Выбрать главу

— Ды кіньце, войча, глупства гаварыць і маю маці палохаць! — зазлаваўся пан Вашамірскі.

Але ў гэты час ксёндз Марцэвіч быў захоплены зусім іншай справай. Ён, не звярнуўшы ўвагі на словы пана Вашамірскага, спакойна прысунуў да сябе апетытны ружовы торт, які выглядаў, нібы яснае сонца.

У старой пані заўсёды торт (вельмі мастацкай работы) быў традыцыйнай украсай стала. Яна была вялікім аматарам майстраваць торты. Адслужыўшы прываблівай дэкарацыяй для шаноўных гасцей, торты заўсёды заставаліся цэлымі, нечапанымі, як Дзева Марыя. Пасля пані Вашамірская аддавала іх сваім пестунам — катам.

Ксёндз Марцэвіч гэта ведаў. Але, выпіўшы цяпер лішнюю чарку віна, яго апанавалі спакусы пакаштаваць хоць раз у жыцці панін торт.

— Зусім магчыма, — казаў ксёндз, — што нячыстая сіла і ў Салаўі сядзіць…

Пры гэтым ён адрэзаў ёмкі кавалак торта і пачаў есці, любуючыся і смакам і выглядам, бо торт у разрэзе адкрываў захаваныя таямніцы рознакалёрных слаёў начынкі. Торт меў унутры цэлую тройцу райскіх смакаў.

Пані, захопленая гутаркай, не заўважыла ксяндзоўскага ўчынку.

— Грэшны дух, — далей вёў гутарку ксёндз, — прыходзіў і да святога Аўгусціна ў выглядзе анёлаў і нават прымаў постаць самога Пана Езуса. Але са злом трэба змагацца!

Пры гэтых строгіх словах другі кавалак смачнага торта паехаў у ксяндзоўскі рот з такім спрытам, нібы торт быў гэтай нячыстай сілай, якую ён стараўся знішчыць.

Пані раптам заўважыла празмернае самачаставанне духоўніка, крыху зморшчылася і адсунула ад ксяндза пачаты торт.

У гэты час лёкай прывёў Салаўя. Той нізка пакланіўся, аглядаючы ўсіх смелымі, спакойнымі вачыма.

Пані зірнула на яго са страхам, цікавасцю і павагай.

Словы ксяндза зрабілі на яе ўражанне.

— Ну, нячыстая сіла, — пажартаваў пан, — свісні салаўём!

Салавей паказаў сваё мастацтва.

Пані слухала спакойна.

Такая незацікаўленасць роднай маткі да свайго Салаўя пану не зусім спадабалася.

— А што? — звярнуўся ён да маткі.

— Эт! Так і птушка можа, тысячу разоў чула.

— Ану, прадстаўляй ксяндза! — звярнуўся пан да Салаўя.

У адну хвіліну Салавей ператварыўся ў ксяндза Марцэвіча: пачаў сыпаць ксяндзоўскай філасофіяй, якой многа наслухаўся ў студыі. Падрабляў яго голас да таго натуральна, ажна ксёндз здэтанаваўся і пакрыўдзіўся…

— …Як жа гэта можа быць, каб асёл сына божага не гаварыў?! — дзівіўся Салавей. — Аб гэтым і так кожны можа разумець! І так ясна.

Салавей нібы папраўляў сутану. Ён граў ксяндза Марцэвіча. Нават выраз вачэў быў падобны да ксяндзоўскіх.

— …Боль грэшнага цела гоіць вечную душу, — кончыў прадстаўленне Салавей.

Пан Вашамірскі рагатаў шчыра і гучна, адкінуўшыся галавою на спінку крэсла, палажыўшы рукі накрыж на жываце.

Ксёндз апусціў галаву, а пані была незадаволена, што так выкпіваюць духоўную асобу.

— Так сам ксёндз патрапіць. Тут ніякага дзіва няма! — казала пані няласкавым тонам.

— Але ж тут ёсць мастацтва! — гарачыўся пан. — Ёсць лес, які мы бачым штодня, і не дзівімся яму, а калі гэты самы лес намалюе мастак, дык мы дзівімся малюнку. Малюнак ужо ёсць мастацтва!

Пан Вашамірскі націскаў на слова мастацтва, нібы гэта мастацтва было абасобленай істотай, якую ён бачыў перад сабою, адчуваў сваімі нервамі.

— У Салаўя таксама шмат мастацтва! — кончыў свой доказ пан Вашамірскі і выпрастаўся на сваім крэсле.

— Не мастацтва, а брухамоўства, — ціхім голасам паправіў пана ксёндз Марцэвіч, бліснуў набожнымі вачыма ў бок пані і зноў прысунуў да сябе пачаты торт, нібы зброю супроць пана.

— Я прызнаю мастацтва толькі ў катоў, — казала пані і пагладзіла пры гэтым двух катоў, якія сядзелі на яе каленях.

— Ану, заняўкай! — звярнуўся пан Вашамірскі да Салаўя і бліснуў весела вачыма.

Салавей пачаў няўкаць.

Кашачыя марцаўскія спевы ліліся з яго горла, запоўнілі пакой. Ён на розныя лады перадаў няўканне катоў. Няўкаў нібы не адзін кот, а дзесяць. У гэтых агідных галасах чулася роспач, быццам рэзалі кагосьці па горлу тупым шклом ці душылі вяроўкай. У гэтых жудасных хрыпах і стогнах была цяга самца да самкі, тая цяга, ад якой непрытомнымі робяцца, ідуць на розныя злоўчынкі.

Пан заткнуў вушы.

Уся чэлядзь збеглася спалоханая і здзіўленая. У пансіёне катоў пачалося занепакоенне. Каты пачалі драпаць дзверы.

Старая пані была ў захапленні. У яе засвяціліся вочы, як дзве свечкі, паружавеў твар. Яна не адрывала вачэй ад Салаўя, упівалася са смагай у гэты дзікі канцэрт. Ёй здавалася, нібы чуе гранне аргану ў касцёле або спевы анёлаў у раі, што былі ёй знаёмы з яе ўласных «прарочых сноў», якія часта сніла.