Мы ўвайшлі ў палац. Паснедалі хутка. Пасля гэтага ён пазнаёміў мяне са старэнькім дзедам, які ўзяўся паказваць мне стары палац. Сябар мой пайшоў брысці па гаспадарцы з рабочымі, каб размеркаваць працу на заўтрашні дзень.
Дзеду было гадоў шэсцьдзесят пяць: белавусы, худы, з ружовай лысінай, з жоўтым пухам вакол, якраз дмухавец. Відаць, фізічнай працай мала займаўся. Нягледзячы на свае гады, ён быў стройны і рухавы. Рукі гладкія з ценкімі пальцамі. На ім старая вайсковая вопратка колеру хакі. На нагах — «хадакі» з старых ботаў.
Дзед служыў у гаспадарцы вартаўніком. Да рэвалюцыі быў лёкаем у пана Вашамірскага — ранейшага ўладара гэтага маёнтка. Дзед ведаў усе закуткі строгага белага мура. Ведаў усю сямейную хроніку пана Вашамірскага і шмат цікавых гісторый пра бацьку і дзеда пана яшчэ з часоў паншчыны.
З абурэннем дзед гаварыў, як увосень 1917 года руйнавалі панскі маёнтак, як вакольныя сяляне выбівалі шыбы ў вокнах, хто нагамі бразгаў па фартэп'яна, хто абрываў плюш з пакояў Кацярыны II (яна калісьці спынялася ў гэтым маёнтку), хто аблупліваў скуру фатэляў, і як падпальвалі будынкі на дварэ.
Я тлумачыў дзеду, што, безумоўна, сяляне ўчынілі гэта непрактычна, бо дабро засталося б тут для іх жа. Але пачуццё помсты і нянавісці да паноў за векавечныя здзекі над імі, сялянамі, узяло верх, і яны хацелі знішчыць дашчэнту ўсе панскія сляды.
Ад усяго палаца, хоць ён быў заселены рабочымі, веяла непрытулам. Не гарманавалі сасновыя сталы, даўгія лавы і простыя ложкі з вялізнымі высокімі пакоямі. Палац больш падыходзіў для школы, чымся для жылля. Тут улетку, нават у гарачыя дні, было холадна.
Дзед апавядаў мне аб кожным пакоі. Маляваў ранейшую абстаноўку, паказваў, дзе быў панскі габінет, спальня, салон, дзе жыла дачка пана Вашамірскага, маладая панна Ядвіга.
Я заўважыў на сцяне апошняга пакоя прыбітыя металёвыя планкі. На кожнай з іх быў выгравіраваны год па парадку ад 1898 да 1917 знізу ўверх.
Дзед тлумачыў, што кожны год на імяніны панны Ядвігі мералі яе рост. На памятку прыбівалі гэтыя мядзяныя дошчачкі.
Нарэшце дзед мяне завёў у флігель, які ўпіраецца сваім акругленым фасадам у вялізны парк.
Гэты пакой — пусты, авальнай формы — вышынёю ахоплівае два паверхі. Праз каляровыя шыбы, аплеценыя густой павуцінай, прабіваецца святло сонца, раскідвае на сцены фантастычныя плямы. Звышку, ля суфіта, тырчаць вялізныя галовы сатыраў у старагрэцкім стылі. На фізіяноміях застылі гуллівыя ўсмешкі. Вакол сатыраў — барэльефы з шматгаловымі змеямі. Суфіт аздоблены трохкутнікавымі арабескамі, а ў самым цэнтры — стылізаваны польскі арол.
Па сценах, паміж замыславатых арнаментаў, мітусяцца разнастайныя старасвецкія княжацкія гербы. Супроць высачэзных напаўкруглых дзвярэй, таксама з каляровым шклом, выступае невялічкая галёрка.
Ранейшага прызначэння гэтага пакоя дзед не мог мне вытлумачыць. Пры ім пакой быў заўсёды пусты. Загадчык, у якога я пасля аб гэтым пытаўся, таксама не ведаў.
Гаварылі, нібы калісьці тут была масонская ложа ці, можа, пан сюды склікаў падданых на гаспадарчыя гутаркі. Для тэатра пакой таксама не падыходзіў. А можа, гэта быў летні салон, а галёрка была для музыкаў?
— А ўночы праз разбітыя вокны сюды кажаны набіваюцца, пішчаць, як мышы, — казаў мне дзед з вінаватай усмешкай на губах.
Цяпер, удзень, ластаўкі тут кружацца, гарэзліва б'юцца крыллямі аб каляровыя шыбы. Вее рамантызмам у гусце Генрыха Гейнэ.
Я быў ахмелены паўзмрокам пакоя.
Дзед вывеў мяне на тэрасу, якая спускался ў парк.
Пад стагодняй ліпай ляжала галава каменнага льва. На дарожцы вакол вялізнага запушчанага кветніка, нібы косці шкілета, тырчэлі з пяску абломкі львіных вялізных лап: рэшткі панскай культуры. Яна, безумоўна, мела сваё хараство, але гадавалася на нявольніцкім карку мужыкоў.
Міжволі носіш у сэрцы такое пачуццё да гэтае культуры, якое мелі да яе тыя, хто з дзікімі ад злосці вачыма нішчылі панскія маёнткі сабе на ўрон…
З нейкай палёгкай на сэрцы я выйшаў з цяністага парка на пагорак — на санцапёк.
На мяжы каля жытняга поля журчэла вясёлая рэчка, пенілася па адшліфованых каменнях, і здавалася, што статкі маладых гусянят нырцуюць у вадзе між каменняў. У паветры стаяла млявасць сонечнага гарачага паўдня. Дрыжэў над зямлёй ледзь прыкметны залаты пылок. Ад бярозавага плота, аброслага губкамі, што стаяў вакол канюшыннага поля, аддавала прэласцю. Павольна чылікалі птушкі. Здалёк, пад лёгкім курадымам поўдня, драмаў бор. Як шэрыя, закарузлыя скрыніны, былі раскіданы дзе-нідзе хутаркі. Усё гэта ў нядзельны дзень абамлела пад сонцам.