Выбрать главу

— Кося, кося, — ласкава шаптаў я. — Трава зялёная, трава смачная. Кося, кося, не ўцякай.

Гномік падняў галаву.

— Кося, вось трава, гэта трава… Яшчэ крок, другі…

— Кося, трава салодкая, вельмі салодкая… Гномік зразумеў мяне, выцягнуў шыю. Я ўжо побач з ім. Гномік дзьмухнуў ноздрамі, панюхаў траву і скубянуў яе з маёй рукі.

— Максім, асцярожна! — крыкнула Рая. — Руку адкусіць. Вунь якія зубы ў яго.

А я, не зважаючы на Раіны крыкі, камандую сябрам:

— За грыву яго бярыце. Хутчэй. Зараз усю траву з'есць.

— Сам бяры, — шэпча Дзяніс.

— Трава ў мяне.

— А ты другою рукою бяры. Не бойся.

Вучаць. А самі за маёю спіною стаяць. Хітрыя.

Гномік апошні раз скубянуў траву, глянуў на мяне, як бы яшчэ просячы.

Я ўзяў Гноміка за грыву.

— Хопіць, Гномік. Ты яшчэ не заслужыў травы.

Я думаў, што Гномік стане вырывацца, калі зразумее, што не дам травы. Я нават ямчэй нагамі ўпёрся, каб яго ўтрымаць, але Гномік, падняўшы галаву, стаяў спакойна і глядзеў на нас, часта-часта моргаючы сваімі вялікімі вачамі.

— Аброць давайце. Заснулі?

— Бяры, — сказаў Косця, працягваючы мне аброць.

— Надзявай, — кажу Косцю.

Косця, спяшаючыся, пачаў надзяваць аброць.

— Максім, руку адымі. Твая рука мне перашкаджае.

— Гномік уцячэ, калі адыму.

— А ты на адну секунду адымі.

Я адпусціў грыву. Косця зноў пачаў надзяваць аброць. Аброць зачапілася Гноміку за вушы. Гномік незадаволена заматляў галавой.

Сяк-так надзеў Косця Гноміку аброць. Не ведаю, як вытрымаў Гномік гэтую пакуту.

— Вядзіце Гноміка да воза! — крыкнула Рая. — Чаго марудзіце?

Раскамандавалася. Добра ёй здалёк крычаць. Быццам без яе не ведаем, што да воза трэба весці. Сама паспрабавала б.

Цягну я Гноміка за аброць, а ён упіраецца, не ідзе. Хіба скранеш яго з месца?

— Хлопцы, вярхом сяду, — нарэшце здагадаўся я, як прывесці Гноміка да воза. — Падсадзіце мяне.

— Максім, не трэба! — закрычала Рая. — Упадзеш! Хіба можна адступаць, калі дзяўчынка на цябе глядзіць, калі так хвалюецца за цябе?

Я стаў каля Гноміка, ухапіўся абедзвюма рукамі за грыву, падскочыў і ўскараскаўся на спіну.

— Но, но, — паціхеньку стукнуў яго па шыі. Гномік зразумеў мяне: ён няспешна пайшоў да воза.

Я сядзеў прама-прама, высока ўзняўшы галаву.

Крыху ззаду ішлі Косця, Дзяніс і Ігар. Косця ўсё прасіў:

— Максім, злезь. Я праеду. Дай праехаць.

Каля воза я саскочыў з Гноміка, сказаў Косцю:

— Можаш пакатацца. Мне не шкада.

Хацеў Косця на Гноміка залезці, ды Рая не дазволіла:

— Вы катацца прыйшлі? А па канюшыну хто паедзе?

І Дзяніс Раю падтрымаў:

— Трэба ехаць, хлопцы. Другім разам пакатаемся. Я пагладзіў Гноміка па спіне, прагаварыў:

— Абавязкова пакатаемся. Гномік разумны конь. Ён усіх нас пакатае.

— Давайце Гноміку ногі бінтам абматаем, — прапанаваў Ігар. — Я аднаго разу з татам быў на спаборніцтвах. Там у многіх коней ногі каля капытоў белыя.

Мне Ігарава задума спадабалася.

— У каго ёсць бінт? — пытаюся.

— У мяне, — сказала Рая. — Я знарок з сабою ўзяла. На полі ўсялякае можа здарыцца.

Я ўзяў у Раі скрутак бінту, разматаў яго і разарваў на чатыры роўныя кавалкі.

— На кожную нагу па кавалку, — паказваю Дзянісу.

А Дзяніс раптам заўпарціўся.

— Глупства выдумаў. Хочаш, каб Гномік табе зубы пералічыў?

Мы, напэўна, доўга спрачаліся б з Дзянісам, ад свайго я не люблю адступацца, але Рая папрасіла:

— Хлопчыкі, запрагайце. На поле не трапім.

Так я і не абматаў Гноміку ногі. Толькі скрутак бінту сапсаваў.

Мы прынеслі хамут, падсядзёлак, лейцы, дугу.

— Бяры, — паказваю Косцю на хамут.

А Косця топчацца, на Дзяніса, Ігара пазірае. Тыя ўбок адвярнуліся.

— Бяры, — цягну Косцю за рукаў.— Ты ўжо аброць надзяваў. У цябе выйдзе.

Косця, уздыхнуўшы, падняў з зямлі хамут.

— Мацней трымайце Гноміка. Надзену хамут, а ён возьме ды ўцячэ.

Ігар з Дзянісам з аднаго боку, а я з Раяй з другога боку ўзяліся за аброць.

Косця падняў хамут, стаў насоўваць Гноміку на галаву. Хамут дайшоў да вачэй. Упіраецца Косця, стараецца, а хамут далей не лезе.

— Мацней піхай! — крычыць Дзяніс.

— Давай! Давай! — падбадзёрвае Ігар.

Нарэшце кінуў Косця хамут на зямлю.

— Не надзяваецца. Рукі самлелі.

— Няўмека, — папракнула Рая. — Рукі ў яго самлелі! Глянь! Вунь у Гноміка слёзы на вачах…

Пакрыўдзіўся Косця. Адышоўся ўбок і сеў на траву.

— Давай я паспрабую, — узяўся за хамут Ігар.

Ігару ўдалося нацягнуць хамут да вушэй, зусім затуліў Гноміку вочы. Не вытрываў Гномік: трасянуў галавою і скінуў хамут на зямлю.

Ігар падняў хамут, узняў над галавою і… надзеў сабе на шыю.

Відаць, ён сам не чакаў гэтага, бо здзіўлена прамовіў:

— Пралазіць… А я:

— Запрагайце яго ў воз, пакуль на балота не ўцёк. Ігар, мусіць, спалохаўся, што ў воз запражэм, бо хуценька скінуў хамут з галавы.

— Мы не той хамут узялі,— кажа. — Хамуты, яны розных памераў. Як і шапкі. Гэты хамут не на Гномікаву галаву…

— На цябе яго шылі,— смяюся я з Ігара. — Да тваёй галавы ён якраз падыходзіць. Ты, мабыць, на прымерку хадзіў?

Мы, напэўна, доўга каля Гноміка з хамутом скакалі б, каб мой тата на трактары не прыехаў. Паглядзеў ён на нас і сказаў:

— Я адчуваў, што так будзе. Дайце мне хамут. Та-ак… Вы, грамацеі, не тым бокам хамут каню надзявалі. Трэба кляшчынамі ўгору… Вось, глядзіце…

Тата перакруціў у руках хамут, развёў кляшчыны і лёгка ўссунуў яго на галаву Гноміку. А Гномік нават выцягнуў галаву насустрач, каб палегчыць справу. Потым, калі хамут лёгка слізгануў праз галаву каня на грыву, тата перакруціў яго супоняю ўніз і завёў Гноміка ў аглоблі воза.

Тата запрог Гноміка і нагадаў:

— Ад парога падлогу не мятуць.

Каб знаў, дзе павалішся, саломкі падаслаў бы

На поле мы прыехалі без прыгод. Праўда, Косця ўсё парываўся: «Можна, я на Гноміка сяду? Можна, крыху праеду?» І ён, напэўна, дамогся б свайго, напэўна, праехаў бы, ды Рая не дазволіла.

— Як табе не сорамна! — выгаварыла яна яму. — Гномік воз цягне, а ты яшчэ на спіну хочаш сесці.

Паклалі мы на воз канюшыну, прывезлі на школьны двор. На школьным двары зноў у копку яе склалі. Узяў Косця бярэмца канюшыны, кажа:

— Трусам занясу. Паглядзім, ці спадабаецца.

— Няма трусоў у «Казачным дамку», — кажу Косцю. — Усіх у горад павезлі.

— Няма? — здзівіўся Косця. — Як няма?

Не паверыў мне Косця, кінуў канюшыну і ў «Казачны дамок» хутчэй. Рая, Ігар, Дзяніс — за ім. А я стаю, чакаю. Цікава: што будзе далей?

Неўзабаве выскачылі яны з «Казачнага дамка» — і да мяне. Дзяніс за каўнер мяне схапіў.

— Каму трусоў аддаў? Прызнавайся!..

Ну й сябры! Пра такіх мой тата так кажа: у гарачай вадзе купаныя. Раскрычаліся… Я адапхнуў Дзяніса.

— Ты што? Каўнер адарвеш! Тады на мяне накінуўся Ігар.

— Дзесяць трусоў некаму аддаў і яшчэ піхаецца. Трэба правучыць яго.

Так я нечакана трапіў у бяду. Без віны вінаваты. Трэба неяк ратавацца, бо яшчэ надаюць кухталёў і прабачэння не папросяць. Я ўзмаліўся:

— Чаго вы на мяне накінуліся? Я і сам добра не ведаю, дзе яны падзеліся. Можа, у горад іх павезлі, а можа, і да нашага ветэрынара, да калгаснага.

— Што ты пляцеш? — закрычаў Дзяніс. — Хто іх павёз? Да якога ветэрынара?

Каб лепей зразумелі мяне сябры, я расказаў ім усё па парадку: як палуднавалі з татам, як пасля прыйшоў карміць трусоў, як падумаў, што Мікалай Аляксандравіч да ветэрынара іх павёз.