Салавей зірнуў у бок лесу, што вызначаўся шараватай сцяною. Пасля цэлага дня сядзення ў запёртым цёмным пакоі, пасля таго, як прывялі яго на панскі баль і прымусілі спяваць салаўём — ён адчуваў сябе чалавекам, ён меў перад сабою вольніцу-волю. Але ў гэтым прасторы яму было цесна. Ён не ведаў, куды ісці, дзе схавацца ад пана і яго наймітаў, дзе дзецца ад тых людзей, якія ад страху пакажуць на яго пану.
Салавей дыхнуў халодным паветрам.
— У лес… У лес…
Там ён у маленстве пасвіў панскае стада. Там яму вядомы і блізкі, як родныя браты, кожнае дрэва, кожны кусток…
З-за касагору зірнуў месяц — чырвоны, як кроў, што льецца на мужыцкім целе ад панскіх бізуноў.
Па сіняватаму кужалю снегу, побач з ім, як несупынны вартаўнік, ідзе яго цень. Рукі і ногі ў ценю надзвычайна доўгія. Салавей глядзіць на свой цень і думае: «Каб сам быў такой велічыні, увесь маёнтак перавярнуўся бы, камень на камені не пакінуў бы»…
Падышоў да старога дуплаватага дуба.
Не раз улетку ён тут вогнішча раскладваў. Тут заўсёды на Купалле хлопцы і дзяўчаты збіраюцца. Гуляюць. Песню пяюць… Скачуць. Тут ён з Зоськай не раз сядзеў. Яшчэ як быў малы, тут дзед Мікіта яму байкі баяў. Цяпер дупло, высмаленае вогнішчам, снегам занясло. А як быў малы, тут ад дажджу хаваўся… Шматгадовы попел таксама занясло гурбай вялізнай, як мядзведзь.
Салавей нырнуў у лес.
Яго цень драпаецца па хвоях, лезе на елкі. А месяц свеціць-свеціць, паглядае паміж пнёў, грае па снежных абрусах, пускае дробненькі цвет па абснежаных галінах.
Крокі Салаўя аддаюцца мяккім шолахам.
І здаецца Салаўю, што ён даўным-даўно брыдзе ў гэтым месячным лесе, многа гадоў — з тых часоў, як дзед яму байкі баяў пры вогнішчы.
Сцюжа прабірае.
Але гэта толькі зверху — рукі, твар. Унутры цёпла, горача… Месяц здаецца дзедавым тварам. Дзед Мікіта паўстае жывёханькі. Лысіна бліскучая, трохі жаўтаватая. Бародка скалмачаная. Шмат зморшчынак на дзедавым сухім твары. Яны ткуцца густа-густа, як зрэбнае палатно. А вочы ў дзеда — маладыя, блішчаць двума аганёчкамі ад лучыны. Усміхаюцца. А голас у дзеда трохі пісклявы. Часта ён збіваецца з тону, спыняецца, кашляе, плюе.
Дзед пляце казку.
Слова ў слова памятае Салавей:
«У якімсь краі жылі людзі, і пачаў да іх лятаць змей, і пачаў дабро цягаць, і людзей к сабе хватаць. Людзі яму будавалі харомы, акопвалі іх канавамі, насыпалі валы зямлі і там гінулі. А змей хватае ды валочыць туды ўсё новых ды новых людзей».
Салавей нібы бачыць перад сабою дзеда, які рукамі паказвае, як людзі харомы будуюць і як змей людзей хватае. Спрытна дзед умеў байкі баяць. Ён цягне іх доўга-доўга. Начлежнікі слухаюць. Ціха сядзяць.
«Працуюць людзі на змея, а самі пухнуць з голаду і мруць, бы мухі. Тыя людзі, што засталіся жыць у харомах змея, зрабіліся яго ліхімі слугамі і пачалі дзёрці скуру з людзей».
— Якраз як гайдукі нашага пана! — кажа хтосьці з начлежнікаў.
— Ціха, не перабівайце! Каб на вас звод! — злуецца дзед і далей гавора:
«І ліхія слугі змея пачалі лічыць людзей горш гавяды, пачалі сароміцца, што самі яны людзі, пачалі выдумоўваць сабе ўсялякія назвісткі. Хто назваў сябе змеем, хто ваўком або мядзведзем ці другім зверам, хто арлом, каршаком ці другою птушкаю, хто якім-кольвек дзеравам. І гэтак яны далі сабе назвісткі. Ды от скуль узяліся паны Свінскія, Ваўковічы, Арлоўскія, Дубавіцкія і цэлая процьма іншых».
— А Вашамірскі скуль узяўся? — запытаўся малы тады хлопчык Сымонка.
Ён шчыра верыў кожнаму слову байкі.
— Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі.
«Тым часам змей пачаў гніць, бы падла (дзед плюнуў пры гэтым аж тры разы). Ляжыць ён на адным баку тысячу гадоў. Разышоўся ад яго смурод па ўсіх пакоях. Пайшла вонь на ўвесь свет. Прасмярдзелі і пачалі гніць і паны».
Сівенькі дзед сашчаміў нос двума закарузлымі пальцамі і давай чыхаць. Слухачы зарагаталі. Але дзед цягнуў байку далей мінорным тонам:
«От служаць людзі дохлым панам і гнілому змею, аддаюць ім апошняе, а самі ходзяць галодныя ды халодныя, за працаю сонейка яснага не бачаць. І людзям здаецца, што лепшага жыцця і не трэба, бо так жылі іх дзяды і прадзеды».
Ціха-ціха вядзе дзед сваю гутарку, да шэпту даводзіць. Начлежнікі апускаюць галовы, нібы вінаватыя. Сумна і жудасна робіцца Сымонку. Вакол вогнішча стаіць начны змрок, густы, душны.
Пасля доўгага спынку дзед больш цвёрдым голасам цягне далей: