А звеннявым прызначылі майго сябра Косцю Цітова. Я адразу здагадаўся, чаму яго прызначылі: ён клеткі ў школу прывёз. Тыя, што для нутрый рабіў. Вось як бывае.
Косцевы клеткі паставілі каля хлеўчыка, у якім паліва ляжала: дровы, брыкет.
Не спадабалася мне, што клеткі на двары паставілі. «Змерзнуць трусы зімою, — думаю. — Нікому галава не баліць».
Аднаго разу я сустрэў Мікалая Аляксандравіча.
— Мікалай Аляксандравіч, няўжо ніхто не ведае, што хутка зіма? Пакалеюць трусы на марозе. Трэба клеткі ў хлеўчык унесці. Частку брыкету на двор выкінем, а на гэта месца клеткі з трусамі паставім, — кажу яму.
А Мікалай Аляксандравіч мне:
— Вільгаці брыкет не любіць. Пойдзе дождж — увесь рассыплецца. Чым печкі будзем паліць?
Не падумаў я пра гэта. Але і трусам не спадабаецца, калі пойдзе дождж. Ды гэта яшчэ, як гаворыцца, паўбяды. А вось калі мароз прыцісне…
Пэўна, не зразумеў мяне Мікалай Аляксандравіч.
— Мікалай Аляксандравіч, трэба штосьці прыдумаць. Замёрзнуць трусы зімою.
— Не хвалюйся, Максім, — супакоіў мяне Мікалай Аляксандравіч. — Трусы не баяцца холаду, у іх поўсць цёплая. Канешне, трэба ў хлеўчыку іх трымаць. Што-небудзь прыдумаем.
І я стаў чакаць, калі Мікалай Аляксандравіч што-небудзь прыдумае. А пакуль клеткі з трусамі стаялі на двары. Клетак было дзве. Па пяць трусоў пасадзілі мы Ў кожную клетку.
Добрыя клеткі змайстраваў Косця. Спераду сетка. Сядзяць трусы, на школьны двор пазіраюць, чакаюць, калі корм прынясём.
Корму ім нямала трэба. Толькі паспявай прыносіць. Мы не адзін раз дзівіліся: як гэта сківіцы ім не забаляць? Ядуць яны і траву, і лісце капусты, і лопух, і бульбу, і буракі, нават галінкі дрэў абгрызаюць.
Цяпер усе мы ўзяліся за работу. Дзесяць трусоў пракарміць — не жартачкі. З самага ранку ў нашым класе чулася:
— Я сёння два кашы травы прынёс.
— А я на агародзе лісцяў назбірала. Ад капусты засталіся.
— Я каля сваёй хаты ўвесь лопух вырваў. Тата мяне пахваліў.
— Калі пасля Новага года ёлкі на вуліцу выкінуць, то ў школу цягніце. У галінках елкі шмат кальцыю і фосфару.
Добра не памятаю, хто пра гэтыя ёлкі сказаў. Здаецца, Косця. А я задумаўся: чым мы сваіх трусоў зімою будзем карміць? Навагоднімі ёлкамі? Дык не хопіць іх. А ў газетах папярэджваюць: загадзя рыхтуйцеся да зімы.
Чаму ўсе такія бесклапотныя? Корм можна за некалькі дзён нарыхтаваць. Сказалі б на лінейцы, каб кожны вучань вядро бульбы прынёс ці ахапак сена. Усе прынеслі б. Ахапка сена ніхто не пашкадуе. Няма ў нас сапраўднага арганізатара. Гэта факт.
Гэтак разважыўшы, я вырашыў дзейнічаць. Спачатку напісаў на паперы (каб пасля не заблытацца), хто які корм павінен прынесці. Вось як у мяне выйшла:
першакласнікам і другакласнікам — па вядру бульбы;
трэцякласнікам — па вядру буракоў;
чацвёртакласнікам — па ахапку сена;
пяцікласнікам — па ахапку канюшыны ці цімафееўкі;
шасцікласнікам — морквы (хто колькі зможа);
сямікласнікам, васьмікласнікам і дзевяцікласнікам — зерня ячменю, жыта, пшаніцы (хто колькі зможа).
Яшчэ на першых уроках я склаў гэткі спіс, а пасля чацвёртага ўрока, калі першакласнікаў і другакласнікаў адпускалі ўжо дамоў, я прыйшоў да іх у клас і сказаў, каб яны сабраліся на школьным двары, каля хлеўчыка.
«З малых пачну. Малыя мяне паслухаюцца, — думаю. — Ім толькі слова скажы».
Сабраліся першакласнікі і другакласнікі каля хлеўчыка, гамоняць, на мяне пазіраюць: чым ты нас парадуеш?
Я падняў руку. Маўляў, увага, слухайце. Зразумелі яны мяне, паціхлі.
— Ведаеце, якія тут звяркі сядзяць? — паказваю на клеткі з трусамі.
А хтосьці з малых:
— Няпраўда, гэта не звяркі. Гэта свойскія жывёлы. Звяркі — зайцы.
Бач ты, якія разумныя. Ім палец у рот не кладзі.
— Цяпер яны свойскія жывёлы, а калісьці, сотні гадоў назад, былі звяркамі,— не разгубіўся я. — Па палях бегалі, па лесе, у норках жылі. У старажытнасці іх людзі прыручылі. Вось так. А вы яшчэ папраўляеце мяне.
Змоўклі малыя. Пераканаў я іх. Усё-ткі ёсць у мяне нейкія здольнасці.
— Раней дзікімі былі і куры, і коні, і нават свінні,— расказваю далей. — Усё-ўсё было дзікім, пакуль людзі не прыручылі.
Раскрылі раты малыя, вачэй з мяне не спускаюць.
— Вы любіце гэтых звяркоў, якія цяпер свойскімі жывёламі сталі? — зноў паказваю на клеткі з трусамі.
— Любім, любім, — пачулася некалькі галасоў. Не спадабалася мне, як яны адказваюць.
— Дружна паўтарыце, — камандую.
— Любім! — крыкнулі яны на ўвесь голас. А я зноў:
— Давайце яшчэ раз.
— Л-лю-ю-бім!
— Цяпер тры разы крыкнем. Па маёй камандзе. Адзін, два, тры…
— Л-лю-ю-бім! Л-лю-ю-бім! Л-лю-ю-бім!
Малыя на гэты раз так крыкнулі, што трусы перапалохаліся, па клетках забегалі.
А малыя задаволеныя. Расчырванелыя, усміхаюцца. На мяне глядзяць, як на якога прафесара.
«Цяпер з іх можна вяроўкі віць, — думаю. — Усё-ўсё зробяць».
Заклаў я рукі за спіну, няспешна туды-сюды прайшоўся.
— Вы зможаце пражыць без яды тры месяцы? — пытаюся, спыніўшыся.
Заморгалі вачыма малыя.
— Не зможаце, — кажу. — Гэта навукай даказана. Давайце разам крыкнем: «Не зможам!» Лічу да пяці. Адзін, два, тры, чатыры, чатыры з палавінаю, чатыры з валасінаю…
Тут я знарок прыпыніўся. А малыя ад нецярпення аж трапечуцца. Так хочацца ім крыкнуць гэтае «не зможам».
— Пяць, — нарэшце вымаўляю.
— Не зможам! — крыкнулі малыя. У мяне нават у вушах зазвінела.
Стаяць малыя. Такія, такія… Ну, адным словам, шчаслівыя.
— І гэтыя звяркі, якія сталі свойскімі жывёламі, таксама тры месяцы без яды не змогуць пражыць, — кажу. — Пакуль ім корму хапае, але зімою яны загінуць, калі вы не дапаможаце. Дома ў кожнага з вас ёсць бульба. Нашы трусы яе любяць. Прынясіце ў школу па вядру бульбы. Усяго па аднаму. І корму на ўсю зіму хопіць.
— А сена можна? — запытаў Андрэй Скварцоў. Я незадаволена паморшчыўся.
— Ты ў які клас ходзіш? У трэці? З трэцім класам буду асобна гаварыць. Дык хто з вас прынясе ўсяго адно вядро бульбы? Падыміце руку.
Першакласнікі і другакласнікі як адзін паднялі рукі. Андрэй дык абедзве падняў. Выправіўся пасля таго, як Вольга Пятроўна з ягонай маці пагаварыла.
— Малайцы, — пахваліў я малых. — Любіце жывёл.
Можа, яшчэ іх чым зацікавіць? Каб лепей стараліся. Някепска было б. Паабяцаю, што цукерак куплю. Есць рубель, назбіраў за тыдзень.
— Увага, аб'яўляю конкурс: хто першым прынясе бульбу, таму куплю сто грам цукерак.
— Ура! — закрычалі малыя. А я зусім расшчодрыўся:
— І яшчэ пачак вафляў!
Навыперадкі пабеглі малыя ў вёску. А я пакрочыў у школу. Лёгка я крочыў. У мяне за спінаю быццам крылы выраслі. Я быў на сёмым небе ад радасці. І не дзіва. Хутка на ўсю зіму корму нарыхтую. А кажуць, што самастойнасці ў мяне няма.
Прыйшоў у клас. Так і карцела расказаць пра ўсё сябрам. Але стрымаўся. «Пасля раскажу, — думаю. — Няхай спачатку малыя бульбу прынясуць».
Ледзь даседзеў да канца ўрока, ледзь дачакаўся званка і на двор хутчэй. А каля хлеўчыка, пакуль я на ўроку сядзеў, малыя пазбіраліся. Піхаюцца, спрачаюцца.
— Я першы!
— Не, я першая прынесла!
— Няпраўда, я цябе абагнаў! Убачылі мяне, абступілі.
— Максім, я самы першы бульбу прынёс.
— Максім, ён хлусіць. Не вер яму.
— Максім, я ў конкурсе перамагла.
Вунь яно што! З-за цукерак не памірацца. Не варта такім цукеркі даваць. Няхай рубель у мяне застанецца. Кішэню не пралежыць, яшчэ спатрэбіцца.
— Вы любіце жывёл? — імкнуся перакрычаць малых.
— Л-лю-ю-бім!
Дружна ў іх выйшла. Натрэніраваліся.