— Талерчык, устань.
Уставаць мне не хацелася. Я разумеў, што Рая абавязкова праверыць, што ў рукзаку, калі ўстану.
— Устань, Талерчык, — паўтарыла Вольга Пятроўна.
Прыйшлося ўстаць.
— І не сорамна табе, Максім? Толькі ўрок пачаўся, а ты ўжо дысцыпліну парушаеш.
— Вольга Пятроўна, гэта не я. Я ціха сядзеў.
— У вочы хлусіш. А…
Вольга Пятроўна не паспела даказаць, бо з працяглым крыкам «о-о-ой!» з-за парты выскачыла Рая. Плечы ў яе калаціліся, твар збялеў.
— Вольга Пятроўна, там, там…
Вольга Пятроўна шырока раскрытымі вачыма глядзела на яе.
— Што там? Супакойся, Раечка. Рая паказала рукою пад парту.
— Там, у рукзаку. Там… Я палец праз дзірку прасадзіла, а там…
— Што там? Кажы хутчэй.
Вольга Пятроўна ступіла да нашай парты крок, другі, спынілася.
— Што там?
— Кот у рукзаку сядзіць. Ён ката ў рукзаку прынёс. Ен яго малаком поіць. Ен мяне за палец ухапіў.
Вусны ў Вольгі Пятроўны задрыжэлі.
— Рая, хто цябе за палец ухапіў?
— Максім ката ў рукзаку прынёс. А Косця сказаў, што гантэлі. Кот мяне за палец ухапіў. Праз дзірку.
Вольга Пятроўна адступілася назад.
— Максім, каго ты ў рукзаку прынёс?
— Вольга Пятроўна, можна, я праверу? — выскачыў з-за парты Ігар Бушуеў.
— Не трэба, Ігар. Максім сам растлумачыць.
— Мя-а-а, — нечакана пачулася з рукзака.
— Ой! — войкнула Рая, — Коцік плача!..
Вольга Пятроўна адступілася яшчэ далей, да самай класнай дошкі. Мне стала смешна. Безабароннага Вушасціка баіцца.
— Вольга Пятроўна, — гучна сказаў я. — У мяне ў рукзаку сядзіць Вушасцік. Рая прасунула палец у дзірку, а ён падумаў, што соска, і ўхапіў яго.
— Вушасцік? Які Вушасцік? — рукі ў Вольгі Пятроўны бездапаможна апусціліся.
І давялося мне расказаць, як тата прынёс ягня, як мы паілі яго малаком, як пашкадаваў сёння пакідаць яго дома. Потым выняў Вушасціка з рукзака, паставіў на парту. Усе аднакласнікі як адзін збегліся да маёй парты, загаманілі:
— Які прыгожанькі!
— Падзівіцеся, як хвосцікам круціць!
— Язычок, язычок паказвае!
— Згаладаўся ў рукзаку, хоча малака!
І Вольга Пятроўна пагладзіла Вушасціка, прамовіла са здзіўленнем:
— Яшчэ маленькі, а ўжо поўсць кучаравая. — А потым строга дадала: — Максім, у нас не цырк, а ўрок гісторыі. Аднясі яго дамоў.
— Няхай пабудзе, — паспрабаваў запярэчыць Косця.
— Максім, у нас не цырк, — паўтарыла Вольга Пятроўна. — Зразумеў?
Я, вядома, зразумеў. Зразумеў, што не цырк, а ўрок гісторыі, і яшчэ зразумеў, што дабром гэта для мяне не скончыцца.
Я ўзяў Вушасціка і пачаў садзіць яго ў рукзак. Але ён заўпарціўся, ніяк не хацеў лезці ў рукзак. Напэўна, спадабаліся яму мае аднакласнікі.
А вечарам прыехаў тата, забраў Вушасціка і павёз да бабулі. Я паспрабаваў запярэчыць:
— Не вязі. Няхай у нас пажыве.
— Я яшчэ з табой пагавару, — як адрэзаў тата. Я кінуўся да акна. Машына з Вушасцікам паехала, схавалася за павароткай, а я яшчэ доўга-доўга глядзеў на дарогу.
Бывай, Вушасцік!
ЧАСТКА ДРУГАЯ
Як я хацеў быць настаўнікам
Мурашка невялікая, а горы капае
На наступны дзень я хадзіў як сонны. І так здарылася, што шыбу ў класе разбіў. Узяў лінейку, каб паказаць, як жанглюю, незнарок стукнуў па шыбіне. Шкло зазвінела і разляцелася на кавалкі. А яшчэ тройку па матэматыцы атрымаў.
Перад апошнім урокам Рая Салевіч мяне папярэдзіла:
— Талерчык, пасля ўрокаў зойдзеш у піянерскі пакой. Цябе будуць разбіраць на пашыраным пасяджэнні камітэта камсамола, савета дружыны і вучнёўскага камітэта.
Быццам я сапсаваная машына, якую па частках разбіраюць. Разбіраць… Ды яшчэ на пашыраным пасяджэнні. А чаму не на павялічаным? Так было б правільней. Навыкопвалі нейкіх нядобрых слоў. Адзін страх ад іх. Выпаў мне гонар! На гэтым пашыраным пасяджэнні, відаць, і Вольга Пятроўна будзе. Што рабіць? А калі ўцячы?
Ігар Бушуеў як адгадаў мае думкі:
— Дык ён уцячэ! Не дачакаецеся вы яго.
— Няхай паспрабуе! — з пагрозаю прамовіла Рая. — Вольга Пятроўна бацькоў у школу выкліча.
І праўда, выкліча. А тата па галоўцы мяне не пагладзіць. Ен ужо чытаў мне мараль, калі ў той вечар вярнуўся ад бабулі. І мама яму дапамагала. А цяпер, мабыць, адной мараллю не абыдзецца…
Скончыўся ўрок. Я выйшаў на двор. Уцякаць ці не ўцякаць? Не, бяды не абярэшся. Я пастаяў, патаптаўся і зноў вярнуўся ў клас.
— Талерчык, хадзем, — зайшла ў клас Вольга Пятроўна.
— Куды? — нібыта не зразумеў я яе.
— У піянерскі пакой. Хіба табе Рая Салевіч не казала?
— Казала, — мусіў прызнацца я.
У піянерскім пакоі за сталамі, пастаўленымі ў доўгі рад, сядзеў увесь наш школьны актыў. Тут былі і мае аднакласнікі: Дзяніс Гародка і Рая Салевіч. «Дастанецца мне ад Раі,— падумалася. — Усё-ўсё прыпомніць яна мне: і як за касу тузаў, і як шкло разбіў».
Вольга Пятроўна села за стол, а я спыніўся каля парога.
— Сядай, — прагаварыў Пеця Швайдзюк, сакратар камітэта камсамола нашай школы.
Расседжвацца тут мне не хацелася, і я адказаў:
— Вы не хвалюйцеся. Я пастаю.
— Нешта ты вельмі ветлівы стаў,— не сцярпела Рая.
Так, ад Раі літасці не дачакаешся. Разбярэ яна мяне. Па костачках разбярэ.
Дзяніс Гародка падсунуў крэсла.
— Сядай, Максім.
Я сеў на самы краёчак.
З-за стала ўстаў Пеця, спачатку чамусьці пракашляўся, а потым пачаў:
— У нас зусім маленькая школа — усяго дзевяць класаў у ёй. Такія школы цяпер чамусьці называюць няпоўнымі сярэднімі.
«Ну, — думаю, — зараз распачне Пеця прамову. На цэлую гадзіну, не меней. Пра мяне не хутка пачне гаварыць».
Я не стрымаўся і пазяхнуў. Так соладка, што аж нешта за вушамі хруснула.
Заўважыў Пеця, што я пазяхнуў, не спадабалася яму.
— Ты, Талерчык, мусіць, дома не выспаўся?
— Але, не выспаўся, — шчыра прызнаўся я. — Тата ўчора Вушасціка да бабулі завёз, а я ўсю ноч не спаў. Думаў.
— У нашага Максіма заўсёды не так, як у іншых: ён спачатку зробіць, а потым думае, — уела мяне Рая.
І чаму Рая так не любіць мяне? Пэўна, таму, што не слухаюся яе, што пад яе дудку не хачу скакаць. Не дачакаешся.
Я скоса зірнуў на Раю.
— А ты лепшая? Хто заўчора Ігару Бушуеву даў матэматыку спісаць? Хіба не ты? А ён цябе пасля цукеркамі пачаставаў. Можа, не так?
Не хацеў я казаць пра тое, што Рая дазволіла Ігару спісаць матэматыку. І пра цукеркі не хацеў. Але вырвалася. Неяк само сабою.
Я спачатку разгубіўся, нават спалохаўся, чакаў, што зараз Рая ўскочыць і пачне, і пачне… Чакаў, што не толькі ад Раі мне дастанецца.
Але Рая маўчала. Твар у яе быў барвовы, як бурак. І Пеця маўчаў, і Вольга Пятроўна маўчала.
У мяне зноў сарвалася з языка:
— Чыё б мычала, а тваё маўчала.
Рая войкнула. Штосьці хацела сказаць Вольга Пятроўна, ускочыла з крэсла, але зноў села. Першым апамятаўся Пеця Швайдзюк.
— Талерчык, ты ведаеш, чаго цябе сюды прывялі?
— Ну, ведаю, — неахвотна сказаў я. — Разбіраць.
— А калі ведаеш, то трымай язык за зубамі. І тройкі ў цябе, і розныя гісторыі, і дзяўчынак крыўдзіш.
Я ўздыхнуў. Так, трэба трымаць язык за зубамі. Нагавару на сваю галаву.
— Максім, ты любіш жывёлу? — нечакана запытаў Пеця.