цюбік з клеем незвычайнай трываласці, капнуў кропельку на падлогу.

— Хто дакранецца да гэтай кропелькі, праз дзве-тры хвіліны стане самым-самым багатым — багацей за ўсіх на свеце!

Што тут нарабілася! Не ў казцы сказаць, не пяром апісаць. Сапраўдная катавасія. Карп упаў жыватом на падлогу, закрыў далонню кропельку, а на яго Таран, на Тарана — генерал Курт. Валтузяцца, стараюцца Карпа ўбок адцягнуць. А Саўка… Саўка бегае вакол і лупіць кулакамі ўсіх па парадку.

— Антон, — звярнуўся да мяне Васіль, — гэтыя прайдзісветы Карпу руку адарвуць. Капні кожнаму па кропельцы.

Я на ўсю сілу:

— Яшчэ ёсць кропелькі.

Пачулі. І да мяне, што галодныя мышы. Абступілі, рукамі цягнуцца.

«Зараз пакоцяць ці вочы выкалюць», — думаю.

— Без штурханіны. У чаргу станавіцеся, — крыкнуў я.

Не дайшло. Лезуць што апантаныя. Тады я, рэзка рвануўшыся, — убок. Капнуў. Генерал Курт адпіхнуў Саўку, адпіхнуў Тарана, упаў жыватом і:

— Маў-чаць!

— Не даюць. Мне не даюць, — заплакала Саўка.