Выбрать главу

Абагнаўшы Валянціну Іванаўну, я падбег да сваёй парты, сеў. «З паўслова мяне Косця зразумеў,— радуюся. — Здагадлівы. Што значыць сябра! Яму не трэба дзесяць разоў паўтараць».

Валянціна Іванаўна села за самую апошнюю парту, на вольнае месца, а Косця — за настаўніцкі стол. Разгарнуў журнал, пытаецца:

— Хто сёння дзяжурны?

— Я! — усхапіўся з-за парты Ігар Бушуеў.

Косця пачырванеў. Мне стала шкада яго. «Здзекуецца Ігар, — падумаў я. — Знарок так моцна выкрыкнуў».

— Ты цішэй не можаш сказаць? — зноў пытаецца Косця ў Ігара.

— Магу. Я, — ужо ледзь чутна прамовіў Ігар.

У Косці пачырванелі не толькі шчокі, але і кончыкі вушэй.

Я адвярнуўся і непрыкметна паказаў Ігару кулак. «Чаго ты так раз'якаўся? — хацелася крыкнуць мне. — Я — апошняя літара ў алфавіце».

Косця апусціў галаву. Напэўна, каб Валянціну Іванаўну не бачыць.

— Хто ў класе адсутнічае? — глуха прамовіў ён.

— Усе, — сказаў Ігар.

Хтосьці засмяяўся. У мяне на лбе выступілі кропелькі поту. Мне здавалася, што гэта не Косця сядзіць за сталом, а я там сяджу.

Здзекуецца Ігар, яшчэ як здзекуецца… Пачынаецца…

— Хто ў класе адсутнічае? — паўтарыў Косця.

— Усе ў класе. Я адразу хацеў сказаць, што ўсе ў класе, ды ў мяне выйшла не так, — вінавата прагаварыў Ігар.

Выходзіць, хвалюецца Ігар. Проста хвалюецца… І Косця, відаць, здагадаўся, што Ігар хвалюецца. Ен узняў вочы.

— Хто прачытае дамашняе практыкаванне?

Я азірнуўся па баках. Усе аднакласнікі як адзін паднялі рукі. Вядома, і я падняў. Падняў і трасу рукою. Няхай усе бачаць, што выдатна падрыхтаваўся, што пяцёрку хачу атрымаць.

— Дамашняе практыкаванне прачытае Салевіч Рая. Выйшла Рая да дошкі, адзін сказ, другі з дамашняга практыкавання прачытала, у адным сказе зваротак назвала, растлумачыла, чаму клічнікам яго аддзяліла. І ў абодвух сказах назвала галоўныя і даданыя члены. Усё-ўсё зрабіла, як у заданні было напісана.

— Хто задасць пытанне Раі? — звяртаецца да нас Косця.

Узрадаваўся я, думаю: «Зараз я ёй не толькі пытанне, а цэлае заданне дам. Будзе ведаць, як адзнаку зніжаць».

Есць у мяне сказ з хітрынкаю. Гэты сказ я яшчэ тады падабраў, калі збіраўся ўрок за Косцю праводзіць.

Я ўстаў з-за парты.

— Рая, запішы сказ.

Рая ўзяла крэйду, на мяне ўважліва глядзіць.

— Увосень слаўна чакаць снегу, а зімой — першай травы, — прадыктаваў я.

Напісала Рая сказ, а пасля слова «зімой» працяжнік не паставіла.

«Памылка», — хацеў крыкнуць я, ды Рая мяне апярэдзіла:

— Гэта няпоўны сказ. Няпоўныя сказы мы яшчэ не праходзілі, але пра такія сказы нам Валянціна Іванаўна казала. У другой частцы гэтага сказа прапушчаны словы «слаўна чакаць», на іх месцы трэба паставіць працяжнік.

Сказала і хуценька паставіла гэты працяжнік.

— Правільна, — сказаў Косця. — Пяцёрка.

Рая, ганарліва глянуўшы на мяне, пайшла за парту.

— Адкажа, цяпер адкажа… — Косця няспешна водзіць пальцам па журнале.

— Я! — трасу рукою.

— Гародка Дзяніс.

— А я вось не разумею, — пачуўся Ігараў голас. — Няхай Максім мне растлумачыць.

— Чаго ты не разумееш? — незадаволена паморшчыўся я.

— Не разумею, чаму ўвосень слаўна чакаць снегу, а зімой — першай травы. Не даходзіць да мяне сэнс гэтага сказа.

І чаго ён выскачыў як Піліп з канапель? Сэнс сказа ён не разумее… Просценькі сэнс, а не разумее.

— Растлумачыць? — пытаюся.

— Растлумач, — згодна ківае галавою Ігар.

— Слаўна чакаць — гэта добра чакаць. Зразумеў?

— Не зразумеў.

«Ну як да яго не даходзіць? — дзіўлюся я. — Мабыць, ён так слухае, што ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае».

— Ты ўважліва слухай, — прапаную Ігару.

— Я слухаю ўважліва.

— Увосень снегу слаўна чакаць, а зімою — травы. Травы, травы. Слаўна, Ігар! Вельмі слаўна! — стараюся я. — Зразумеў?

— Не зразумеў,— упарта паўтарае Ігар.

— Можна, я растлумачу? — падняў руку Дзяніс. — Усё роўна мне адказваць.

— Растлумач, — сказаў Косця. Дзяніс устаў з-за парты.

— Ігар, цяпер табе хочацца, каб зіма прыйшла? Ігар падумаў і адказаў:

— Яшчэ як хочацца! Даўно на лыжах я не катаўся… Ага! Здагадаўся! Здагадаўся! Калі доўга няма зімы, дык сумна без яе, а вось потым, калі надакучыць яна, хочацца ўбачыць траву, кветкі. Хочацца бярозавы сок спускаць. Здагадаўся!

Я выцер успацелы лоб.

— Сам ведаеш, а яшчэ пытаешся.

Дзяніс, як і Рая, адказаў хутка. Таксама ніводнай памылкі не зрабіў. І яму Косця паставіў пяцёрку.

— Хто яшчэ прачытае практыкаванне? — пытаецца.

— Я, — зноў трасу рукою.

— Калі ласка, Талерчык.

Я спачатку падумаў, што мне падалося, што ў мяне слыхавая галюцынацыя.

— Дамашняе практыкаванне прачытае Максім. Не, не падалося. Што здарылася з Косцем? Чаму ён мяне выклікае? Мы ж дамовіліся…

— Максім, смялей!.. Я паволі-паволі ўстаў.

— Чытай, Максім, чытай…

— Ен не напісаў практыкаванне! — гукнуў з-за спіны Ігар.

Косця глядзіць на мяне, запрашае:

— Максім, чытай… Калі ласка…

«Дык ён проста не зразумеў мяне! — здагадаўся я. — Ен думае, што я на самой справе хачу, каб выклікаў. І чаму так не шанцуе мне? Праўду кажуць: на мядзведзя ўсе шышкі валяцца…»

— Максім, дык ты не напісаў? — дзівіцца Косця. Я кіўнуў галавою.

— Трэба яму двойку паставіць, — прамовіў Дзяніс Гародка.

— Я адзінку паставіла б! — крыкнула Рая.

Мне было ўсё роўна, двойка ці адзінка. Хіба вялікая розніца?

Да маёй парты падышоў Косця, глянуў у сшытак.

— Сапраўды, не напісаў,— сказаў ён, разгублена азіраючыся.

Я дастаў з партфеля дзённік.

— На, стаў што хочаш…

Косця, як бы баронячыся, затрос абедзвюма рукамі. — Не, Не!.. Ідзі да дырэктара. Да Швайдзюка. Раскажы яму, растлумач.

— А я паставіла б адзінку, — паўтарыла Рая. І тады сказала Валянціна Іванаўна:

— Я лічу, што Косця правільна разважае. Няхай Максім сходзіць да дырэктара. Гэта сур'ёзнае пакаранне.

Так, пакаранне. Што скажа Швайдзюк? Што будзе далей? Сапраўды, мне так не шанцуе. Сапраўды, на мядзведзя ўсе шышкі валяцца.

Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж

Пасля ўрока я адразу пайшоў у кабінет дырэктара. Мікалая Аляксандравіча, на маё шчасце, у кабінеце не было. Толькі Пеця Швайдзюк стаяў каля акна і чытаў нейкую кніжку. Убачыўшы мяне, Пеця прагаварыў:

— А-а, ты, Максім? Заходзь. Як у вас? Усё добра? Я хацеў сказаць Пецю, што не вельмі добра, але Пеця апярэдзіў мяне:

— Набегаўся я, Максім. І тое трэба, і туды ідзі, і там разбірайся. Як толькі Мікалай Аляксандравіч такое штодзень вытрымлівае?

«Пасля скажу, што практыкаванне не напісаў,— падумаў я. — Няхай ён супакоіцца, няхай адпачне. Вунь як яму дастаецца».

— За нас не хвалюйся, — кажу. — Наш клас цябе не падвядзе.

— Малайчына, — чамусьці аднаго мяне пахваліў

Пеця. — Я яшчэ на пасяджэнні казаў, што ты добры хлопец.

Хваліць мяне Пеця, а не ведае, які я добры. Можа, адразу прызнацца, што практыкаванне не напісаў? Не, як-небудзь абыдзецца.

— Максім, я ўжо на калідор баюся выходзіць, — нечакана прызнаўся Пеця. — Першакласнікі ды другакласнікі мяне замучылі. Толькі выйду на калідор, а яны за мною як прывязаныя: «Дылектар пайшоў, дылектар пайшоў…»

Пеця так смешна перакрывіў гэтых першакласнікаў і другакласнікаў, што я не сцярпеў і засмяяўся.

Пеця неяк падазрона паглядзеў на мяне. «Думае, што з яго смяюся», — здагадаўся я.

— Надакучлівыя яны, — кажу Пецю.

— Яшчэ якія надакучлівыя, — пагадзіўся Пеця. — Мала таго, што ходзяць як прывязаныя, але яшчэ і вітаюцца на кожным кроку. Спачатку і я з імі вітаўся, пакуль не ахрып. Потым стаў галавою ківаць. Цяпер і на ўроку галавою ківаю. Спачатку кіўну, а потым ужо адказваю. Мікалай Аляксандравіч нядаўна смяяўся: «Пеця, чаго ты галавою трасеш?» Ужо не выходжу на калідор.