Муры ўрэзаліся буйнымі грудзьмі ў абшар, бязлітасна, гвалтоўна душаць прастор поля. Яны ўсмоктваюць у сябе вякі, нібы п'яўкі кроў, спыняюць ход часу і твораць навокал урачыстасць нейкай сляпой сілы і пакорлівасць да сябе ўсяго вакольнага.
На дзядзінцы раптам замітусіліся людзі. Ставілі гарматы каля шырокага ганка палацаў; збіралася ўся чэлядзь, выйшлі вялікай грамадой панскія госці; галдзелі, шумелі.
Дзядзінец ажыў як ніколі.
Стралялі з гарматаў.
У цёмнае неба імчаліся з грукатам, з шыпеннем, з парахавым смуродам агнёвыя змеі ракет, ляцелі высока-высока і рассыпаліся ва ўсе бакі снапамі рознакаляровых іскраў-зорак. Часам паказваліся замыславатыя агнёвыя ўзоры ў паветры, раскідваліся ва ўсе бакі агнёвыя крыжы, замкі.
Крыкі «віват» гучэлі водгаласкамі з усіх бакоў. Гэта крычалі панскія госці ў вялікім захапленні.
Ноч была ператворана ў казку.
Кожны раз, як пускалася ракета, як бухаў у шыпучым грукатанні феерверк, азараліся твары людскія, нібы пры асвятленні маланкі. Радасць ззяла ў вачах паноў.
Прыгонныя, якія былі «запрошаны» на панскі баль, былі страшна напалоханыя, збянтэжаныя і не ведалі, што з сабой рабіць.
Тое, што ўвесь час гаварылася аб генеральнай рэпетыцыі, аб страхоццях панскіх чарнакніжнікаў, яны бачылі цяпер відавочна…
Некаторыя хрысціліся, некаторыя пускаліся наўцёкі, а некаторыя камянелі на месцы з выпучанымі ад вялікага дзіва і страху вачыма. Хто хапаўся рукамі за валасы, хто мармытаў нязвязныя словы, а хто шаптаў малітвы.
У разнастайныя позы страху, нібы бронзавыя ці мармуровыя фігуры, застывалі панскія падданыя з тых, што прыйшлі на гэты баль па загаду пана.
Госці рагаталі, смяяліся, жартавалі. Тоўстыя, у багатых футрах, яны выглядалі людзьмі іншай пароды.
Ноч была, нібы казка.
А сабакі паднялі працяглае выццё. Яны па-свойму выказвалі і страх, і здзіўленне.
Дождж іскраў сыпаў і пыліў ва ўсе бакі. Маланкі і бліскавіцы, наладжаныя людзьмі на забаўку, перарабілі Каляды ў Купалле, зіму ў лета.
Фантастычнай і дзівоснай здавалася ноч у вачах простых сялян.
Між іншымі стаялі тут Язэп і Пятрусь, якія рыхтаваліся ісці вясною ў цімакі.
— Гэта на нашай крыві паны гуляюць, — шапнуў Язэп.
— На нашых слёзах і поце, — дадаў Пятрусь.
Каменныя львы па вялізным ганку здаваліся жывымі.
Пасярэдзіне вялікай залі было пастаўлена разам некалькі сталоў. Яны займалі аграмадную плошчу, бокам супроць сцэны. Сталы былі пакрыты белымі абрусамі. Пасярэдзіне сталоў на срэбных падстаўках — гербах пана Вашамірскага — на ўсю даўжыню былі разложаны шырокія тафлі з тоўстага шкла. На тафлях красаваўся сімвал новага года, месяцаў, тыдняў і дзён. У цэнтры знаходзіўся паляўнічы. Па баках стаялі дванаццаць зуброў, пяцьдзесят два ваўкі і трыста шэсцьдзесят пяць лебедзяў. Усё гэта было зроблена з разнастайных тортаў і аздоблена цукеркамі і фруктамі.
Вакол пераліваліся ў розныя калюры крыштальныя карафіны з рознымі вінамі — французскімі і венгерскімі. Радамі стаялі кілішкі. У вялікіх срэбных і парцаляных паўмісках і місках дыміліся мясныя і рыбныя патравы, рознакаляровыя баршчы, расолы.
Панскія лёкаі і гайдукі ў ліўрэях з вышыванымі гербамі пана Вашамірскага, пад камандаю бравага стольніка, усё насілі на стол, насілі з такой заклапочанасцю, нібы ўвесь маёнтак павінны сюды перанесці: насілі асцярожна, трымаючы пасудзіны ў белых сарветках, каб «хлопскія» рукі не пашкодзілі панскаму апетыту.
Даўжэзнае поле стала ламалася, здаецца, пад вялізнымі сервізамі срэбра, шкла, парцаляны, фруктаў, пітваў і патраў.
Кожны крок, кожны рух лёкаяў быў адшліфаваны, нібы панскія слугі выконвалі патаемны рытуал.
Закон зграбнасці быў і тут вельмі строгі.
Пад мяснымі і расольнымі патравамі стаялі срэбныя фаеркі, у якіх сіняватымі агнямі гарэў спірытус, каб яда не астыгла.
Срэбныя і бронзавыя кандэлябры вышэй чалавечага росту стаялі на паркеце. Іх трымалі на пакрытых плюшам і аксамітам сценах амуры і німфы. Пад размаляванымі суфітамі яны віселі фантастычнымі ўзорамі з бронзы і крышталю.
З правага боку сцэны была галёрка для музыкаў, з левага — галёрка для чэлядзі і прыгонных дзяўчат, якіх пан «запрасіў» на баль.
Дзяўчаты-прыгонныя звесілі галовы ўніз і, як зачараваныя, глядзелі на ўсё, што робіцца вакол; шушукаліся між сабою, паказваючы на тыя дзівы, якіх яны ніколі ў жыцці не бачылі.