Бачу: нарэшце ідуць. Ужо ў пад'ездзе іхнія крокі чуюцца. Цікава, што скажуць яны мне?
Вось зайшлі ў кватэру, шэпчуцца.
— Вера, няўжо Максім падлогу памыў?
— Відаць, ён.
Я сцішыўся, маўчу. Няхай яшчэ паразважаюць.
— Вера, можа, маці да нас прыехала?
— Не, яна казала, што не хутка прыедзе.
— Значыць, Максім.
— Канешне, Максім. Ды разувайся ты.
А я на крэсле ад нецярпення аж падскокваю. Чаго яны там топчуцца? Заходзілі б хутчэй.
Нарэшце зайшлі мама і тата. Мама адразу букет заўважыла.
— Максім, ты і букет прынёс?
— Падабаецца? — пытаюся.
— Вельмі,— прагаварыла мама. — Як гэта ты надумаў?
Тата ўважліва паглядзеў на мяне.
— Можа, ён двойку прынёс? Можа, сваю віну загладжвае?
Я пакрыўдзіўся.
— Не выклікалі мяне сёння. Проста я для вас падарунак падрыхтаваў.
— Падарунак? — пачухаў патыліцу тата.
— Падарунак. У вас заўтра свята. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Дык няхай яно вам запомніцца.
— Дзякую, Максім, — сказаў тата. — Сапраўды, заўтра свята. Мяне ўжо і на рабоце павіншавалі, прэмію далі.
Тата выняў з кішэні два рублі.
— Трымай. Цукерак сабе купіш.
Узяў я грошы і думаю: «Заўтра за іх чатыры білеты куплю. Трэба папрасіцца ў таты, каб у горад пусціў. Цяпер, пакуль добры».
— Тата, дазволь у горад на выстаўку з'ездзіць. Я не адзін паеду. З Косцем. Яго пусцілі.
Тата павярнуўся да мамы.
— Але, заўтра і ад нас павязуць жывёлу на выстаўку. Хацелася і мне пад'ехаць, паглядзець, ды трэба на ферме быць. Думаў, што вазьму Максіма ў горад… Не выходзіць.
— Можа, аднаго адпусцім? — запытала мама.
— Мне не шкада. Няхай бы паехаў. Але хто за яго ўрокі будзе вучыць?
«Калі б удвух з татам паехалі, то і ўрокаў не трэба было б вучыць, — падумаў я. — Знарок прычыну знаходзіць, каб не пусціць. Але што цяпер скажаце?»
— Тата, у панядзелак мы не вучымся. Нас на бульбу пасылаюць.
— Што ж, калі на бульбу, то можаш паехаць. Ды доўга не баўся. І на вуліцы не лаві варон. У горад транспарту з усяго раёна наедзе.
— Не хвалюйся, — супакоіў я тату, — мы ў школе правілы вулічнага руху ўжо шосты год вучым.
— За шэсць гадоў не толькі правілы вулічнага руху, але і кітайскую грамату можна вывучыць, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз прагаварыў тата.
Але я асабліва не прыслухоўваўся да ягонай гаворкі. Галоўнае, што ў горад адпусціў. Я быў на сёмым небе ад радасці. Два рублі ёсць, чатыры латарэйныя білеты куплю. Чатыры білеты! Няблага выходзіць. За чатыры білеты я не адну авечку, а дзве выйграю. Але дзе вяроўку ўзяць, каб гэтых авечак дамоў прывесці? Дзе? У таты папрасіць? Не, гэта не выйдзе. Трэба так зрабіць, каб і не здагадваўся тата, што авечак прывяду, няхай авечкі для яго будуць неспадзяванкаю. Няхай здзівіцца, няхай паглядзіць, што і я на нешта здатны. Дык дзе ж у нас вяроўкі ляжаць? У кладоўцы? Не, няма. У ваннай? Таксама няма. Вось дзіва. Ва ўсёй кватэры ніводнай вяроўкі не знойдзеш. А на балконе? На балконе ёсць шнур. Мама на ім бялізну вешае. Калі мы ў кватэру пераехалі, тата на балконе, на сценах, з аднаго і з другога боку, жалезныя вугольнікі прымацаваў. У вугольніках загадзя дзіркі зрабіў і ў гэтыя дзіркі прасадзіў шнур, а канцы шнура на вузел заціснуў. Не хопіць у мяне сілы вузлы развязаць. Прыйдзецца шнур нажом абрэзаць. А потым? Што будзе потым? Убачыць тата, што шнур парэзаны. Пазнае… Што ж рабіць? Ну і няхай пазнае, не бяда. Усё-такі я авечак прывяду. Авечкі вунь колькі каштуюць…
Вечарам я ўзяў на кухні нож і ціхенечка пракраўся на балкон. Раз — з аднаго боку нажом, раз — з другога — упала вяроўка. А ў мяне на душы стала нядобра, так нядобра, быццам нешта благое зрабіў.
— Максім, чаго ты на балкон пайшоў? — раптам пачуўся мамін голас.
Я аж здрыгануўся ад неспадзеўкі. Вось як выйшла. На сваім балконе сваёй мамы баюся. Што ж сказаць ёй? Што?..
— Максім, чаго маўчыш?
— Мама, мне салёнага агурка захацелася. Дзе агуркі стаяць? — само сабою вырвалася ў мяне.
— У выварцы агуркі. Выварка ў куце стаіць, — сказала мама.
Я падняў з падлогі шнур, скруціў яго і засунуў у кішэню. Пачакаў некалькі хвілін, непрыкметна прайшоў у свой пакой, распрануўся і лёг у ложак, з галавою накрыўшыся коўдрай.
Нядобра, ой як нядобра на душы! І было б з-за чаго, здаецца. Нейкі капеечны шнур, а спакою чамусьці няма. Няўжо я ў чым вінаваты? Няўжо? Ды позна. Ужо позна дакараць сябе. Як сказала б бабуля, разбітага збана не склеіш.
Век жыві — век вучыся
Уночы мне прысніўся сон. Быццам выйграў я не авечку, а барана. І той баран у нас у кватэры стаіць. Стаіць і, як на дражджах, расце. Раздуўся, тоўсты-тоўсты стаў, нібы вялізны шар. А рогі, рогі якія! Вострыя, быццам дзве сталёвыя пікі. «Бэ-э-э», — крычыць баран і проста да мяне ў пакой тупае. «Няўжо ён у дзверы пралезе?» — думаю я з жахам. І шапчу: «Не чапай мяне, баранчык. Не чапай. Навошта я табе спатрэбіўся?» А баран чалавечым голасам кажа: «А навошта ты шнур абрэзаў? Куды цяпер твая мама бялізну павесіць?»
Лезе баран у дзверы, прасунуўся, падчапіў рогам коўдру, на падлогу сцягвае. Я коўдру штосілы рукамі трымаю, а ён цягне, цягне… Ужо млеюць мае рукі…
— А-а-а!.. — закрычаў я і расплюшчыў вочы.
— Уставай, уставай, — хтосьці за плячо мяне кратае.
Дык гэта ж мама. Яна будзіць мяне і коўдру сцягвае.
— Дай я крыху пасплю, — прашуся я ў мамы.
— Уставай. Хутка будзе аўтобус. Ты ў горад хацеў ехаць.
Аўтобус… У горад… Што, калі мама пойдзе на балкон? Што тады? Тады не бачыць мне горада як сваіх вушэй. Хутчэй, трэба хутчэй з кватэры ўцякаць.
Сон як рукою зняло.
— Мама, ты ідзі. Я ўжо прачнуўся.
Мама гладзіць мяне рукою па твары. Якая мяккая, якая ласкавая ў яе рука! А на душы так нядобра…
— Ідзі, мама. Я ўстаю.
— Глядзі, каб зноў не заснуў,— папярэдзіла мяне мама.
Я надзеў штаны, сарочку і накіраваўся ў ванную. Каб хаця тата не прыйшоў: прымусіць зубы чысціць і халоднаю вадою мыцца. Я адкрыў кран, дзе цёплая вада, пырснуў на твар адзін раз, другі. Хопіць. Галоўнае, каб вочы не былі сонныя.
— Зубы чысціў? — данёсся з кухні татаў голас.
— Чысціў,— адгукаюся. — Нейкую пякучую пасту мама купіла. Вельмі за язык кусаецца.
— Не бойся — не ад'есць яна твайго языка, — суцешыў мяне тата.
— Ідзі снедаць, Максім, — паклікала мама.
На стале ўжо стаяць мае любімыя картапляныя дранікі. Над талеркаю ўздымаецца пара. «Толькі з патэльні мама дранікі зняла», — здагадаўся я.
— Табе мяса пасмажыць ці са смятанаю будзеш есці? — пытаецца мама.
— Са смятанаю.
Мама налівае ў сподак смятаны, папярэджвае:
— Каб усё з'еў.
У кішэні шнур ляжыць, быццам муляе там. Дранікі ў горле засядаюць. Ледзь-ледзь з'еў адзін.
— Болей не хачу, — кручу галавою. — Нешта апетыту няма.
Мама ўважліва глядзіць на мяне.
— І праўда, нейкі не такі ты сёння… Хмурны. Быццам не з тае нагі ўстаў.
— Пасля сну заўсёды апетыт кепскі,— кажа тата. — Я на балкон схаджу, гуркоў прынясу. Салёныя гуркі для апетыту добрыя.
— Не трэба на балкон, не трэба, — спалохаўся я. — Учора гуркоў наеўся. Напэўна, пашкодзілі.
Сам не ведаю, адкуль у мяне той апетыт з'явіўся, бо за некалькі хвілін я з'еў цэлую талерку дранікаў. Мама аж усміхнулася.
— Максім, дабаўкі не хочаш?
— Не хачу. У мяне і так жывот трашчыць. Дай капеек на аўтобус.
— Дык у цябе ёсць два рублі.
Два рублі… За два рублі трэба латарэйныя білеты купляць. Не скажаш пра гэта.
— Мама, не хочацца разменьваць.
Мама дастала з кішэні халата трыццаць капеек.
— На адзін білет хопіць, а назад за свае даедзеш. Я апрануў куртку і выскачыў на двор. Толькі тут уздыхнуў вальней. Па вузкай сцежцы, пратаптанай праз нядаўна ўзараную раллю, напрасткі пакрочыў да аўтобуснага прыпынку.