Выбрать главу

Войт круціў тоўстыя вусы двума пальцамі правай рукі, падсоўваў, нібы ў падарунак камусьці, то адзін вус, то другі. Мышыныя вочы яго былі лагодныя. На гэты раз ён зусім не лаяўся. Ледзь кратаў тоўстымі губамі і цадзіў праз зубы:

— Та-а-ак, та-а-ак… Аг-а… Аг-а!

Спакойна распытваўся, як гэта здарылася, слухаў адным вухам, другім, жмурыў вочы, усміхаўся і нібы радаваўся. Выходзіла, быццам усё гэта было яму надта прыемна. Распытваўся ў сялян, у Зоськінай маткі.

— Та-а-ак, та-а-ак… А-га… А-га!..

Зоську ніхто не распытваў. Нібы аб ёй зусім забылі.

Людзі агойталіся. На душы палягчэла ад лагоднасці пана войта. З ім як бы паратунак з'явіўся для вёскі.

— Ну, разбойнікі, — грымнуў раптам войт, — вынасеце труп на санкі! А яе (войт паказаў рукой на Зоську) развязаць!

«Развязаць» было сказана з такой злосцю, нібы развязаць было для Зоські горшай карай, чымся быць звязанай.

Жылы ў войта на твары надуліся. Вочы заблішчэлі.

Людзі вынеслі труп на прыгатаваныя сані.

Войт загадаў фурману везці ў двор. Ён вярнуўся ў хату, за руку вывеў адтуль Зоську, сам накінуў ёй вяроўку на шыю, прывязаў да аглоблі побач з канём, сеў у сані і ўзяўся за лейцы і пугу. Мужыкі анямелі на месцы, казелілі вочы і толькі галовамі ківалі.

Завойкала-загаласіла старая маці Зоські:

— Паночку… міленькі… родненькі…

— Ціха, сука! быдла! — крыкнуў войт, і вочы яго наліліся крывёю. — Маўчы!

— Ёй будзе холадна, паночку… Кажух дам ёй…

— Грэць буду! — усміхнуўся ў вусы войт.

Матка ўскочыла ў хату па кажух. Тым часам войт пацягнуў за лейцы. Паехаў лёгкім крокам.

Зоська ішла побач з канём.

Матка вынесла кажух і пабегла за фурманкай, крычала:

— Паночку… паночку…

Войт пагнаў каня шыбчэй, сцебануў пугай Зоську…

Конь панёсся.

Зоська ўся потам аблілася, расчырванелася. У вачах стаяў туман. Нічога перад сабой не бачыла. Толькі лясканне пугай па яе плячах, нібы гром, глушыла ёй вушы, кусала яе, нібы сотні аваднёў, нібы снапы іскраў.

Думкі ў Зоські блыталіся.

Яна падала ў снег. Забывалася, дзе яна знаходзіцца, што з ёю робіцца.

Войтава пуга кожны раз падымала яе зноў на ногі. Войт з кожным ударам пугі ўсё болей звярэў, ахрып ад дзікай лаянкі, і правая рука, што трымала пугу, занямела ад працы.

Зоська ні разу не крыкнула, не прасіла літасці ў войта, толькі ціха войкала і задыхалася ад гарачыні.

Мароз пашчыпліваў войта за вушы. Вусы яго пасівелі ад шэрані, павіслі на іх ільдзяныя макавінкі.

Далёка ад фурманкі адстала матка Зоські. Шэрай кропкай выглядала старая ў снежнай белі, соўвалася наперад, як мурашка. Хаткі вёскі схаваліся за касагорам. Ціха стала вакол.

Трохі не па сабе зрабілася войту. Ён стрымаў шпаркі бег каня. Пачаў ехаць крокам і перастаў лупцаваць Зоську пугай.

— Пано-о-очку!.. о-о-очку! — даносіўся да яго здалёку крык Зоськінай маткі…

Войт уехаў у лес.

Ціха было ў гушчары. У белых вывернутых шэрсцю наверх кажухах стаялі маўклівыя калматыя елкі. Санкі лёгка коўзаліся па снезе. Зоська ступала спакойна побач з канём. Войт глядзеў ёй у спіну. Жудасна зрабілася яму і як бы шкода гэтай дзяўчыны. Ён спыніў каня, злез з санак, зняў з Зоські вяроўку і казаў ёй сесці ў санкі.

Зоська здзіўлена на яго зірнула, нешта замармытала. Губы яе былі ў крывавай пене. Уздрыгі пранікалі ўсё яе цела…

— Ну садзіся хутчэй, пся косць!

Зоська ўсміхнулася. Яшчэ раз зірнула на яго. Давай пільна ўглядацца. Вочы яе расшырыліся ад захаванага нясцерпнага страху і агіды.

— Макар… Макар… — шапнула яна, — ты Макар…

Наставіла супроць войта адубленыя рукі і закрычала:

— Не хачу на панскі баль! не хачу!

На Зоську напаў раптам смех, нястрыманы рогат. Яна глядзела на войта белымі зрэнкамі і рагатала. Корчылася ад смеху. Пена валіла з губ. Яна гогокала, выстаўляла рукі на войта, пазірала ў глыбіню яго вачэй.

— Го-го-го!

Жудасна зрабілася войту.

Ён даў пугай па кані. Конь ірвануўся і пабег. Зоська засталася ў лесе.

«Скажу, што ўцякла», — падумаў войт.

— Го-го-го! — чуў ён здалёк.

— Го-го-го-о-о!

5. Дзедава казка

Салавей выскачыў з палаца на шырокі дзядзінец. Пакруціўся каля будынкаў і пабег у парк. Адтуль кінуўся ў вялізнае гумно. Чуў ён крык гайдукоў, якія пусціліся за ім удагонку.

— Лавіце! Лавіце!

Забрахалі сабакі. След яго ўжо быў страчаны.

Салавей урыўся ў вялізны стог сена.

Як ўсё супакоілася, ён вылез на гумно.

Стаяла цішыня. Неба было чыстае, нібы цёмна-сіняе шкло. Буйныя зоркі залатымі вышыўкамі віселі ў бяздоннай вышыні.