Выбрать главу

— Вось вам па кропельцы, — я капнуў з цюбіка адзін раз і другі.

Нарэшце Таран і Саўка прыляпіліся.

— Натаміўся, што на таку, — кажу Васілю.

— Бедны Карп, — уздыхнуў Васіль. — Яму, напэўна, усе костачкі паламалі. Генерал Курт калі сядзеў на ім, дык яшчэ і падскокваў.

А Карп, Саўка, Курт і Таран ляжаць, не азываюцца. Чакаюць, калі стануць самымі-самымі багатымі.

Як Карпа пабрылі

Што было далей? Вядома, ні Карп, ні Саўка, ні Таран, ні Курт так і не дачакаліся, калі стануць самымі-самымі багатымі.

— Доўга яшчэ прыйдзецца ляжаць? — першым заварушыўся Таран. — Калі я стану самым-самым багатым?

— Як рак свісне, — засмяяўся Васіль.

Таран чмыхнуў, нібы вожык, ад якога адабралі сподачак з малаком.

— Абманулі, даражэнькія?

— Абманулі. Умеў прымаць добрае, умей прыняць і благое.

Цяпер мы іх зусім не баяліся. Смешна і пацешна. Ляжаць, быццам загараюць. Што ж, воўк браў — і ваўка ўзяло.

— Вось зараз. Зараз устану і вушы паадрываю, — закрактаў Таран.

— За вушка ды на сонейка, — заверашчэла Саўка. Васіль усміхнуўся:

— За вушка ды на сонейка? Не выйдзе. Нам Таран вушкі паадрывае.

— У цямніцу іх. Мышэй палохаць, — падаў голас Карп.

— Ану, даганіце, — вырашыў пацвяліцца Васіль.

— Зараз. Вушы паадрываю і скажу, што так было, — азваўся Таран.

Ен, а за ім Курт, Саўка, Карп прыўсталі. Стогнуць, вохкаюць, стараюцца рукі адарваць. Куды там! Клей, што зубамі, трымае. Знемагліся, селі на падлогу, выцягнуўшы ногі.

— Што вы зрабілі? Што? — лыпнуў на нас Таран.

— Прапа-да-ем! Ні за грош прападаем! — на чым свет стаіць закрычала Саўка.

А генерал Курт ні з таго ні з сяго:

— Засада!

— Сядзіце спакойна, — кажу. — Усё роўна вам не адарвацца. Гэты клей асаблівай трываласці.

— Дапамажыце адляпіцца. Міленькія, родненькія, — заплакаў Таран.

Ен плакаў па-сапраўднаму, наўзрыд, размазваючы па шчоках слёзы.

— Вожык-вушасцік, супакойся, — лагодна сказаў Васіль.

А ён яшчэ мацней:

— Родненькія, век вам буду служыць. Адклейце.

— Чаго пішчыш, як парася ў плоце? — абурыўся Васіль. — Пасядзі. Табе карысна. Бегаючы, усе падэшвы стаптаў.

— Яны нас адпусцяць. Яны нас адклеяць, — прамовіў Карп. — Легіянеры…

Васіль як тупне нагою.

— Цішэй. Калі яшчэ хоць слова пачую, то ўсяго прыклею. Будзеш, што ў гіпсе, ляжаць.

Карп толькі зубамі клацнуў, нібы воўк.

— І ты не румзай, — кажу я Тарану. — Бо рот склеім, калі будзеш румзаць.

— Даруйце, — прамовіў Таран.

— Антон, дай цюбік з клеем, — прагаварыў Васіль.

— Навошта? — здзівіўся я.

— Ты папільнуеш гэтых арыштантаў, а я пайду легіянераў прыклейваць. Думаю, што і ім захочацца самымі-самымі багатымі стаць.

— Клею на ўсіх легіянераў не хопіць.

— Хопіць. Я так зраблю, што яны будуць па трох ці па пяцёх да адной кропелькі прыклейвацца.

Канешне, ён так і зрабіў бы, але… Але ў залу ўбег Сакс. Спыніўся каля дзвярэй. У яго, мабыць, вочы на лоб палезлі. Што ж, было ад чаго здзівіцца. Мы з Васілём ходзім па зале, што гаспадары, а Карп, Саўка, Таран, Курт сядзяць, выцягнуўшы ногі, што малыя дзеці.

Мы падбеглі да Сакса, прытуліліся да яго. Некалькі секунд стаялі моўчкі.

— Чаму яны сядзяць, як вароны? Што з імі? — парушыў маўчанне Сакс.

— Прыклеілі,— пахваліўся Васіль.

— Клеем Піліпа Макаравіча?

— Тым самым. А Піліп Макаравіч дзе цяпер? Як вам удалося з цямніцы вырвацца?

— Лес вы пасеялі? — пытаецца Сакс.

— Мы, — кіўнуў галавою Васіль.

— Піліп Макаравіч адразу падумаў, што вы, — прамовіў Сакс. — З цямніцы нас людзі вызвалілі. Яны ўсіх-усіх легіянераў паразганялі. Легіянеры хацелі лес знішчыць.

Вось якая бура прайшла па планеце Сіз, калі мы Карпа, Саўку, Тарана і Курта прыклейвалі. Вядома, крыху было шкада, што не пабачылі, як людзі праганялі легіянераў. Пэўна, тыя так давалі драпака, што і пікі павыкідалі. Зашыліся, сядзяць, што мышы, не варушацца. Але ж і тут, пагадзіцеся, сапраўдны спектакль сыгралі.

— Чаму Піліп Макаравіч не прыйшоў? — пытаюся.

— За горад пабег. Баіцца, каб шкоды яго насенне не нарабіла.

Мы з Васілём пераглянуліся. Вядома, і Васілю Ўспомнілася прымаўка, якую так часта паўтараў Піліп Макаравіч: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.

Няўжо мы з Васілём бяды нарабілі? Няўжо з аднаго насення вырасце не сто парасткаў, а тысяча ці незлічонае мноства?

Сакс заўважыў, што мы спахмурнелі.

— Хлопцы, не вешайце носа. Піліп Макаравіч цудоўны вучоны. Веру, што ягонае насенне дасць нам жыццё.

— Трэба і нам за горад, — сказаў Васіль. — Сваімі вачыма на лес паглядзім.

— Крыху пачакайце, — усміхнуўся Сакс. — Хачу пана Карпа пабрыць. Зарос, што мядзведзь. Хай людзям свой сапраўдны твар пакажа.

Сказаў гэтак і з залы выйшаў. Неўзабаве бачым: нясе тазік з вадою, мыла, памазок, брытву.

— Цырульня прыехала, — пажартаваў Васіль.

— Брыць будзеш? — лыпнуў на Сакса Карп.

— Буду. Засвецішся, што медны самавар.

— Не трэба, — закрычала Саўка. — Я яго не пазнаю. Я тады:

— Рот склеім, калі хоць слова пачуем.

Саўка ўсхліпнула, апусціла галаву. А Сакс намыліў Карпу твар і пачаў брыць. Хутка, спрытна. Не ведаю, дзе ён так навучыўся. Магчыма, трэніраваўся. Магчыма, сніўся яму вось гэткі дзень.

Дзесяць хвілін не прайшло — засвяціўся твар у Карпа, як і абяцаў Сакс. Паглядзелі б вы на гэтага валадара! Шчокі маршчыністыя, старэчыя, носік маленькі, што кнопачка, губы выцягнутыя ў дудачку. Цяпер я здагадаўся, чаму ён так зарос. Хацеў, каб аднаго ягонага выгляду баяліся. І баяліся. Думалі, што сіла незвычайная. А выйшла што? Дзядок з ротам-дудачкай.

Карп сядзеў спусціўшы нос і скрыгітаў зубамі. А Саўка… Паціху плакала Саўка.

Мне не хацелася на іх глядзець.

— Пойдзем за горад, — паклікаў я Васіля.

— Пойдзем, — пагадзіўся ён.

Ці сустрэліся мы з Піліпам Макаравічам? Сустрэліся! Ен сам спяшаўся да нас. Усміхнуўся:

— Хлопцы, роўна па сто парасткаў з аднаго насення вырастае.

— А вы баяліся, — сказаў Васіль. — Сем раз адмерай, а адзін раз адрэж… Вашу прымаўку можна ў архіў здаваць.

— Прымаўкі ў архіў не здаюцца, — адказаў Піліп Макаравіч. А пасля дадаў: — Не забывайцеся пра гэта, хлопцы.

— Мы хутка паляцім дамоў? — пацікавіўся я.

— Хутка. «Альбатрос» Сакса чакае нас.

Мы ішлі па планеце Сіз. Як вясною, зелянела маладое лісце дрэў. Мне здалося, што дзесьці там, у гушчыні, нясмела цвіркнула птушка.

Прыгоды шасцікласніка Максіма

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Вушасцік

Дзе два, там трэці лішні

У суботу, якраз пасля ўрока матэматыкі, паклікаў мяне Косця Цітоў:

— Макс, выйдзі на хвілінку ў калідор.

Маё сапраўднае прозвішча і імя Талерчык Максім, а ён мяне заўсёды то Талеркай, то Максам называе — гэта ўжо як захочацца яму. Ну, а я яго альбо Цітам, альбо Костачкай.

З Косцем я ў сёмым класе вучуся. Мы хоць і вясковыя, але ў чатырохпавярховым доме жывём. У нас у кватэры і вада, халодная і гарачая, і газ, і электрычны званок ёсць каля дзвярэй. А вось у бабулінай вёсцы (ад нашай, Ліпені, да бабулінай, Прырэчча, трыццаць восем кіламетраў з хвосцікам — тата неяк знарок на спідометры аўтамабіля вымяраў) усе хаты драўляныя, аднапавярховыя. Аднаго разу бабуля папракнула: «У сяле жывяце, а нат курыцы не трымаеце». — «Хлеўчыка няма. Нам кватэру без хлеўчыка далі», — пачала адгаворвацца мама. А бабуля: «З дошак збілі б. Ці доўга гэта? Пад ляжачы камень вада не цячэ». Тут тата за маму заступіўся: «Нам і без курэй хапае работы. Вера цалюткі дзень у магазіне, а я дацямна на трактары».