Недалёка ад шляхціца Завішшы, у канцы стала, сядзеў малады шляхціц Вольскі. Яго называлі звычайна «пан Вольскі, купец польскі». Ён гандляваў коньмі і дробнымі фальваркамі. Апрача таго, быў пляткаром усёй ваколіцы. Меў вялікі спрыт пасварыць паноў між сабою, а сам заўсёды выходзіў сухім.
Выгляд у яго плюгавы: нізенькі, рыжыя валасы, чырвоныя вочкі. Вольскі часта божкаўся, моршчыў лоб, рабіў шчырыя і жаласлівыя вочы, біў сябе кулачкамі ў грудзі і ледзь не плакаў. Часам, калі яму трэба было разжалабіць якога-колечы пакупца, дык нават выціскаў слёзы з вачэй, сморкаўся і хныкаў. Ён падлізваўся да кожнага пана, ад якога спадзяваўся мець якую-колечу выгаду. Славіўся ён таксама па фальварках і маёнтках як вершаплёт.
Верш у гонар пана Вашамірскага Вольскі рыхтаваў ужо даўно, пацеў над рыфмамі некалькі начэй. Ён спадзяваўся гандляваць з панам Вашамірскім, прадаваць яму коней. Цяпер надышла яго пара прачытаць гэты верш. Ён падняўся, наморшчыў лоб і пачаў сваім рэзка-металёвым непрыемным голасам:
Ой, пан Вашамірскі, яснавяльможны пане!
Ой, хвала табе ад рання да рання!
Бадай кожны радок верша пачынаўся ў яго ад слова «Ой». Ён войкнуў разоў сорак, хваліў пана за вялікі розум, а ўсіх іншых абзываў дурнямі.
Доктар багасловіі і філасофіі пільна прыслухоўваўся да кожнага слова верша. «Ой» яму вельмі спадабалася. У гэтым слове чуецца моцны стогн душы шчырага каталіка, пакута сэрца, закаханага ў Пана Езуса.
— Радтасць — гэта распуста, упадак пачуцця! — тлумачыў далей доктар багасловіі і філасофіі, прыціскаючы кожнае слова, нібы абцугамі, гаворачы да ксяндза Марцэвіча, якога толькі што паспеў павіншаваць з поспехам яго п'есы.
Шляхціц Завішша меў свой погляд і на творчасць Вольскага, якога ён даўно ведаў, меў свой погляд і на развагі ксяндза. Ён казаў на вуха свайму суседу:
— Дзіўны багаслоў. Сам балюе, а радасць крытыкуе. Вось фальшывы сутаннік! А Вольскі ойкае, бо рыфмы ў дзесяты пот яго кідаюць. Яму нялёгка, вось і войкае, пане дабрадзеенку! Усіх дурнямі абзывае, гіцаль рыжы, бо сам дурань, сабачая душа яго!
Завішша круціў пры гэтым вусы і злаваўся.
Усе госці бісавалі Вольскаму.
Пан Вашамірскі, які ўжо быў падвыпіўшы, папрасіў прынесці ў чэсць паэта дзедаўскі келіх.
Госці зарагаталі. Яны добра ведалі гэты паўгарцовы срэбны коўш, на якім было выразана тры сэрцы з надпісам «corda fidelium» («сэрца прыяцеляў»). Мала хто здолеў выпіць яго да канца, каб не зваліцца з ног. А пан прымушаў яго выпіць адным духам. У каго хоць трохі на дне каўша заставалася, таму загадваў другі раз піць.
Спалохаўся пан Вольскі.
— Пане Вашамірскі… — гаварыў ён, — но здолею выпіць… Ой, не здолею… ой… злітуйся, пане!
Нічога не памагло.
Лёкай у хвіліну прынёс келіх, які налілі поўна старавенгерскім віном.
Пан Вольскі вытарашчыў вочы і ледзь не да дна выпіў, але раптам пачала кружыцца галава, і ён паваліўся.
Падскочылі лёкаі і пад агульны рогат вынеслі яго з залі.
— Гэта яму кара за верш, — казаў пан Вашамірскі. — Каб пахваліць гаспадара, дык яшчэ не значыць, што трэба зганьбіць іншых. Гэта адзнака людзей не ганаровых.
Госці былі вельмі здаволены ўчынкам пана і яго тлумачэннем.
Пан Вольскі аглянуўся.
Ён знаходзіцца на канапе ў гардэробным пакоі. У срэбным ліхтарыку мігацела толькі адна свечка. На сценах гойдаўся змрок. Насупроць яго блішчэла вялізнае люстэрка, у якім святло свечкі выглядала воўчым вокам. Пакой расшырыўся ў люстэрку і выглядаў бесканечным. Сцены расплываліся ў змроку. Рад вялізных шафаў стаяў каля сцен. Драўляныя фігуры і разнастайная разьба на шафах абрысоўваліся вельмі слаба; але бронзавыя амуры на некаторых ярка мігацелі, блішчэлі, як золата. Ва ўсіх кутках пан Вольскі налічыў восем шаф.
Гэтыя шафы зазвычай прывозілі з сабою маладыя жонкі паноў Вашамірскіх.
«Восем шаф, значыць, восем пакаленняў», — падумаў пан Вольскі, моршчачы п'яны лоб.
Ён пацягнуў носам. З пакоя нясло пустыром. Як пачаў думаць аб гэтых васьмёх пакаленнях, аб вечнасці, яму жудасна зрабілася. Думкі скакалі, зблытаныя, туманныя і жаласлівыя. Яны мігацелі, як вуголлі на патухаючым вогнішчы.
З залі чуваць быў гул галасоў, які зліваўся ў нейкі манатонны гуд.
Пакрыўджаны фальварковы пясняр пачаў дзеля ўцехі выабражаць у думках, што спявае. Яму нават забаўна зрабілася ад таго, што можна спяваць мелодыю не толькі ўголас, а нават у думках. І якую б мелодыю ён ні думаў, гул галасоў з вялікай залі паўтараў гэту мелодыю.