— Мікалай Аляксандравіч паехаў у сельсавет, — сказаў Косця, калі я закончыў.— Нейкае пасяджэнне ў сельсавеце. Я сустрэў Мікалая Аляксандравіча, калі ішоў на ферму. Пахваліўся яму, што па канюшыну паедзем. А Мікалай Аляксандравіч мне сказаў, што і ён з намі па канюшыну паехаў бы, але пасяджэнне ў яго.
— Тут быў злодзей! — усклікнула Рая. — А можа, не адзін. Трусоў укралі!..
— Укралі,— паўтарыў за ёю Ігар. — Мы гадавалі, а нехта з'есць. Гэта Максім вінаваты.
— Чаму Максім вінаваты? — здзівіўся я. — Ты яшчэ скажы, што і я трусоў разам з злодзеем з'ем.
— Не спрачайся, Максім, — прамовіў Дзяніс. — Чаму ты раней не сказаў, што трусоў няма? Мы выклікалі б міліцыю. Сабака хутка злодзея знайшоў бы, да самай ягонай хаты прывёў бы. А цяпер сабака злодзея не знойдзе. Даўно затапталі сляды. Вунь колькі людзей прайшло па дарозе.
«І праўда, я вінаваты аказаўся, — думаю. — Пабаяўся, што будуць з мяне смяяцца. Зноў шыварат-навыварат выйшла…»
Панурыўшыся, усе маўчалі. Маўчаў і я. Зусім не хацелася гаварыць. Усё роўна словамі не паможаш, толькі болей душу расцвеліш. Так стараліся, так стараліся: і «Казачны дамок» будавалі, і трусоў кармілі, і цяпер во везлі канюшыну… Усё дарэмна…
— Што будзем рабіць? — нарэшце парушыла маўчанне Рая.
— Трэба ў сельсавет пазваніць. Мікалаю Аляксандравічу, — сказаў Дзяніс. — Мікалай Аляксандравіч нешта прыдумае.
— Мікалай Аляксандравіч абавязкова нешта прыдумае, — падхапіла Рая. — Хлопчыкі, хадзем у школу.
Мы талакой пабеглі ў школу. Там ужо вучняў не было. Наша тэхнічка цётка Надзя мыла падлогу на калідоры.
— Супакою вам няма, — сустрэла яна нас. — Усё ходзіце, ходзіце… Зноў пясок насіць?
Наперад выступіла Рая.
— Цётка Надзя, мы хочам у сельсавет пазваніць. Мікалаю Аляксандравічу. Дазвольце.
— Ідзіце ў настаўніцкую, — дазволіла цётка Надзя. — Усё роўна не адчэпіцеся.
У настаўніцкай Ігар таўхануў Косцю ў бок:
— Звані. Ты звеннявы.
— Я нумара тэлефона не ведаю.
— Даведнік на стале ляжыць, — падказала Рая. Косця ўзяў са стала даведнік. Нам здавалася, што ён гартае яго надта доўга. Нарэшце ён падняў трубку, набраў нумар тэлефона.
«Пі-і-і, пі-і-і…» — пачуліся з трубкі доўгія гудкі.
Усе напружылі слых.
— Алё, сельсавет слухае, — пачулася нарэшце.
— Паклічце Мікалая Аляксандравіча, — выдыхнуў у трубку Косця.
— Скажы, што са школы просяць, — зашаптала Рая.
— Са школы просяць, — сказаў Косця.
— Зараз паклічу, — данеслася з трубкі.
Стаім мы, баімся паварухнуцца. Надта доўга няма Мікалая Аляксандравіча. Хоць бы хутчэй яго паклікалі… Знішчыць злодзей нашых трусоў. Тады ўсё прапала.
— Алё, хто звоніць да мяне? — нарэшце чуем знаёмы голас Мікалая Аляксандравіча.
— Мікалай Аляксандравіч, гэта я, Косця Цітоў. А са мною Дзяніс, Рая, Ігар і Максім. Бяда ў нас. Хтосьці трусоў пакраў. З «Казачнага дамка». Нам ніводнага не пакінуў. Мікалай Аляксандравіч, вы чуеце?
— Чую. Каля школы мяне пачакайце. Я хутка прыеду.
Мы выйшлі на двор, спыніліся.
— І чаму ты, Максім, адразу не сказаў, што трусы з «Казачнага дамка» прапалі? — зноў пачаў Ігар.
Што я мог адказаць?
— Чаму… Чаму… Каб знаў, дзе павалішся, саломкі падаслаў бы.
Трапіцца і сляпой курыцы зярнятка знайсці
Мы, мабыць, пасварыліся б. Бо Ігар ніяк не мог супакоіцца, гэтак расчамукаўся: «чаму?» ды «чаму?». Хацеў я, як гаворыцца, добра агрызнуцца, але неспадзявана на школьны двор уляцеў Андрэй Скварцоў.
— На балоце зайцаў ловяць! — загалёкаў ён.
Мы моўчкі пазіраем на Андрэя. Што з ім? Адкуль ён выскачыў? Што яму прыснілася? А Андрэй не спыняецца, крычыць:
— Зайцаў за вёскаю ловяць! Малыя ловяць, дашкольнікі! Пабеглі! І мы наловім!
Андрэй махнуў рукой, крутнуўся і пабег зайцаў лавіць.
— Усё ясна! — раптоўна крыкнуў Косця. — Ясна!.. Нам аж не па сабе стала. Што гэта з ім?
— Няўжо вы не здагадваецеся? — роспачна ўсклікнуў Косця. — Там, на балоце, нашы трусы бегаюць.
Ніхто іх не краў. Нейкая разява дзверы не зачыніла, а яны ўцяклі, на балота пабеглі. За мною!..
Косця хацеў бегчы на вуліцу, але я прапанаваў:
— Давайце на возе паедзем. Канём хутчэй.
Мы паселі на воз. Я ўзяў у рукі лейцы, размахнуўся і Гноміку па спіне — сцёб!
— Но! Но-о, Гномік, паехалі!..
Паглядзелі б вы, як бег наш Гномік! Толькі пыл за возам курэў, ды куры з кудахтаннем да плота ляцелі. Андрэя Скварцова мы яшчэ ў вёсцы абагналі.
Яшчэ здалёку мы заўважылі, што на балоце, парослым хмызам, сноўдаюцца малыя — ловяць нашых трусоў. Некаторым з іх ужо пашанцавала: яны сядзелі, трымаючы трусоў на каленях, разглядалі іх, гладзілі. Убачыўшы нас, калі мы пад'ехалі, яны са сваёй здабычай пабеглі ў вёску. Мы кінуліся за імі. Я дагнаў нейкага мурзатага малога. Я яго і не крануў, а ён упаў на зямлю, прыціснуў да сябе труса і закрычаў:
— Не аддам зайчыка!
Я хацеў падняць гэтага малога з зямлі, а ён як завішчыць:
— Мамцы скажу!
«З гэтым давядзецца паваяваць, — падумалася. — Проста так ён не здасца. Як падступіцца да яго?»
— Як цябе зваць? — пачынаю здалёку.
— Тадзік, — шморгае носам малы.
— Тадзік, а чаму я цябе не ведаю?
— Я з горада да бабулі прыехаў.
— Тадзік, аддай труса.
— Не аддам. Гэта зайчык. Я яго злавіў. Я буду плакаць.
— Тадзік, гэта не зайчык. Зайчыка ты не зловіш. Зайчык хутка-хутка бегае.
— А я злавіў.
— Тадзік, зайчыкі ў лесе жывуць. Хіба яны бегаюць па балоце?
Хвілінку падумаў Тадзік, а потым:
— Гэтыя зайчыкі дарогу пераблыталі.
«Трэба больш рашуча дзейнічаць, — думаю. — Яго не пераканаеш».
— Тадзік, аддай труса. Я цябе за гэта на возе пакатаю. Разам у вёску паедзем. Калі мне не аддасі труса, то наш настаўнік яго ў цябе забярэ, і тады на возе ты не паедзеш.
— Пусціш на воз? Не хлусіш?
— Пушчу. Я табе і лейцы дам. Будзеш сам кіраваць.
— Бяры, — уздыхнуў Тадзік і працягнуў мне труса. Пакуль я вось гэтак гутарыў з Тадзікам, мае сябры ўсіх трусоў у малых забралі. Тыя малыя былі не такімі ўпартымі, як гэты Тадзік.
Пасадзілі мы трусоў каля воза. Прыціснулі яны вушы, у купку збіліся. Дасталося ім ад малых.
— Давайце трусоў на воз пасадзім, — кажа Ігар. — На возе ў школу завязем.
— Пападаюць з воза, — кажу Ігару. — Лепей перад сабою пагонім. А Дзяніс мне:
— Паразбягаюцца. Гэта не гусі, якіх можна з дубцом гнаць.
— Трэба малых папрасіць. Малыя занясуць, — сказаў Косця.
— Не, — кажу. — Гэтых малых зноў прыйдзецца лавіць.
Пакуль мы вось так разважалі, на балота прыехаў Мікалай Аляксандравіч.
Мікалай Аляксандравіч прыехаў на матацыкле, на такім, што з каляскаю, і не адзін, а з міліцыянерам. Вясёлы трапіўся міліцыянер. Калі мы расказвалі, як лавілі на балоце трусоў, ён смяяўся:
— Дэтэктыў! Сапраўдны дэтэктыў! Знарок не прыдумаеш!
А Мікалай Аляксандравіч нечага хмурыўся. Потым кажа:
— Каня на ферму завядзіце. Нам далі, каб канюшыну прывезлі, а вы на ім трусоў ездзіце лавіць.
— А трусоў куды? — спытаўся я.
— Да мяне ў каляску пасадзіце, — прапанаваў вясёлы міліцыянер.
Мы пасадзілі трусоў у каляску. Усіх, дзесяць.
— Цеснавата ім будзе, — заўважыў Косця.
— Даедуць, — усміхнуўся вясёлы міліцыянер.
Ен зашпіліў скураны верх у калясцы, сеў з Мікалаем Аляксандравічам на матацыкл і паехаў у вёску.
— Усё-такі пашанцавала нам, — сказаў я. — Пазнаходзілі трусоў.
— Пашанцавала, — уздыхнуў Дзяніс. — Трапіцца і сляпой курыцы зярнятка знайсці.
Дзе нянек многа, там дзіця без носа