— Я сплю, сплю! Не чуў яшчэ, як панскі Салавей спявае.
Калі ўпэўніўся, што спіць, што гэта ўсё толькі чароўны сон, ён супакоіўся і павесялеў.
— Прыемны сон цікавей непрыемнай явы.
Перастаў баяцца незнаёмага пакоя.
«Калі сон, дык трэба выкарыстаць, — падумаў ён і хіхікнуў ад прыемнасці. — Пастараюся зрабіць гэты сон яшчэ больш цікавым».
Пан Вольскі пасунуўся да дзвярэй, скрыпнуў імі і апынуўся ў іншым пакоі. Па сценах віселі абразы ў залочаных рамах. Пасярэдзіне стаяў амбон. Гарэлі па кутах вялізныя васковыя свечкі. Перад абразом Маткі Боскай стаяла на каленях пані Вашамірская і ціха малілася. Недалёка ад яе сядзеў у задуме ксёндз Марцэвіч.
Хоць пану Вольскаму здавалася, што ўсё гэта бачыць ён ва сне, аднак стараўся выбрацца адгэтуль назад так ціха, каб яго не заўважылі.
У ранейшым пакоі ён ледзь знайшоў за шафамі іншыя дзверы, што вывелі яго ў нейкі змрочны калідор. Ад выпіўкі трашчэла галава. Губы былі сухія.
«Усё роўна як не ў сне! — падумаў ён і пачаў выціраць рукавом успацелы лоб. — А варта было б трохі апахмяліцца!»
Ішоў па доўгаму змрочнаму калідору. Слабы адсвет пранікаў сюды толькі з абодвух канцоў калідора — з акон з цёмна-сінімі паўкруглымі шыбамі. Ён адчыніў невялічкія дзверы і апынуўся на дзядзінцы супроць белай нізкай камяніцы.
— Аднак і ў сне холадна, калі табе сніцца снег і мароз…
Нягледзячы на холад, Вольскаму спадабалася вандраванне ў сне. Такія сны бачыў шмат разоў: вандруе ў невядомым палацы ад пакоя да пакоя і не можа выбрацца. Ён спалохаў варону, што дзёўбала нешта ў снезе, і адчыніў дзверы ў камяніцу. Увайшоў у пусты пакой, прабраўся адтуль у другі і апынуўся якраз у спальні балерын.
Пан Вольскі замурлыкаў сваё паэтычнае «ой!».
— Ой, сон! Ой, слаўны, ой, прыгожы, ой, натхнёны, дзіўны сон! О-о-ой!
Апошняе «ой» ён выгаварыў працягла.
— Так вечна гатоў сніць!
Зрабіў рыцарскі выгляд.
Смешна выглядала ў такой позе яго дробная мізэрная фігурка. Ён заўважыў гэта ў люстэрку каля сцяны.
«Ой, не падыходзіць. Давай зраблю сабе фізіяномію чалавека ў экстазе малітвы!»
Стаў на калені. Разняў рукі як бы для вялікага малення і вытарашчыў вочы ўгару.
— Хі-хі-ха-ха-хі!
Пан Вольскі падумаў, што гэта невідочны музыка праводзіць па струнах невідочных гусляў…
З усіх ложкаў на яго ўтаропіліся вочы розных адценняў і колераў. Чырванелі макам, малінамі і вішнямі губкі розных ліній і формаў. Доўгія валасы ад ільняна-русых да сіне-цёмных у розных пералівах перасыпаліся хвалямі і абрамлялі твары балерын.
Па чарзе ўсё гэта знаходзіла адбітак у чырвоных вачах пана Вольскага, вырывала водгукі з яго сэрца.
Ён падняўся на ногі і ціханька хадзіў ад ложка да ложка. Углядаўся бліжэй у змучаныя, бледныя твары балерын, з сінімі глыбокімі кругамі пад вачыма. Сэрца яго цюцюкала, як гадзіннік. Ён гаварыў на ўсіх мовах, якія толькі ёсць на зямлі, слова «ой»…
— Ой, як цябе завуць? — пачаў ён пытацца ў кожнай балерыны.
Пявучыя спалоханыя галаскі адказвалі:
— Тэрпсіхора.
— Талія.
— Мельпамена.
— Эрата.
— Палімнія.
Чужыя вуху пана Вольскага імёны грэцкіх муз звінелі залатымі ягадамі, блішчэлі дарагімі дыяментамі.
Вушы і вочы яго былі асыпаны такімі дарамі, што сапраўды можна мець толькі ў сне.
— Ой…
— Ой, каб гэты чароўны сон не паплыў ад мяне, як рэчка на лузе; не схаваўся б, як цень бярозкі, не ўзняўся б у нябёсы, як росы ранішнія.
Каб мацней затрымаць такі дзіўны сон, пан Вольскі ўжыў яшчэ адно — самае багатае з запасу сваіх пачуццяў — пачуццё мацання і пацалункаў.
— Ой, тут сапраўды адчуваеш!
Балерыны закрычалі ад страху.
Пан Вольскі нібы з неба зваліўся.
Незвычайныя істоты з незвычайнымі імёнамі пачалі сыпаць на яго такімі звычайнымі словамі, якіх пан Вольскі часам чуў толькі ад «хлопак».
Не то што дзяўчаты яго лаялі. Наадварот, яны вельмі далікатна прасілі, каб пан іх не чапаў. І «паночкам» звалі, і «літасці» прасілі, але для ганаровага панка «хамскі ензык» быў лаянкай.
Ён пачаў смялей наступаць на «быдла».
Падняўся лямант.
Набегла шмат народу з панскай чэлядзі. З'явіўся ксёндз Марцэвіч.
Пан Вольскі пачаў сумнявацца ў сваім сне:
— Ой, а можа, я ўжо прачнуўся? Чаму ж Салавей не спявае?
3. Замест тэатра стайня
Доўга пан Вашамірскі глядзеў на гравюру. Розныя думкі лезлі ў галаву такім напорам, нібы іх гналі да яго, як пастух гоніць атару авечак. Згладзіўся боль, адышла крыўда мінулай ночы. Спакойныя разважанні апанавалі ім.