— Уцёк? І ён уцёк? — вырвалася ў мяне.
— Не ўцёк. Ён па клеткі пайшоў. З ім пайшлі і Дзяніс, і Рая, і Вольга Пятроўна.
— Па клеткі? — здзівіўся я. — Навошта вам клеткі?
— Трусоў з горада прывезлі.
— Якіх трусоў?
— Звычайных, — адказаў Пеця. — Белых, сівых, чорных. Для нашай школьнай трусафермы. Косця сказаў, што ў яго ёсць клеткі. У гэтыя клеткі мы трусоў пасадзім.
— А пра саджанцы Косця нічога не казаў?
Я не заўважыў, як да нас падышоў Мікалай Аляксандравіч.
— Казаў,— прамовіў ён. — За табою хацеў бегчы, але я не дазволіў. Ты і сам дарогу да школы ведаеш.—
Мікалай Аляксандравіч нечакана ўсміхнуўся: — Твой і Косцеў бацькі прынеслі яблынькі.
— Даўно? — усклікнуў я.
— Даўно, — зноў усміхнуўся Мікалай Аляксандравіч. — Пісьмо мне паказвалі.
— А тата злосны? — нясмела запытаў я.
— Сам ведаеш, — сказаў Мікалай Аляксандравіч. — Я пагутару з ім. Ты не хвалюйся. Хаця…
Мікалай Аляксандравіч так і не даказаў да канца, ды я выдатна зразумеў ягонае «хаця». Я апусціў галаву.
— Даруйце. Мне не хацелася, каб было кепска.
— Што ж, — сказаў Мікалай Аляксандравіч, — ты сябе ўжо сам пакараў. Усе на суботнік пайшлі, а ты адзін застаўся. А мог быць разам з усімі. Запомні, Максім: гуртам і ў бядзе лягчэй.
З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца
Не, не мог я заставацца адзін на школьным двары. Дома ў мяне ляжаў ёмісты скрутак паперы. Мае аднакласнікі сёння будуць хваліцца, расказваць, як збіралі макулатуру, дзе збіралі. А чым пахвалюся я? Скажу, што заўтра прынясу? Заўтрашняга дня чакаць не хацелася. Я падышоў да Мікалая Аляксандравіча.
— Мікалай Аляксандравіч, і я хачу па макулатуру ісці.
— Ідзі, Максім, ідзі,— сказаў Мікалай Аляксандравіч.
Скрутак паперы ляжаў на балконе. Я крыж-накрыж перавязаў яго вяроўкаю (яшчэ раней папрасіў тату, каб вяроўку прынёс), узважыў на руцэ.
«Кілаграмаў дзесяць будзе, не меней», — прыкінуў на вока. Задаволены, я выйшаў на вуліцу. На душы пасвятлела. Усе сённяшнія цяжкасці, як думалася, засталіся ззаду. Я паціхенечку насвістваў пад нос нейкую вясёлую мелодыю, складзеную на хаду. Мне хацелася спяваць. І я, мабыць, заспяваў бы. Чаму не заспяваць, калі на душы радасць! Я заспяваў бы, але… але ўбачыў, Што насустрач ідзе маці Андрэя Скварцова, Шпачыха.
«Не даруе Шпачыха, калі Андрэй пажаліўся. Ён можа ўсялякага нагаварыць. Што рабіць? Уцякаць? — імгненна пранеслася ў галаве. — Не. Будзе расказваць Андрэй, як я ад ягонай маці ўцякаў. Не, не буду ўцякаць. Не з'есць яна мяне».
Яшчэ здалёку, не даходзячы да Шпачыхі, я ветліва прывітаўся:
— Добры дзень, цётка Ганна.
Шпачыха ішла пасярод вуліцы, і я падаўся да плота. Шпачыха пайшла напярэймы.
— Пастой.
Пастой… Колькі тут давядзецца стаяць?.. А можа, кінуцца наўцёкі? Позна. Са скруткам паперы далёка не ўцячэш.
— Добры дзень, цётка Ганна, — у другі раз прывітаўся я.
— Вельмі ласкавы ты сёння, — нядобрым позіркам працяла мяне Шпачыха.
Разгубіўшыся, я стукнуў рукою па скрутку.
— Во… Макулатуру збіраем.
— Макулатуру? — Шпачыха насоўвалася на мяне, і я адступіўся да самага плота.
— Макулатуру, цётка Ганна. А ваш Андрэй не прыходзіў па макулатуру?
— Ба-а-ач, які добранькі,— працягла вымавіла Шпачыха. — Пра Андрэя ён клапоціцца. А хто сёння Андрэя набіў?
— Няпраўда, — сказаў я. — Вашага Андрэя ніхто і пальцам не крануў. Ен у класе па партах бегаў. Яго да Пеці Швайдзюка прывялі. Мы з ім толькі разабраліся…
— Вы разабраліся… А настаўнікаў у вас няма? Без вас яны разбяруцца.
— Цётка Ганна, сёння ў нас дзень самакіравання. Сёння мы самі за настаўнікаў.— Я як мага ратаваўся. — Сёння Пеця Швайдзюк дырэктар. Я сказаў Пецю, што вашага Андрэя ў газеце намалюю.
— Ен намалюе… Дзень самакіравання ў іх. Выдумалі глупства. Распарадчыкі… Я з вамі разбяруся, я разбяруся…
Кашчавыя пальцы Шпачыхі ўжо цягнуліся да майго вуха. Я адсунуўся далей. Маю руку апякло крапівою, ды я не зважаў на гэта.
— Чаму вы кажаце, што мы глупствам займаемся. Гэта ваш Андрэй глупствам займаецца. Вы не ведаеце, як усе да дня самакіравання рыхтаваліся… Аднаму Андрэю нічога не патрэбна…
Сам таго не ўсведамляючы, я абараняў наш дзень самакіравання. Мой страх адступіў. Я ўжо не баяўся кашчавых і дужых пальцаў Шпачыхі, якія вось-вось учэпяцца за маё вуха. Мне было крыўдна, што гэты дзень, такі нялёгкі для мяне дзень, яна назвала глупствам.
— Добранькі ты сёння, добранькі,— прамовіла Шпачыха. — Я выведу вас на чыстую ваду. Усіх выведу.
Калені ў мяне падагнуліся, я прыхінуўся да плота і, закрыўшы твар рукамі, заплакаў…
Я не бачыў, адкуль з'явіліся Вольга Пятроўна і мае аднакласнікі: Косця, Рая, Дзяніс, Ігар. Пасля я даведаўся, што яны везлі на вазку Косцевы клеткі і макулатуру. Тады я гэтага не бачыў…
Мяккаю далонню Вольга Пятроўна гладзіла мяне па галаве, прасіла:
— Максім, не плач. Не плач…
А над галавою чуўся спалоханы голас Шпачыхі:
— Я яго не чапала, нават пальцам не кранула… Ен сам…
Вольга Пятроўна падвяла мяне да лаўкі, пасадзіла.
— Супакойся. Не трэба. Чаго ты так? Я зараз пагавару з ёй. Пасядзі.
Не ведаю, аб чым Вольга Пятроўна гаварыла са Шпачыхаю. Толькі спачатку Шпачыха доўга махала рукамі, усё нешта даказвала. А потым сцішылася, змоўкла, і да нас данеслася яе пагрозлівае:
— Ну, я яму, злыдню, пакажу. Прывык на печы адлежвацца.
— Нарэшце возьмецца за Андрэя, — заўважыла Рая.
— І правільна зробіць, — прагаварыў Дзяніс.
— А чаго нам кіснуць? — сказаў Ігар. — Усміхніцеся. Я вас зараз здыму.
Ігар зняў фотаапарат.
— Вольга Пятроўна, да нас ідзіце, — паклікаў ён. — Я гістарычны здымак зраблю.
Вольга Пятроўна развіталася са Шпачыхаю, падышла да нас.
— Гістарычны здымак? — запытала ў Ігара.
— Канешне, гістарычны, — упэўнена прагаварыў Ігар. — Як мы раней у класе жылі? Кожны як у сваёй норцы сядзеў. Хутчэй дамоў спяшаўся. А цяпер разам Косцевы клеткі вязём. — Ігар падміргнуў мне: — Весялей, Максім.
Вольга Пятроўна стала каля нас, усміхнулася і сказала:
— Нарэшце вы разам сабраліся. Як добра, што разам! З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца…
Ігар навёў свой фотаапарат.
— Весялей усміхайцеся!.. Вольга Пятроўна… І пстрыкнуў адзін раз, другі…
Гэты фотаздымак і сёння ёсць у мяне. У самым цэнтры, пасярэдзіне, стаіць, усміхаючыся, Вольга Пятроўна, да яе туліцца, ганарліва задраўшы ўгору кірпаты нос, Рая Салевіч, вельмі сур'ёзна глядзіць Дзяніс, увесь наструніўся, здаецца, вось-вось узляціць Косця Цітоў, а каля Косці стаю я. Калі ўважліва прыгледзецца да здымка, то на маім твары можна заўважыць ледзь прыкметныя пісягі ад слёз. Гэты фотаздымак для мяне самы дарагі.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Тое дорага, што нялёгка даецца
Галава не толькі для таго, каб шапку насіць
Мінуў дзень самакіравання. У нашым класе, як і абяцала Вольга Пятроўна, арганізавалі жывёлагадоўчае звяно, але мяне звеннявым не прызначылі. Не паверылі, што змагу звяном кіраваць. Рая Салевіч мне проста ў вочы сказала: «Несур'ёзны ты чалавек, Талерчык. І самастойнасці ў цябе няма».
Самастойнасці няма… Чаму гэта няма? Я ўжо і штаны сам прасую, і сам да ўрокаў рыхтуюся. Ніхто мне не дапамагае. Хіба мала гэтага? Але я прамаўчаў. Усе роўна Раі не дакажаш. І нікому не дакажаш, бо ў дзень самакіравання не зусім добра ў мяне выйшла.
«Адзін дзень — гэта яшчэ не ўсё, — думаў я. — Вы яшчэ пабачыце, ці ёсць у мяне самастойнасць. Пачакайце. Няхай толькі школу закончу. Тады такіх трусоў выгадую, што пазайздросціце. Іх на выстаўку нават павязуць».