Да пастаноўкі рыхтаваліся тры нумары:
1. «Прыход волхваў у святую пячэру» — містэрыя.
2. «Камедыя», у якой галоўнымі героямі: селянін, жыд, чорт, тры браты, пакутнік і іншыя.
3. «Усход сонца» — балет.
Ксёндз Марцэвіч вельмі старанна глядзеў за падрыхтоўкай містэрыі.
Младзенца Езуса іграў трохгадовы хлопчык, сын аканома.
Мужыцкаму сыну такой «святой» ролі іграць не далі.
Рознымі цацкамі і цукеркамі ўдалося прывучыць дзіцё паляжаць голым у бутафорскіх лясах, якія стаялі ў спецыяльным пакоі. Матку Боску іграла самая прыгожая дзяўчына. Волхвы кожны раз прычэплівалі белыя бароды і былі гэтым вельмі здаволены, хоць лупцоўкі мелі часта за малейшую неакуратнасць. Ролі вывучылі на памяць.
Але спакайней за ўсіх сябе адчуваў ослік, які абавязкова прысутнічаў на кожнай рэпетыцыі. З ім рэжысёр меў мала клопату. Яго ніхто не біў, не лаяў за кепскую вымову польскай мовы.
Праўда, ксёндз Марцэвіч у сваёй інсцэнізацыі гэтага эпізоду «святога тастамента» надаў і святому боскаму осліку дар слова, улажыўшы ў яго вусны хвалу «сыну божаму» ў лацінскім вершы. Але пан Вашамірскі пры разглядзе гэтай містэрыі высмеяў аўтара за такую ненатуральнасць.
— Чаму ненатуральнасць? — пакрыўдзіўся езуіт, — а ў Валаама асёл гаварыў? Пэўна, і ў Пана Езуса гаварыў! — кончыў ён з набожным агнём у вачах.
— Аб тым, што асёл Валаама гаварыў, у Бібліі напісана, — казаў на гэта пан Вашамірскі, — а аб Хрыстусовым асле ў Евангеллі нічога не напісана.
— Аб гэтым і пісаць не трэба, — гарачыўся ксёндз, — аб гэтым і так кожны можа разумець! І так ясна!
— Як жа гэта можа быць, каб асёл сына божага не гаварыў? — дзівіўся ксёндз і развёў рукамі ў бок пустой сцяны.
Пан Вашамірскі, аднак, паставіў на сваім. Чырвоным атрамэнтам выкрасліў маналог асла.
Асёл быў зроблены бутафорскі.
Ксёндз доўга аб гэтым шкадаваў. Ён меркаваў да гэтай ролі камбінацыю з двух чалавек, якія ў масцы асла пад хітра сшытай з матэрыі фігурай асла будуць стаяць сагнуўшыся. Адзін з іх будзе казаць лацінскі асліны верш, у якім усхваліць «сына божага», а другі загікае па-аслінаму і будзе круціць хвастом.
— Але што ж, воля пана!
На драўлянага асла садзілі часта «пана Езуса» — трохгадовага хлапчука, які пры гэтым вельмі смяяўся.
Вочкі яго ззялі радасцю і гордасцю, калі волхвы сівабародыя кланяліся яму ў ногі з набожнай пашанай.
З «камедыі» Сымон ведаў на памяць усе ролі, але Салаўя на гэта не турбавалі.
— Няхай прыглядаецца, — гаварыў рэжысёр.
Балетмайстар сфантазіраваў «усход сонца» вельмі пышна і зграбна. Балерыны выасаблялі сабой сонца, месяц і зоркі.
Навезлі з горада шмат розных дарагіх матэрый на сцэнічныя вопраткі. Тут яшчэ патрэбны былі краўцы, маляр-дэкаратар і іншыя майстры.
Ад клопатаў галава кружылася. Нават ва сне пан бачыў свой тэатр.
На розныя такія дадаткі для тэатра пан спусціў адзін з сваіх маёнткаў, які яму чамусьці ніякага прыбытку не даваў. Адкупіў аканом таго ж самага маёнтка.
Праўда, суседзі-паны шапталі пану Вашамірскаму на вуха, што аканом купіў маёнтак за грошы, пакрадзеныя з гэтага ж маёнтка, але пану Вашамірскаму часу не было займацца такімі будзённымі справамі.
Тэатр засланіў перад ім усё на свеце.
Часам і яда яму ў горла не лезла. Жартачкі — такі апякун мастацтва. Аб ім слава пусціць пагалоскі аж да Варшавы… Парыжскім прыяцелям ён таксама аб гэтым пісаў. Яны надзівіцца не могуць яго дзейнасці, яго генію.
Усім сваім артыстам ён сам прыдумваў новыя імёны: Аўрора, Венера, Апалон, Феб і іншыя.
Балерын назваў па парадку імёнамі ўсіх дзевяці муз.
У памяшканні студыі ім было забаронена ўжываць свае ўласныя імёны. За гэта строга каралі.
Шмат панскай бярозавай кашы з'елі яны, пакуль навучыліся выгаварваць гэтыя словы, пакуль запамятавалі іх, бо кожнаму трэба было ведаць імёны ўсіх сваіх таварышоў па студыі.
Гэта для сялянскіх дзяўчат і хлапцоў справа была нялёгкая.
Аднятыя ад бацькоў, ад ранейшага быту, уцягнутыя ў новае жыццё, нязвыклае для іх, нададзеныя новыя імёны, чыстая вопратка, лепшая, чым у хаце, яда, адарванасць ад сялянскай фізічнай працы, — усё гэта перарабіла іх, кінула ў нейкі фантастычны вір.
Да гэтага яшчэ кожны з іх у сваіх ролях павінен быў выасабляць зусім іншых людзей, ператварацца ў іх. Французы-педагогі чыталі ім аб гэтым вельмі красамоўна лекцыі, якія пан сам тлумачыў ім слова ў слова, захапляючыся і захлёбваючыся сваім уласным голасам.
Яны, простыя дзеці вёскі, зразумелі з усяго гэтага пятае праз дзесятае. У іх галовах круціўся і мігацеў дзікі каламбур. Ім здавалася, што знаходзяцца ў нейкім дзівосным і страшным сне.