Раптам гул сціх. Да яго плыла кволая прыгожая музыка.
«Гэта балет „Усход сонца“ цяпер выконваецца на сцэне», — падумаў пан Вольскі.
Ён ледзь не завыў ад крыўды, што не знаходзіцца ў залі і не бачыць балерын.
Музыка драпала сэрца, нервавала, і ён не ведаў, што з сабою зрабіць. Каб заглушыць боль, ён паднёс палец да агню свечкі і сцяў зубы. Нястрыманага болю доўга не мог цярпець. Прылажыў палец да губ, хукаў на яго і смяяўся:
— Вось да якога вар'яцця дайшоў! Ой!
А музыка вабіла, чаравала, кідала яго думкі, нібы вецер пыл дарожны, у розныя бакі. Здавалася, што нічога харашэйшага за гэту музыку на свеце няма.
— Нічога на свеце! — сказаў ён уголас.
З далёкага змрочнага кутка вялізнага гардэробнага пакоя кінуўся да яго водгалас: «чога на свеце!»
Пан Вольскі спалохаўся, адчуў сябе адзінокім, як у глухім лесе. Ён ведаў, што «чога па свеце» — адбітак яго голасу, як бывае адбітак твару ў люстэрку ці ў вадзе. Аднак пачаў баяцца і аднаго, і другога. Каб адагнаць ад сябе адзіноту, ён пачаў думаць аб прыгожых панях, якія былі ў залі. Усе яны зліваліся ў яго думках у адзін абраз недасяжнай вабнай жанчыны. Твару яе не бачыць; не можа сабе ўявіць яе выгляд, але яна кіпяціць-гарачыць яго кроў.
«Трэба ёй напісаць верш! — падумаў пан Вольскі. — Я ж — рыцар яе! Я крыві сваёй шкадаваць не павінен!»
«Рыцар, кроў, верш» туманілі яго думкі, запаланілі яго новай ідэяй:
«Трэба напісаць верш сваёй уласнай крывёю».
Пан Вольскі падышоў бліжэй да свечкі, выняў з раменнага пояса нож, што вісеў у похве, і пачаў сабе калупаць нажом левую руку. Паказалася кроў. Ён дастаў з кішэні кавалак шэрай паперы, з другой кішэні — некалькі зубадлубак, якія ўзяў са стала на запас, і пачаў макаць кончыкам зубадлубкі ў сваю кроў і выводзіць літары на паперы. Ён напісаў пачатак верша:
«Ой…»
Далей у яго не ішло. Ён наморшчыў лоб і пачаў думаць.
Чырвонае крывавае слова дваілася, траілася ў вачах. Ён бачыў як бы цэлыя тузіны гэтага слова:
«Ой, ой, ой».
Яны мітусіліся перад ім, нібы «божыя кароўкі».
Вольскі плюнуў, вылаяў сам сябе за такое вар'яцце, абвязаў параненую руку хустачкай і прылёг на канапе.
«Ой, ой, ой, ой, ой» — звінела музыка ў яго вушах. Галава зрабілася цяжкаю, і ён хутка заснуў.
Праснуўся ад шэпту і ціхага плачу ў пакоі. Уздрыгануўся, прытаіўся і давай прыслухоўвацца.
— Паночку… паночку міленькі, не чапай мяне! — прасіла-маліла дзяўчына.
— Ціха ты! — бурчаў у адказ п'яны голас аднаго з гасцей.
— Ага, — успомніў пан Вольскі, — гэта ж халопкі стаялі на галёрцы, апусціўшы голавы ўніз на залю, і глядзелі, як авечкі.
Пан Вольскі з вялікім смакаваннем і зайздрасцю лавіў кожны гук…
13. Прарочыя сны
Балет быў самым удалым нумарам балю. Госці вельмі здаволены. Такой пышнай фантастычнай пастаноўкі яны ніколі не бачылі. Такой зграбнай музыкі ніколі не чулі.
Не спадабаўся балет адной толькі пані Вашамірскай.
— Нешта бязбожніцкае, д'ябальскае, — гаварыла яна.
Прычына яе нездаволенасці іншага характару.
Яна ўвесь вечар была задумёная і смутная. Смутак пані Вашамірскай цягнецца з таго дня, калі ў яе апошні раз быў сын з Салаўём.
Прарочыя сны пачалі ёй сніцца бадай кожную ноч: яна чула ва сне спевы салаўя. Спеў маленькай птушачкі пранікаў у яе нутро, у самае сэрца вясновымі срэбнымі трэлямі. Спявала птушачка на розныя лады, і пані Вашамірскай гэта здавалася райскай божай музыкай. Кожны гук, ледзь прыкметны зык птушачкі ліўся як бы з неба і салодкім смуткам атуляў усё вакол.
І пах бэзу прыемна кружыў ёй галаву.
Кожны раз прабуджалася яна са стогнам. Песня птушачкі яшчэ звінела ў яе вушах.
Пані Вашамірская страціла апетыт. Ранейшае замілаванне да катоў прапала. Удзень яна не ведала, як дачакацца ночы, каб зноў чуць ва сне песні птушкі.
Па-рознаму тлумачылі ёй суседкі з блізкіх маёнткаў гэты дзіўны сон.
Некаторыя гаварылі, што гэта д'ябал хоча яе спакусіць салаўінай песняй. Іншыя казалі, што гэта яе ўласная яснавяльможная душа ўночы ад цела адыходзіць, лунае над ёю, спявае.
А ксёндз Марцэвіч запэўніваў, што гэта даносіцца да яе ветрам звон касцёла. Звон напамінае пані аб тым, каб пабудавала касцёл у сваім маёнтку, каб давала грошы на божыя справы.
Ксёндз Марцэвіч ужо даўно збірае ахвяраванні і падарункі на касцёл «Сэрца Езуса». Яму яшчэ не хапае грошай на званіцу. Вось птушачка і звоніць ува сне…
Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі каменнямі, сама аддала іх ксяндзу Марцэвічу.