Няма лепшага хараства над хараством прыроды. Няма болей пэўнага мастацтва над мастацтвам, што раскідана ў прыродзе. Чалавек павінен гэта ўразумець. І чаму я такі доўгі час быў сляпым? Прырода — бязвінна, чыста і ніколі не здрадзіць, як чалавек.
Падняўся з дывана. У галаве выспявалі новыя планы. Новыя ідэі хараства мігацелі рознакалёрнымі вясёлкамі.
Раптам пан Вашамірскі пачуў крыкі:
— Салаўя! Салаўя!
— Злавілі Салаўя! — падумаў ён.
Вочы ўспыхнулі гневам. Ён выскачыў з пакоя насустрач Салаўю. Тонкія белыя пальцы яго скрывіліся ў дрыготах і зрабіліся падобнымі да кіпцюроў коршуна.
У калідоры стаялі збянтэжаны пан Вольскі і ксёндз Марцэвіч.
Рыжыя валасы пана Вольскага былі натапыршчаны, нібы пер'і ў пеўня.
Ён ажыўлена махаў рукамі. На вачах выступалі слёзы. Ён хрыплым голасам крычаў:
— Салаўя! Салаўя!
— Ціха, пане Вольскі, — супакойваў яго ксёндз Марцэвіч, — а то пан Вашамірскі зноў пачастуе венгерскім віном з дзедаўскага келіха.
— Я праспаў Салаўя. Хачу паслухаць яго спевы!
Супакоіўся толькі тады, як заўважыў пана Вашамірскага.
— О, д'ябал! А я думаў… — заскрыгатаў зубамі пан Вашамірскі. Але абавязак гасціннасці да чалавека, якога ён запрасіў у госці, ды які яшчэ не ўцёк ад яго, як усе іншыя госці, прымусіў пана быць далікатным.
— Прашу да майго пакоя, пане Вольскі, — гасцінна прасіў пан Вашамірскі і ўзяў шляхціца пад руку з такой ласкавасцю і асцярожнасцю, нібы пан Вольскі быў шкляны.
Ціхім, нячутным крокам ксёндз шмыгнуў у малельню да пані Вашамірскай.
Пан Вольскі ззяў ад вялікай прыемнасці. Аглядаўся па баках — хто яшчэ заўважыць (хоць бы лёкай), якой пашанай ён карыстаецца ў пана Вашамірскага.
Пан пасадзіў шляхціца ў мяккі фотэль. Сам сеў насупроць.
У пана Вольскага ў вачах і ва ўсёй фігуры выяўляліся і ўласны гонар, і пачцівасць да пана, і хітрасць.
— Пан Вольскі мне друг? — запытаўся пан Вашамірскі.
— Ой, вечна гатоў служыць яснавяльможнаму пану! — сказаў шляхціц, стукнуў абодвума кулакамі сябе ў грудзі, наморшчыў лоб і ледзь не расплакаўся.
На тонкіх губах пана Вашамірскага мільгнула ўсмешка. Ён заўважыў.
— Верш, якім пан Вольскі мяне пачаставаў на балі, ніколі не выйдзе з маёй памяці. Каб пана за яго аддзякаваць, я прымушан быў пачаставаць пана з дзедаўскага келіха.
Шляхціц наставіў спалоханыя вочы. Рукі задрыжэлі.
Пан Вашамірскі гучна зарагатаў, супакойваючы шляхціца:
— З дзедаўскага келіха не буду пана цяпер частаваць, але віна вып'ем з панам!
— Ой, вып'ем, яснавяльможны пане! — прагаварыў набожным голасам пан Вольскі і па-дзіцячаму пачаў перабіраць нагамі.
— А пакуль што пагаворым аб справах!
— Я слухаю, яснавяльможны пане!
— Дык вось, пан Вольскі пэўна бачыў, якія стаеннікі ў маіх гасцей, а ў мяне на стайні ніводнага добрага каня няма.
— Ой, праўда, яснавяльможны пане!
Шляхціц, спачуваючы, зірнуў пану ў глыбіню вачэй. Яму горача стала ад перспектывы гандлю і добрага заробку.
— Значыцца, — казаў пан далей, — я памяняў сваю стайню на тэатр…
— Ой так, так, яснавяльможны пане, — больш халодным тонам прамармытаў шляхціц. З інтанацыі яго голасу нельга было ўцяміць, ці ён хваліць за гэта пана, ці ганіць.
«Мабыць, гандлю не будзе!» — падумаў шляхціц.
— Не было мне часу, — гаварыў пан Вашамірскі, — калі глядзець за стайняй… Быў заняты тэатрам. А цяпер абавязкова мне трэба набыць некалькі троек. Абавязкова!
Вочы пана Вашамірскага загарэліся.
Пан Вольскі зноў ажыў: гандаль наклёўваецца.
— Дык, можа, пан Вольскі дапаможа мне ў гэтай справе?
Пан Вольскі па-гандлярску гумкнуў і наморшчыў лоб:
— Многа грошы будзе каштаваць, яснавяльможны пане. Ой многа! Добрых коней ніхто не хоча прадаваць. А калі пан іх набудзе, дык хто за імі будзе глядзець? Пан тэатрам заняты…
— Тэатрам? Няхай яго д'яблы! Апрыкрыў ён мне! Я гатоў яго задарма аддаць! Карысці няма ад яго.
— Нікому гэтыя тэатральныя хлопы не патрэбны. Яны ж, яснавяльможны пане, ні да якой працы ўжо не гадзяцца. Яны ж адвыклі ад яе, — гнуў сваю лінію хітры шляхціц.
— Бізун навучыць! — апраўдваў сваіх актораў пан Вашамірскі. — Коні, коні мне патрэбны нагвалт!
— Калі на тое пайшло, дык мы наладзім як-кольвечы справу яснавяльможнага пана! — казаў шляхціц такім тонам, якім гаворыць доктар да хворага.
Пан Вашамірскі абрадаваўся.
— Калі не будзе ахвотнікаў на актораў, — разважаў ён уголас, — дык я іх зноў пушчу на гаспадарку. Набалаваліся, і годзе. А пану Вольскаму ў нагароду аддам, калі захоча, некалькі чалавек з маёй трупы па выбару. Пан Вольскі мне паможа купіць коней.