— Дык сёння выстаўка ў Гродне будзе?
— Пра гэта я табе даўно тлумачу! — усклікнуў Косця. — Канешне, у Гродне.
— Сёння рабочы дзень. Хто тую выстаўку будзе глядзець?
— Логікі ў цябе няма. Лагічна трэба разважаць, — пачаў Косця. — У Гродне вунь колькі людзей жыве! У розныя змены яны працуюць. Той, хто пойдзе ў другую ці ў трэцюю змену працаваць, хіба не паглядзіць выстаўку ўдзень?
Заблытаў мяне Косця дарэшты. Калі лагічна разважаць, то і сапраўды спачатку выстаўку ў раёне праводзяць, а пасля ў абласным горадзе павінны паказваць. Павінны… Павінны…
— Хто табе казаў, што выстаўка ў Гродне?
— Ды пра гэта па ўсёй вёсцы гавораць. Адзін ты нічога не ведаеш. З нашага калгаса кароў на выстаўку павязуць. Можаш у брыгадзіра запытацца. Вунь ён ідзе. У школе быў.
Ад будынка школы насустрач нам ішоў брыгадзір, дзядзька Іван. Калі ён параўняўся з намі, я не стрываў — запытаўся:
— Дзядзька Іван, праўда, што з нашага калгаса кароў на выстаўку павязуць?
Дзядзька Іван прыпыніўся.
— Усё вам хочацца ведаць, жэўжыкі.
— Скажыце, калі ласка!..
— Павезлі ўжо… Заслужылі мы гэты гонар, — сказаў дзядзька Іван і пайшоў.
Выходзіць, выстаўка ў Гродне. Выходзіць, і бяспройгрышная латарэя будзе. Што ж рабіць?
— У вобласці ты абавязкова авечку выйграеш, — прагаварыў Косця. — Там шмат выйгрышаў. Не так, як у нашым горадзе. «Гк»… ды сыр клінковы.
Я цяжка ўздыхнуў.
— У Гродна нам не трапіць. Сто кіламетраў пехатою не пройдзеш.
— Я ўжо і сам над гэтым галаву ламаў,— прызнаўся Косця. — Думаў, ты што-небудзь параіш…
— Дружбакі, аўтобус чакае, — паклікала нас Рая. — Ці вы ў таксі паедзеце?
На школьным двары стаяў калгасны «пазік». У кабіне сядзеў Сцяпан. Мы з Косцем пераглянуліся: запомнілася, як пасмяяўся з нас Сцяпан, калі ў горад з мехам ехалі.
— Хутчэй, хутчэй. Сёння бясплатна вязу, — крычаў Сцяпан, высунуўшыся з кабіны.
Мы заскочылі ў аўтобус, праціснуліся на самы зад, селі побач на апошнія сядзенні. У аўтобус зайшлі і нашы настаўнікі: Вольга Пятроўна і настаўніца роднай мовы і літаратуры Валянціна Іванаўна. Вольга Пятроўна запытала ў Сцяпана:
— Вы сёння ў Гродна паедзеце?
— А як жа. Там без мяне як без рук, — не стрымаўся Сцяпан, каб не пахваліцца.
Аўтобус крануўся і паволі пакалываўся па вуліцы.
— Чуў? — таўхануў мяне ў бок Косця. — Сцяпан у Гродна едзе…
— Чуў. А нам што да таго?
— І мы з ім паедзем. Крадком у аўтобус прабярэмся, пад задняе сядзенне схаваемся, і няхай імчыць нас Сцяпан. Перад горадам вылезем — не прагоніць.
— А хіба мы там памесцімся — пад сядзеннем? — здзівіўся я.
— Памесцімся, — упэўнена сказаў Косця. — Я аднаго разу глядзеў. Адкінем сядзенне, ляжам адзін каля аднаго, пасля накрыемся і паедзем. — Каб паказаць, як добра нам будзе ехаць, Косця выцягнуў губы ў трубку і зачыхаў, як паравоз: — Чых-чых-чых, чых-чых-чых, ту-ту-ту-у-у… Страчай ліпеньцаў, Гародня!
Смешна выйшла гэта ў Косці, але мне было не да смеху.
Зноў крадком. Не спадабалася мне Косцева задума. Трэба неяк адгаварыць Косцю.
— Жорстка пад сядзеннем, — шапчу яму на вуха.
— А ты ў Сцяпана пуховую пярыну папрасі.
— Ну, схаваемся мы, прыедзем. А далей што? — вырашыў я падступіцца да Косці з другога боку. — Без капейкі ў кішэні ў Гродна прыедзем. Без грошай латарэйныя білеты не возьмеш…
— Есць у мяне грошы, — прашаптаў Косця.
Да нас павярнуўся Дзяніс Гародка, стараста нашага класа.
— Вам не надакучыла? Ля-ля-ля… Ту-ту-ту… Усю дарогу зубы чэшуць. Ужо перапонкі ў вушах баляць.
Звярнуўшы з шашы, аўтобус уз'ехаў на поле. Бульбяны палетак, шырокі і доўгі, як вокам акінуць, цягнуўся паўз яловы лес. Кашлатыя елкі падступалі да самай дарогі, наезджанай трактарамі і аўтамабілямі. За акном шнурамі пацягнуліся пераараныя палоскі.
— Вылазьце, верабейчыкі! — гукнуў Сцяпан. Мы дружна пасыпаліся з аўтобуса.
— Хіба тут будзем збіраць? — запытала Вольга Пятроўна ў Сцяпана. — Брыгадзір казаў, што сюды шэфаў прывязуць. А мы павінны ву-унь за той лясочак ісці. Ці не так?
Вольга Пятроўна паказала рукою на палоску лесу, якая падковаю выпіралася на поле.
— Правільна. Я вас завёз бы туды, — сказаў Сцяпан, — але там лужына. Самі разумееце. У Гродна еду…
— Вы не хвалюйцеся. Мы пойдзем. Каб толькі барозны не пераблытаць. Там не ўсю бульбу трэба збіраць. Розны гатунак пасаджаны.
— Дзе маё не прападала! — махнуў рукою Сцяпан. — Пакажу, дзе збіраць. Учора быў з брыгадзірам на полі. Яшчэ даімчыць мая ластаўка ў Гродна, не падвядзе.
Косця таўхануў мяне ў бок.
— У лес пабеглі. Схаваемся. А потым у аўтобус і — пад сядзенне…
— Не магу.
— Баішся? Тады я адзін паеду.
Хіба мог я пакінуць Косцю аднаго? Ды яшчэ каб ён думаў, што я баязлівец? Вядома, не. І я пагадзіўся з ім:
— Ну добра… Пайшлі.
Мы непрыкметна збочылі ў лес. Нейкі час ад дарогі чуліся, аддаляючыся, вясёлыя крыкі, а мы моўчкі стаялі, прытуліўшыся да шурпатага ствала елкі. А пасля, калі гамонка сціхла, мы як апантаныя кінуліся да аўтобуса.
Каля аўтобуса Косця аддаў мне сваё вядро, скамандаваў:
— Ты лезь, а я ў разведку схаджу. Можа, хапіліся, шукаюць нас. Трэба праверыць.
Я моўчкі таптаўся каля аўтобуса. Аднаму, без Косці, не хацелася пад сядзенне лезці.
— Ты не хвалюйся. Я хутка вярнуся, — супакоіў мяне Косця.
Паволі-паволі падняўся на прыступку.
— Не хвалюйся, хутка вярнуся, — крыкнуў Косця і пакрочыў па дарозе.
Я залез у аўтобус, паставіў вёдры, а пасля, падняўшы задняе сядзенне, лёг на ніз і накрыўся ім, як накрыўкай. Надзіва, пад сядзеннем было не мулка. Там ляжалі нейкія анучы, Сцяпанава ватоўка, якую я сунуў сабе пад бок. Лёг, памацаў каля сябе рукамі, правяраючы, ці застанецца месца Косцю. Здаецца, засталося, месца хопіць і яму. Задаволены, што ўсё так добра складваецца, я сцішыўся.
Прайшла хвіліна, другая, а Косці ўсё няма. Нешта доўга яго разведка цягнецца. Няўжо ён ашукаў мяне, няўжо знарок засадзіў сюды? Я пачакаў яшчэ некалькі хвілін. Косці няма… Не стрываўшы, я скінуў з сябе сядзенне, прыпадняўся і… адразу сеў. Ногі быццам самі сабою падагнуліся. Да аўтобуса кіраваліся Сцяпан і класная, Вольга Пятроўна.
Трэба ратавацца. Дзе ж Косця?.. Ратавацца, але як?..
А Сцяпан і Вольга Пятроўна ўсё бліжэй, бліжэй… Я ніцма ўпаў на падлогу, імкнучыся ўціснуцца ў яе. Я жадаў аднаго: стаць невідзімкам ці ператварыцца ў найменшага мураша.
Аўтобус злёгку ўзварухнуўся. «Яны зайшлі», — здагадаўся я. Яны — Сцяпан і Вольга Пятроўна — цяпер для мяне былі як найстрашнейшая небяспека.
Вось аўтобус завурчэў, крануўся. Я знячэўку балюча выцяўся галавою аб нейкую жалязяку. Напэўна, гузак набіў. Але цяпер я пра гэта не думаў. Недзе побач чулася гамонка. Размаўлялі Сцяпан і Вольга Пятроўна.
— Вольга Пятроўна, раней, мусіць, вучні лепшыя былі? — гудзеў бас Сцяпана.
— Нялёгкае пытанне вы мне задалі,— чуўся голас Вольгі Пятроўны. — Мы думаем у школе правесці дзень самакіравання. Хочам па-новаму школьнае жыццё арганізаваць.
Самакіраванне… Школьнае жыццё… Я нічога не разумеў з іхняй гаворкі. Дый цяпер мне было не да школьнага жыцця. Аўтобус матляла ў каляіне, ён падскокваў на калдобінах, а разам з аўтобусам падскокваў і я, і кожны штуршок балюча аддаваўся ва ўсім маім целе. Я прыкідваў — ці далёка яшчэ да шашы? Калі скончыцца гэтая праклятая дарога?
Я не стрываў. Асцярожна падняўся, зірнуў у акно. Непадалёку віднелася вёска. Такім утульным здалося мне яе знаёмае ваколле! «У акне добра, а за акном яшчэ лепей», — наплыло аднекуль у галаву.
— Не, Вольга Пятроўна, цяжка вам будзе, — гудзеў Сцяпан. — Вось ваш Максім з поля ўцёк.
— Але, уцёк, — прагаварыла Вольга Пятроўна. — Каб ведала, дзе ён цяпер, то…
Я прыслухаўся. Што хоча сказаць пра мяне Вольга Пятроўна?
Але гэтага я так і не даведаўся. Аўтобус рэзка затармазіў, і я, не ўтрымаўшыся, кульнуўся кудысьці ўперад і другі раз балюча выцяўся аб жалязяку. З вачэй пасыпаліся іскры, гарачым болем апякло нагу, а з грудзей міжволі вырвалася працяглае: «О-ой…»