Песні салоўкі ўсё роўна не спыняліся. Наадварот, гэты сон прыняў болей ясныя вобразы і формы; кожны раз падыходзіла да пані здань, атуленая ў сялянскае грубае палатно. Пані спачатку думала, што гэта таемная фігура — смерць, але спевы салаўя, яшчэ болей прыгожыя, чымся раней, ліліся з-пад гэтага палатна. Пані супакоілася: смерць не можа так хораша спяваць…
Нарэшце палатно апусцілася — і перад паняй стаяў анёл і спяваў па-салаўінаму.
Пані пачала прыглядацца і заўважыла, што гэта не анёл, а фокуснік яе сына, пад мянушкаю Салавей.
Пра гэты сон пані ўжо нікому не гаварыла, нават свайму духоўніку.
Яна нечага і баялася, і саромілася.
Страх гэты быў страхам божым, а сорам — сорамам Дзевы Марыі, нявіннай і чыстай.
Так тлумачыла пані сама сабе.
Яна пачала разумець, што гэтым сном Пан Буг выстаяўляе ёй напаказ яе памылкі. На яе напаў страх: яна раней была так упэўнена ў сваёй непамылковасці…
Яна кленчыла перад вобразам Маткі Боскай, прызнавалася ў вялікіх грахах: ужо шмат гадоў песціць і няньчыць катоў, а пра людзей забылася…
Адчуваючы свой вялікі грэх, пані па-ранейшаму глядзела за катамі. Што ж яны, бедныя, вінаваты?
Пані пацяшала сябе тым, што памылка ўжо напалову выпраўлена, калі выкрыта. Толькі трэба старацца выправіць памылку да канца.
«Як выпраўляць памылку?»
Цяжкое «як?» непакоіла пані Вашамірскую. Пад уражаннем гэтага «як?» яна сядзела ўвесь вечар, не прымаючы ніякага ўдзелу ў вясёлых і мудрых гутарках гасцей. «Божы смутак» лунаў на яе твары. Пані апускала вочы і з-пад апушчаных расніц пазірала з зацікаўленасцю ва ўсе бакі.
Яна шукала вачыма Салаўя.
Яго не відаць было.
Не было яшчэ самага галоўнага эфекту панскага балю.
Пані Вашамірская чакала яго з хвіліны на хвіліну. Яна забыла гладзіць і песціць катоў, што сядзелі ў яе на каленях. Ад нецярплівасці яна кожны раз уздрыгвала, калі да яе зварочваліся суседзі пры стале з запытаннямі і заўвагамі.
У гэты час пан Вашамірскі гутарыў з суседам з блізкага маёнтка аб тым, што студыя ўсё ж яго не задавальняе, бо акторы яго — выдрэсіраваныя мядзведзі. Нутранога агню, натхнення няма ў іх. Вось ён зараз пакажа ўсім на закуску балю сапраўднае дзіва — чалавека, які спявае салаўём.
— Я думаю павезці яго за граніцу напаказ! — павысіў пан Вашамірскі голас.
— Салаўя сюды! Салаўя! — папрасілі госці.
Пані Вашамірская пабляднела ад хвалявання. У гэтую хвіліну Салавей быў яе апошняй нябеснай справай.
— Паслухаць цяпер салаўя — штука фвельмі пікантная! — сказаў доктар багасловіі і філасофіі. — Гэта тонкая хгустоўнасць і вышэйшы эстэтызм! Дтзіўлюся здтольнасцям пана Вфашамірскага, шчыра дтзіўлюся!
Ксёндз пачаў доўгую тыраду аб спевах салаўя, аб цудах божых.
Хоць пан Вашамірскі добра разумеў, што гэта толькі няшчырая ксяндзоўская льсцівасць, аднак перад вялікай грамадой гасцей яму было прыемна ад слоў ксяндза.
— Прывесці сюды Салаўя, — крыкнуў пан гайдукам.
Пан расказаў гасцям падрабязна ўсю гісторыю, як ён першы раз пачуў фокусы Салаўя і як дзеля жарту загадаў тады ўсыпаць некалькі гарачых гайдуку Макару. Пры гэтым успомніў, што гайдука Макара няма. Ён падазваў стольніка і запытаўся, дзе Макар.
— Макара знайшлі сягоння забітым, яснавяльможны пане, — спалохана сказаў стольнік, — яго забіла Зоська Халімонава, што ў канцы вёскі жыве, недалёка ад лесу.
— А Зоська дзе? — пабляднеўшы ад злосці, сказаў пан.
— Зоська ўцякла, яснавяльможны пане.
— Зараз жа яе злавіць! Скажы аб гэтым войту!
— Слухаю, яснавяльможны пане!
Пан Вашамірскі быў выбіты з раўнавагі. Перад гасцямі стараўся гэта не паказваць. Ён не шкадаваў гайдука Макара, але злаваўся на тое, што нейкая халопка парушыла яго панскі супакой, сапсула гармонію балю.
«Ну і дзікія гэтыя хлопы! Ну і разбойнікі ж яны! Засяку Зоську насмерць. Сваімі рукамі засяку, — пастанавіў ён у думках. — Ну і гадзюка яна!»
Пані Вашамірская не заўважыла змены настрою ў сына. Яна была занепакоена тым, што ён хоча забраць Салаўя за граніцу. Салавей быў патрэбен ёй. Яна гатова аддаць за Салаўя ўсіх сваіх катоў… Яна гатова… Сама ў гэту хвіліну не ведала, на што яна гатова, каб толькі дастаць сабе Салаўя.
Яна кіўнула сыну і сказала ўстрывожаным голасам:
— Салаўя не трэба везці за граніцу, не трэба!
14. Не хачу быць панскім салаўём
Салавей цэлы дзень сядзеў запёрты ў цёмным пакоі, з цяжкімі калодкамі на нагах.
Гнеў пана Вашамірскага быў вялікі, бо Салавей адлучыўся з маёнтка ў апошні дзень перад спектаклем. Яго адсутнасць была заўважана ксяндзом Марцэвічам у часе звычайнага начнога абыходу спальных пакояў актораў.