Выбрать главу

— Глядзі, глядзі! — здзівіўся Куст. — Ружа зрабілася чырвоная.

Але Салавей не адказаў.

Ён ляжаў мёртвы ў высокай траве, і ў сэрцы ў яго быў шып.

Апоўдні Студэнт расчыніў акно і выглянуў у сад.

— Ах, якое шчасце! — узрадаваўся ён. — Дык тут жа ёсць чырвоная ружа! Ніколі ў жыцці я не бачыў такой чырвонай ружы! Яна, пэўна, мае якую-небудзь доўгую лацінскую назву.

І, высунуўшыся з акна, юнак сашчыкнуў кветку. Ён зараз жа надзеў капялюш і пабег да Прафесара, трымаючы ружу ў руцэ.

Дачка Прафесара сядзела ў дзвярах і намотвала на шпульку блакітныя ядвабныя ніткі. У яе ля ног ляжаў маленькі сабачка.

— Вы казалі, што будзеце танцаваць са мной, калі я прынясу вам чырвоную ружу, — нагадаў ёй Студэнт. — Вось самая чырвоная ружа на свеце. Прыкаліце яе ўвечары ля сэрца, і, калі мы будзем танцаваць, яна раскажа, як я вас кахаю.

Але дзяўчына не выказала радасці.

— Баюся, ружа не падыдзе да майго ўбрання, — адказала яна. — Апроч таго, пляменнік камергера прыслаў мне сапраўдныя брыльянты, а каму невядома, што яны значна даражэйшыя за кветкі!

— Ах, якая вы няўдзячная! — гнеўна выпаліў Студэнт і са злосцю кінуў ружу на зямлю.

Яна ўпала ў каляіну, і хутка па ёй праехалі коламі.

— Ах, я няўдзячная?! — узлавалася дзяўчына. — Дык ведайце ж: вы — грубіян! І ўрэшце, хто вы такі? Усяго толькі Студэнт. Сумняваюся, ці ёсць у вас такія сярэбраныя спражкі, як у пляменніка камергера!

Яна ўсхапілася з крэсла і пабегла ў пакой.

«Якое гэта глупства — Каханне, — з горыччу разважаў Студэнт, ідучы дадому. — У ім няма і паловы таго зместу, які ёсць у Логіцы; яно нічога не даказвае, а абяцае заўжды нязбытнае і прымушае верыць у прывід. Карацей кажучы, яно зусім непрактычнае. А паколькі ў наш век быць практычным — самае галоўнае, то вярнуся я лепш да Філасофіі і буду вывучаць Метафізіку».

І Студэнт пайшоў да сябе ў пакой, выцягнуў вялікую запыленую кнігу і пачаў чытаць.