Выбрать главу

— Жывёл любіце, а з-за нейкіх цукерак спрачаецеся, — пачаў я сароміць малых. — Няўжо вам не брыдка?

Змоўклі яны. Разгубіліся, з панталыку іх збіў. Трэба дзейнічаць, пакуль не апамяталіся.

Я схапіў чыёсьці вядро і высыпаў бульбу на зямлю.

— Хто не любіць жывёл, няхай нясе сваю бульбу назад. А хто па-сапраўднаму любіць, няхай высыпае.

Тых, хто жывёл не любяць, у маёй камандзе, вядома, не знайшлося. Хутка каля маіх ног вялікая гурба бульбы ляжала. Я хацеў паклікаць Мікалая Аляксандравіча, каб паказаць яму, колькі бульбы ўсяго за адзін дзень сабраў. А Мікалай Аляксандравіч прыйшоў сам. І мае аднакласнікі з ім прыйшлі. Пазней я даведаўся, што Андрэй Скварцоў ім пра ўсё расказаў.

Відаць, вельмі ўзрадаваўся Мікалай Аляксандравіч, калі ўбачыў гэтую вялікую горку бульбы (так мне тады думалася), бо і з аднаго боку падыходзіў да яе, і з другога, усё паўтараючы:

— Ну, Максім! Ну, Максім… Ну…

— Мы шмат кармоў у школу наносім, — пахваліўся я. — Вы не хвалюйцеся. Я ўсіх нашых школьнікаў арганізую.

— Даў ты мне работы, — нечакана прамовіў Мікалай Аляксандравіч. — Давядзецца ў кожную хату заходзіць, тлумачыць, што здарылася.

— Навошта хадзіць па хатах? — шчыра здзівіўся я. — Сёлета добрая бульба вырасла. З-за аднаго вядра ніхто не пабяднее.

Мікалай Аляксандравіч у роспачы махнуў рукою.

— Дзеці, забірайце сваю бульбу. Нясіце дамоў. Для трусоў мы знойдзем корм. Перастараўся Максім.

— Мікалай Аляксандравіч, чаму вы так? Мікалай Аляксандравіч не паспеў адказаць, бо сказала Рая:

— Галава не толькі для таго, каб шапку насіць.

Бярыся дружна — не будзе грузна

Толькі потым я зразумеў, чаму Мікалай Аляксандравіч не захацеў браць гэтую бульбу. Я зусім забыўся, што ў нас ёсць сваё поле, школьнае (калгас ужо даўно кавалак зямлі для школы выдзеліў). На гэтым полі старшакласнікі сёлета і буракі, і бульбу пасадзілі.

Вось як выйшла. У школе ёсць свая бульба, а я малых вучу, каб з дому прыносілі. Ды не хочацца пра гэта ўспамінаць. Лепей пра іншае раскажу.

У суботу прыйшоў у наш клас Мікалай Аляксандравіч.

— Заўтра, — сказаў ён, — будзем хлеў для трусоў будаваць.

— Будаўнікі прыедуць? — пацікавіўся Ігар Бушуеў.

— Пакуль без будаўнікоў абыдземся. Самі пачнём будаваць, — сказаў Мікалай Аляксандравіч.

Вось гэта дзіва! Хіба мы будаўнікі? Я ўстаў з-за парты.

— Мікалай Аляксандравіч, ёсць такая прыказка: не ў свае сані не садзіся. Яна якраз пра такіх будаўнікоў, як мы. Не трэба нам за гэтую работу брацца. Нічога ў нас не выйдзе. Мы хлеў і за цэлы год не пабудуем. А калі і пабудуем, то з нас нават куры будуць смяяцца.

Я думаў, што Мікалай Аляксандравіч пагодзіцца са мною, нават падзякуе за тое, што папярэдзіў, але зноў выйшла не так, як я думаў.

— Не хвалюйся, Максім. Наш хлеў прастаіць сто гадоў, не меней. Нам вашы бацькі дапамогуць пабудаваць.

— А старшакласнікі? Што яны будуць рабіць?

— Старшакласнікі ў школьнай майстэрні зробяць дзверы і вокны. А мы з вамі зальём падмурак пад хлеў. Заўтра апранайцеся па-рабочаму і прыходзьце ў школу.

Па-рабочаму… Незвычайна гучыць, прыгожа. З заўтрашняга дня будзем рабочымі. Вось як.

Я прыйшоў дадому і з гонарам кажу маме:

— Заўтра я буду рабочым. Мы трусам хлеў будуем.

Мікалай Аляксандравіч сказаў, каб па-рабочаму апрануліся. Татаву ватоўку мне дасі, сала ў паперу загорнеш. Сала я з сабою вазьму. Вялікую сілу сала дае.

— А пячэнне не хочаш?

— Не. Хіба рабочыя ядуць пячэнне? Болей хлеба пакладзі.

Назаўтра сабрала мне мама вузельчык з ядою: і лусту хлеба паклала, і кавалак сала, і кумпяка (кумпяк нам бабуля прывезла).

Я апрануў татаву ватоўку, узяў у руку вузельчык і выйшаў з пад'езда. А каля пад'езда мая суседка Аленка стаіць.

— Максім, куды ідзеш? — пытаецца.

— Вялікі-вялікі хлеў будаваць, — кажу ёй.

— А хіба ты ўмееш? Хіба ты дарослы?

— Я ўсё ўмею, — хвалюся перад Аленкай.

Так, мне пачало здавацца, што я сапраўды ўмею ўсё-ўсё рабіць: не толькі хлеў збудаваць, але і дамы, аднапавярховыя і шматпавярховыя, і нават масты. Я на хвілінку ўявіў той горад, які, здавалася, ужо пабудаваў сваімі рукамі. Прыгожы-прыгожы горад: з фантанамі і паркамі, як у Ленінградзе, з шырокімі вуліцамі і метро, як у Маскве, з помнікамі героям, як у Мінску. А пры самым уездзе ў гэты горад на мармуровай пліце залатымі літарамі напісана: «Наш горад пабудаваў Максім Талерчык». Проста і сціпла напісана. Я аж вочы заплюшчыў, як уявіў. Іду па вуліцы цвёрда, упэўнена, як сапраўдны рабочы. Няхай такія, як Аленка, зайздросцяць мне. І вельмі хутка ў школу прыйшоў. Шкада, што болей нікога па дарозе не сустрэў.

На школьным двары я ўбачыў блокі, складзеныя ў некалькі радоў. З такіх блокаў у нашай вёсцы хлявы будуюць.

Пасярод школьнага двара стаялі мае аднакласнікі, а з імі Мікалай Аляксандравіч і Вольга Пятроўна.

Я адразу да Мікалая Аляксандравіча накіраваўся. Хацеў запытацца — калі мы пачнём падмурак рабіць? Але тут Ігар Бушуеў заўважыў, што я вузельчык у руцэ трымаю.

— Ну й яды набраў! — здзіўлена ўсклікнуў ён. — Мне на тыдзень хапіла б.

Усе засмяяліся. Я адчуў, як загарэліся мае шчокі.

— Я на цэлы дзень прыйшоў працаваць, а ты…

— Не трэба сварыцца, — перапыніў мяне Мікалай Аляксандравіч. — Ніхто са сваркі работу не пачынае. Кажуць так: бярыся дружна — не будзе грузна. Вось і мы дружна возьмемся. Максім, ты са мною застанешся, астатнія з Вольгай Пятроўнай будуць каменне збіраць.

У нас з Мікалаем Аляксандравічам была найбольш адказная работа. Мы рабілі планіроўку пад падмурак.

Спачатку забілі чатыры калочкі, квадратам, каб адзначыць, дзе будзе падмурак, і ўсе гэтыя калочкі адным шнурам злучылі.

Я ўзяў рыдлёўку, хацеў паўз шнура ямку пад падмурак капаць, але Мікалай Аляксандравіч спыніў мяне:

— Не спяшайся, Максім. На вока падмурак не сплануем. Трэба, каб вуглы былі прамыя. Мы зробім так, як некалі нашы дзяды рабілі.— Мікалай Аляксандравіч дастаў з кішэні яшчэ адзін шнур. — Зараз мы гэтым шнурам вымераем даўжыню ад аднаго калочка да другога. Спачатку на паперы гэта пакажу.

Мікалай Аляксандравіч дастаў аркуш паперы, ручку і начарціў прамавугольнік, абазначыўшы яго вуглы літарамі лацінскага алфавіту: А, В, С, Д.

— Мікалай Аляксандравіч, мы спачатку вымераем адрэзак А — В, а затым — С — Д? Так? — пытаюся ў Мікалая Аляксандравіча.

— Не, Максім. Так нельга. Будзем вымяраць ад пункта А да пункта С. Калі гэтая даўжыня супадзе з даўжынёю двух другіх пунктаў — ад В да Д, то наш падмурак будзе спланаваны правільна, усе вуглы ў ім будуць прамыя.

Вось, аказваецца, як падмурак трэба планаваць.

Закончылі мы з Мікалаем Аляксандравічам планіроўку, з усіх чатырох бакоў раўчук выкапалі, а затым апалубку зрабілі. Апалубку зусім проста рабіць. Вакол раўчука, з аднаго і з другога боку, паставілі дошкі, умацавалі іх, каб не раскідаліся — вось і гатова апалубка.

А потым мы ўсім класам кідалі ў раўчук і апалубку бетон і каменне. Нялёгка бетон лапатаю кідаць. У мяне на руках два мазалі выскачылі. Адзін на мезеным пальцы, а другі — на далоні.

Я вырашыў пахваліцца сваімі мазалямі, Дзянісу іх паказаў. А Дзяніс:

— Ты, відаць, кепска працаваў. У мяне дык чатыры выскачылі. Пякучыя.

Болей я сваіх мазалёў нікому не паказваў. Зноў хто-небудзь скажа, што кепска працаваў.

А падмурак выйшаў прыгожы. Роўны, з прамымі вугламі. У тры гадзіны дня закончылі мы работу, а я і вечарам на школьны двор прыйшоў: вельмі хацелася яшчэ раз зірнуць на нашу работу.

Пасля нядзелі на школьным двары працавалі нашы бацькі. Спачатку яны сцены з блокаў склалі, прыладзілі дзверы, вокны, потым кроквы паставілі, аблацілі і шыферам накрылі.

Паглядзела Рая на хлеў і кажа:

— Да звычайнага вясковага хлява ён зусім не падобны. «Казачны дамок» — вось як мы яго назавём.