У каморцы, дзе сядзеў Салавей, было так цёмна, што нават рукі сваёй нельга было бачыць. Рухацца з месца таксама было цяжка, бо калодкі прыкоўвалі ногі да падлогі. Ён сядзеў нерухома на месцы, аддаючы ўсю сваю ўвагу слыху. Сіла зроку і рухаў перайшлі ў слых. Яго вушы лавілі кожны шолах у затхлым паветры каморкі.
Па кутах шорхаліся мышы, грызлі сцены, драпалі падлогу і пішчэлі. Ён рад быў, што ў суседстве знаходзяцца хоць такія жывыя істоты. Часам, як зварухнецца з месца, рабілася ціха — мышы палохаліся.
Хвілінамі на яго нападала вялікая нуда. Ён мацаў у пацёмках свой твар, які здаваўся яму чужым. Соваў рукамі па сцяне, дзе было шмат павуціны з сухімі леташнімі мухамі. Гэта забава адганяла сумныя думкі.
Ён лавіў вушамі кожны зык з суседніх пакояў: крокі чаляднікаў, заглушаны гул гутаркі. Яму здавалася, што ўвесь жывы свет ужо навекі адарваны ад яго і знаходзіцца недзе за сотні міль адгэтуль.
Ад накіпеўшай злосці перасохла ў горле. Ён аблізаў губы языком, уздрыгануўся і пачаў барабаніць кулакамі ў сцяну:
— Адчыніце!
Ён крычаў кожны раз усё галасней. На яго крыкі ніхто ўвагі не зварачваў.
— Адчыніце!
Раптам змоўк і пачаў пільна прыслухоўвацца.
З глыбіні панскіх пакояў пачуўся звон вялікага гадзінніка. Мядзяныя гукі расплываліся мякка, задумёна і ўрачыста, дрыжэлі ў вушах доўга, ледзь прыкметнымі пералівамі адгалоску.
Салавей супакоіўся.
Зрабілася лёгка на душы. Нібы хтосьці блізкі пяшчотна пагладзіў яго па валасах.
Успомніў Зоську…
Але кожны новы звон гадзінніка навяваў яму новыя думкі.
Нядобра жыць так на свеце.
Нядобра быць забавай у пана.
Добра спяваць салаўём тады, калі самому хочацца, а не па загаду пана.
Чым больш ён думаў аб тым, што добра і што нядобра, тым больш ён быў абураны на пана Вашамірскага. У яго душы рос і крэп чалавечы гонар, той гонар, якога не аддасі ні за якія грошы, ні за які дабрабыт, ні за якія панскія падарункі.
Салавей сціснуў кулакі ад злосці, увесь напружыніўся да хрусту касцей і падняўся з месца. Але цяжкія калодкі на нагах давалі сябе адчуваць, ён зноў сеў, сцяўшы зубы.
— Нядобра быць панскім салаўём!
Ён апусціў галаву на грудзі. Доўгі час сядзеў нерухомы, акамянелы.
Усе думкі выскачылі з галавы, як спалоханыя вераб'і.
Мышы зноў скрабліся вакол. Часам раздаваўся бой гадзінніка, але Салавей не чуў. Ён моцна спаў пасля бяссоннай ночы, праведзенай у Зоські, і няўдалага барокання з панскімі гайдукамі.
Ціха было ў залі.
Салаўя з нецярплівасцю чакалі хвілін дзесяць.
Ён увайшоў павольна. Толькі што знялі калодкі з яго ног. Жмурыў вочы і засланяў іх рукою. Адсядзеў у цёмнай каморы цэлы дзень, яму цяжка было глядзець цяпер на яркае святло.
Ён быў у дзівацкім аксамітным шырокім адзенні з вышытымі залатымі салаўямі. На грудзях з рознакаляровых пацерак быў зроблены герб паноў Вашамірскіх. Высокі, стройны, у такой незвычайнай мантыі Салавей нагадваў сабою жраца невядомай рэлігіі, невядомых часоў. Бровы ў Салаўя былі грозна нахмураны. Вочы кідалі вакол сінія вострыя нажы. Чорны аксаміт убрання адцяняў яго бледны твар.
Госці атарапелі.
Пану Вашамірскаму вельмі да сэрца было тое ўражанне, якое Салавей зрабіў на гасцей сваім выглядам.
Пан усміхнуўся самаздаволена.
— А во зараз, шаноўныя госці, пачуеце яго спевы!
— Можа, у яго захаваны такія штучкі, праз якія ён свішча? — запытаўся пан Завішша і пакруціў доўгія вусы.
Гэтыя словы пакрыўдзілі пана Вашамірскага. Захадзілі хадыром яго сківіцы. Ён стрымаўся і сказаў спакойным голасам:
— Калі хто з ласкавых паноў хоча, можа агледзець майго Салаўя. Можа, якую свісцёлку знойдзеце. Пашукайце ў яго руках, у роце!
Некаторыя сунуліся да Салаўя, але яго выгляд быў такі грозны, што ніхто не адважыўся шукаць у яго свісцёлак, праз якія ён свішча салаўём.
Пані Вашамірская глядзела на Салаўя ў немым здзіўленні і абагатварэнні.
— Ну, — сказаў пан Вашамірскі да Салаўя, — пачынай!
Салавей маўчаў.
— Ну! — крыкнуў пан.
Салавей не варухнуўся.
— Чаго маўчыш?! — зачырванеўся пан ад злосці. — Можа, ахрып?
Салавей строга зірнуў на пана Вашамірскага, ледзь разняў сцятыя губы і павольна працадзіў праз зубы:
— Не хачу быць панскім салаўём.
— Які хам, о Божа! — здзівіўся доктар багасловіі і філасофіі.
У пана Вашамірскага вочы наліліся крывёю.
— Жартуеш? — крыкнуў пан не сваім голасам. — Спявай!