Яна вадзіла гасцей ад сцяны да сцяны, на якіх былі развешаны малюнкі катоў у натуральнай велічыні: работа найлепшых маляроў, якіх яна дзеля гэтага выпісвала з Варшавы, плаціла ім вялікія грошы…
Ксёндз Марцэвіч хітра паглядаў на пана Вашамірскага, той адварочваўся.
Раптам пачулася дзікае і жаласлівае мяўканне з суседняга пакоя — «з кашачага шпіталя». Пані ўздрыгнула і пабялела як палатно.
— Пэўна Атлантыда каценіцца! — сказала яна не сваім голасам і пусцілася, заклапочаная, у другі пакой.
Пан і ксёндз асталіся адны. Яны адвярнуліся адзін ад аднаго, і кожны з іх душыўся ад нахлынуўшага знутры смеху.
Да ксяндза падышоў вялізны, белы як снег, кот і давай яму глыбока пазіраць у вочы.
Ксяндзу нялоўка зрабілася. У яго зараз жа адпала ахвота смяяцца.
Залаціста-зялёныя вочы ката з вузкімі цёмнымі рыскамі глядзелі на яго задумёна і як бы пранікаючы наскрозь. Ксяндзу здавалася, што паміж ім і катом ёсць сакрэт, таямніца, вядомая толькі ім адным. Тая вера ў д'ябла, якая страцілася з сэрца ксяндза, вярнулася назад.
«Хто яго ведае, — падумаў ён, — звычайны кот так разумна не глядзіць. А гэты — нібы ўсе думкі мае знае…»
Кот пачаў выгінацца ў дугу, пазяхаць, церціся галавой, хвастом каля ног ксяндза, пакідаючы на чорнай сутане белую поўсць.
Ксёндз перамог сваё непрыемнае пачуццё, надаў сабе празмерную харобрасць, нагнуўся і пстрыкнуў ката пальцам у слізкавата-ружовы мяккі нос.
Кот бліснуў вачыма ад неспадзявання, ад дзіва, і ледзі не чалавечы выраз адлюстраваўся ў яго вачах. Ён грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці…
Ксёндз крыкнуў. З яго падрапанай правай рукі капала кроў…
Спалохаўся спачатку і пан, але потым засмяяўся, кажучы, што ксёндз гэта шчыра зарабіў.
Ксёндз выцер руку хустачкай і хутка забыў аб ране, бо катам неслі полудзень, неслі на тацах у дарагіх пасудзінах.
Яго зацікавіла адна з нянек. Ад гэтай кашачай нянькі ён вачэй адарваць не мог.
Квапным позіркам утаропіўся ў тое месца, дзе пад лёгкай сукенкай вызначаліся акругленасці бёдраў…
За сцяною чуваць быў лямант «парадзіхі» Атлантыды і пяшчотнае супакойванне яе спрытнай бабкі — старой пані.
11. Кашачы канцэрт
Пасля таго як накармілі катоў, як Атлантыда ўдачліва спарадзіла пяць кацянят, як пані ў старасвецкім календары знайшла для іх імёны, якія панапісала на шоўкавых істужках і абвязала імі кацянят, пасля таго як яна ўпісала ў кнігу новых кацянят з адзначэннем дня нараджэння, — гасцей папрасілі на абед.
Пані яшчэ была ўзварушана вялікімі падзеямі сённяшняга дня: новым пакаленнем катоў. Такая ўрачыстаць не праходзіла ціха. Якраз цяпер чуваць была суматоха на дварэ: вялі на стайню лейб-доктара паніных катоў, каб пакараць яго за тое, што не паведаміў паню раней, калі Атлантыда павінна была каціцца, і пані зусім да гэтага не была падрыхтавана.
— Ёсць рай, ёсць і пекла, таксама радасць не бывае без смутку. Ва ўсім божая гармонія, — разводзіў сваю філасофію ксёндз Марцэвіч, запіхваючы ў рот тлусты кавалак смажанай гусяціны з яблычнай начынкай.
— Кара робіць людзей шляхотнымі, болеч цела дае гаенне духу, — казаў ён салодкім голасам, запіваючы гусяціну чырвоным віном з срэбнай чаркі.
— А дзе ж Салавей? — успомніла пані. — У клопатах ледзь не забылася аб ім.
— Трэба яго паклікаць! — сказаў пап, выціраючы губы белай галяндэрскай сурвэткай.
— Так, Салавей, — разважаў ксёндз, паглядаючы ласа на марынаваныя грыбкі, — назвалі чалавека салаўём. Але ж ён вые, як воўк, брэша па-сабачаму, хрукае, як свіння, — чаму ж салаўём яго назвалі? Чаму, пане Адасе? — звярнуўся ён да пана Вашамірскага. — Маглі б назваць воўкам, сабакам, свіннёй.
— Маглі б назваць і ксяндзом, бо ён і ваш голас падрабляе! — казаў пан Вашамірскі. — Назвалі салаўём, бо яго амплуа салаўём свістаць, бо нам якраз гэта роля патрэбна. А вашай ксяндзоўскай ролі ён не адбярэ…
Ксёндз трохі паморшчыўся і, каб лягчэй зглынуць крыўду, зноў пачаў разважаць.
— Такія, як гэты чалавок-салавей, называюцца брухамоўцамі. Гэта чараўнікі, у іх нячыстая сіла сядзіць, аб іх у Бібліі гаворана. Яшчэ цар Саул загадаў выразаць усіх чараўнікоў і ведзьмаў у сваёй дзяржаве.
Ксёндз зірнуў у бок пані, якая ціха ойкнула і вытарашчыла вочы.
— Ой, вельмі баюся нячыстай сілы, — прашаптала пані і давай хрысціць рукою дзверы кашачых пакояў.