Выбрать главу

— Цяпер умееш піць малако? Смачнае? Спадабалася? А спінка не баліць?

— Мя-а-а-а, — адказаў Вушасцік.

— Пацярпі, Вушасцік, пацярпі. Яшчэ не раз ты будзеш падаць. «Без мукі не набыць навукі», — паўтарыў я Вушасціку татавы словы.

Бывай, Вушасцік!

А восьмай гадзіне раніцы я прачнуўся. І адразу пабег на кухню, да Вушасціка. А Вушасцік ужо стукае капыткамі па падлозе, круціць маленькім хвосцікам. Убачыў мяне, падбег, каля ног трэцца, лашчыцца.

— Максім, хто за цябе будзе мыцца? — заглянуў на кухню тата.

Пайшоў я ў ванную, а Вушасцік — за мною. Бяжыць і тоненька заводзіць:

— Мя-а-а-а…

Адкрыў я кран — вада зацурчэла. А Вушасцік задраў галоўку і слухае. Маўляў, што гэта? Страшна яму цераз парог пераступіць. Але адважыўся, зайшоў у ванную. Стаіць каля мяне, не адыходзіцца. Вось які разумны! «Трэба і яму капыціш памыць», — думаю. Я ўзяў Вушасціка на рукі, набраў вады ў жменю, пырснуў Вушасціку на ногі, а ён як страпянецца — ледзь яго ўтрымаў.

— Мя-а-а, — просіцца, каб не мыў.

Пашкадаваў я яго. Выцер капыткі ручніком і адпусціў.

— Максім, — паклікала мяне мама, — нам з татам на работу трэба ісці. Праз паўгадзіны напоіш Вушасціка малаком. Малако ў бутэльцы стаіць. Гэтае вып'е, а болей не давай, бо пашкодзіць.

— А хто яго потым накорміць? — пытаюся ў мамы. — Няўжо ён цэлы дзень будзе галодны?

— Як-небудзь я з магазіна вырвуся, пакармлю, — сказала мама. — Не дай яму малака — ён на ўвесь дом раскрычыцца. Нецярплівы.

Роўна а палове дзевятай напаіў я Вушасціка малаком. Лёг ён на посцілку, вочкі прыжмурыў. Натаміўся, напэўна, цэлы ранак па хаце тупаючы.

Што ж, адпачывай. Пасля ўрокаў сустрэнемся.

Я апрануўся, узяў партфель, дзверы адчыніў. Відаць, здагадаўся Вушасцік, што ў школу іду. Выскачыў у калідор і ў крык:

— Мя-а-а-а…

Маўляў, не пакідай мяне, мне будзе сумна аднаму. Я адапхнуў яго рукою, а ён усё роўна да мяне лезе.

— Мне ў школу трэба ісці,— тлумачу Вушасціку. — Зразумей…

А ён зусім не хоча нічога разумець, крычыць:

— Мя-а-а-а…

Шкада яго стала. Накрычыцца адзін у хаце, ахрыпне. Невядома, ці мама з магазіна вернецца, каб пакарміць. Хіба ў школу не пайсці, дома з Вушасцікам застацца? Застацца… Але ж мама даведаецца… Не, няма як дома заставацца. А калі Вушасціка ў школу ўзяць? Ягня ў школе… Не, такога ў нашай школе яшчэ ніколі не было, за гэта мяне па галоўцы не пагладзяць. Дык што ж рабіць? Можа, да нашай школьнай тэхнічкі цёткі Надзі занесці? Цётка Надзя блізка ад школы жыве. Падбягу на перапынку, сам Вушасціка малаком напаю. Цётка Надзя павінна Вушасціка ўзяць, я яе моцна-моцна папрашу. Дый хіба шкада ёй, калі Вушасцік крыху па хаце патупае?..

Так, занясу Вушасціка да цёткі Надзі. Але ж як занесці яго? Убачаць нашы школьнікі, пазбягаюцца, прычэпяцца: «Дай пагладзіць… Дай патрымаць…» Замучаць яны майго Вушасціка. Як жа занесці, каб не ўбачылі? А калі ў рукзаку? У рукзаку, у рукзаку… Задыхнецца без паветра. Што ж прыдумаць? Ага, можна дзірку ў рукзаку выразаць, каб свежае паветра паступала. Так і зраблю…

Я наліў у бутэльку малака, паклаў у партфель (малако было яшчэ цёплае, не так даўно мама грэла). Потым узяў рукзак, які тата купіў мне для паходаў, збоку нажніцамі выразаў невялікую дзірку, і ў гэты рукзак пасадзіў Вушасціка. Я думаў, што Вушасцік пабаіцца лезці ў рукзак, пачне вырывацца, але ён не вырываўся і аніразу не закрычаў.

Узяўшы ў адну руку рукзак, а ў другую партфель, я няспешна пакрочыў да цёткі Надзі. Па дарозе разы тры спыняўся, развязваў рукзак, каб праверыць, ці дыхае мой Вушасцік. А ён сядзеў і даверліва глядзеў на мяне сваімі чорнымі вачыма-бусінамі. І я супакоіўся.

Мінуўшы школу, я падышоў да хаты, у якой жыла цётка Надзя. На дзвярах у яе вісеў замок. Я падумаў, што цётка Надзя дзяжурыць у школе. Трэба было паклікаць яе, папрасіць, каб занесла Вушасціка ў хату. Паклікаць, вядома, проста. Ды як пакінеш Вушасціка аднаго? Што, калі які прыблуда-сабака прыбяжыць і схопіць Вушасціка, выцягне з рукзака? Мне нават страшна стала, калі ўявіў гэткае. Што было рабіць? Я панёс яго ў школу, вырашыў там аддаць цётцы Надзі. А каля дзвярэй школы стаіць Косця.

— Талерка, ты з рукзаком?!

Хоць Косця і сябар, але я не прызнаўся, што нясу Вушасціка: возьме раззвоніць на ўсю школу…

— Не, з чамаданам, — знарок абыякава адказаў я, імкнучыся хутчэй зайсці ў калідор.

Косця дагнаў мяне.

— Што здарылася? Чаму ты рукзак узяў?

— Спартыўную форму прынёс. Сёння фізкультура ў нас.

— У рукзаку?

— Не фізкультура ў рукзаку, а спартыўная форма. Я хутчэй ходу… А Косця ідзе следам, не адстае.

Відаць, здагадаўся, што нейкая таямніца ёсць. Пэўна, на гэта асаблівы нюх у яго. Я зайшоў у калідор, глянуў У адзін бок, у другі. Дзе цётка Надзя? На калідоры не відаць… Звычайна заўсёды са шчоткай ходзіць, падлогу падмятае, а цяпер…

— Косця, дзе цётка Надзя? — не вытрываў, запытаўся я.

— Захварэла, у паліклініку паехала, — сказаў Косця.

Мяне ажно потам праняло, як пачуў гэткае. Што ж цяпер рабіць? Я, напэўна, пабег бы дамоў з Вушасцікам, але з настаўніцкай выйшла Вольга Пятроўна. Яна адразу заўважыла мяне.

— Максім, ты, напэўна, забыўся, што трэба ў клас ісці? Хутка званок…

Я адкрыў рот, каб сказаць Вользе Пятроўне, што не магу ісці ў клас з Вушасцікам, ды Вольга Пятроўна апярэдзіла мяне:

— Талерчык, каму кажу?

«А мо ўсё добра будзе? — падумаў я. — Вось як спакойна сядзіць Вушасцік. Няўжо ён яшчэ сорак пяць хвілін не вытрывае?»

Я пайшоў у клас. «Хто не рызыкуе, той не выйграе», — успомнілася пачутае з нейкага футбольнага рэпартажу.

У класе адразу заўважылі мой рукзак.

— Максім, ты з камандзіроўкі вярнуўся? — закрычаў Ігар Бушуеў.

Я прамаўчаў, думаў, што надакучыць пытацца. Ды куды там! Да мяне павярнулася Рая Салевіч.

— Пакажы, што прынёс.

— Ката, — буркнуў я.

Рая надзьмулася. А потым пытаецца:

— Ты дамашняе практыкаванне выканаў?

— Спачатку сваё правер. Рая скоса зірнула на мяне.

— Не, я тваё праверу. Вольга Пятроўна даручыла мне правяраць. Забыўся?

Сапраўды, на мінулым тыдні Вольга Пятроўна сказала Раі, каб дамашнія заданні ў мяне правярала, каб дапамагала мне. Ды ніколі пра дамашняе заданне яна ў мяне не пыталася. Цяпер успомніла…

— Чаму ты раней не правярала? — запытаў у яе.

— А я вырашыла з сённяшняга дня правяраць, — сказала Рая. — Паказвай свае сшыткі.

— Без памагатых абыдуся.

Рая нечакана вырвала з маіх рук партфель, адкрыла яго і… выхапіла бутэльку з малаком. Яна трымала яе, высока падняўшы над галавою, потым здзіўлена прагаварыла:

— Яшчэ цёплая…

Я сядзеў як у здранцвенні. Да Раі падышоў Дзяніс Гародка, уважліва-ўважліва паглядзеў на бутэльку, памацаў яе, пасля чамусьці панюхаў і гучна абвясціў:

— Падобна на малако.

Не ведаю, чым усё скончылася б, калі б не Косця. Напэўна, я пабіўся б з Дзянісам, а заадно і з Раяй. Няхай яна дзяўчынка, няхай, але хто дазволіў ёй у мой партфель без дазволу лезці?

Косця ўзяў у Раі бутэльку.

— Што, малака ніколі не бачылі? Цёплае малако Максіму ўрачы выпісалі. Малакроўе ў яго. Не верыце? Я сам яго рэцэпт чытаў.

— Малакроўе? — ахнула Рая. — А ў рукзаку… Што ў рукзаку? Няўжо ён цэлы рукзак малака прынёс?

— Ган-тэ-лі,— па складах прамовіў Косця. — Ча-ты-ры ган-тэ-лі ў рукзаку. — І, не даючы аднакласнікам апамятацца, дадаў: — Таксама ўрачы выпісалі. Ад малакроўя. Трэба Максіму цяжары насіць.

— Праўда, Максім? — павярнулася да мяне Рая.

— Угу, — выдыхнуў я.

І тут празвінеў званок. Усе кінуліся за парты, толькі Косця на хвілінку затрымаўся каля мяне.

— Што ў рукзаку?

— На перапынку скажу, — паціху прамовіў я.

Першым урокам у нас была гісторыя. Вольга Пятроўна ўвайшла ў клас, прывіталася з намі, села за стол, пачала штосьці запісваць у журнале. Хоць я стараўся сядзець роўна, але заўважыў, як Раіна рука пацягнулася да рукзака. Я непрыкметна адсунуў рукзак далей ад яе. Рая крыху перачакала і зноў пацягнулася да рукзака. Я не стрымаўся і пляснуў ёй па руцэ. Вольга Пятроўна падняла галаву.