Выбрать главу

— Добры дзень! — адказалі кабеты.

— М-гу, — буркнуў і Меер, каб не перарваць малітвы.

— О-о-о! ну! — вёў далей Меер гутарку з дзецюком на мігі, як нямы, і паказаў рукою на зэдлік, што азначала: «прашу сесці».

— Дзякую! — адказаў дзяцюк. — Буду грэцца каля печы, бо вельмі азяб!

— Грэйся! Грэйся! — гасцінна папрасіла Меерыха. — Вельмі ўжо ты лёгка адзеты. Не па-зімоваму…

— Відаць, душа грэе, — пажартавала Міхальчыха і давай прыглядацца пільней да дзецюка. — А ці не Сымон, панскі салавой.

— Пан Вашамірскі выгнаў мяне.

— Ой, ой, не можа быць! — казала Міхальчыха.

— Праўду, я цэлую ноч у лесе бадзяўся. Там Зоська Халімонава мёртвая ляжыць. Трэба як-небудзь яе матцы наказаць.

— А Божа ж мой! — здзівілася Міхальчыха. — Што дзеецца на свеце!

Меер, не спыняючы псальмаў, звярнуўся да жонкі на мігі.

— О-о-о! гам!

Яна зразумела адразу і папрасіла Салаўя на сняданне:

— Сымон пэўна снедаць хоча!

Міхальчыха задзівілася.

— Божа ж мой! Што на свеце робіцца! Ідзём у маю хату снедаць!

— А наша хата — не хата? — пакрыўдзілася Меерыха.

Меер спыніў малітву і пачаў злавацца:

— Садзіся, Сымон! Зараз есці будзем!

— Для Сымона сала на снеданне зажару! — не адставала Міхальчыха, і яе здзіўленыя вочы паглядалі на ўсіх з просьбай.

Пачуўшы слова «сала», Меер заткнуў вушы і адвярнуўся да сцяны, каб не атрафіць малітву…

Міхальчыха павяла Салаўя ў сваю хату.

У часе яды Салавей з Міхалкай доўга шапталіся.

Пасля гэтага Салавей лёг спаць на печы. А пад вечар Міхалка даў яму стары кажух, торбу харчоў і выправіў у дарогу.

7. Божая Маці

Праз колькі дзён пасля спектакля пан Вашамірскі дазволіў Марылі, «прыгажэйшай за статую Венеры», ісці дахаты.

Марыля ўзрадавалася.

Пры гэтым прысутнічаў ксёндз Марцэвіч. Яго шэрыя вочы бліснулі. Ён строга замахаў на яе пальцамі і сказаў урачыстым голасам:

— Не радуйся дабраце пана! Табе грэх радавацца. Ты грала на сцэне святую Матку Боску. Ты выасабляла яе цудадзейны вобраз. У твае грэшныя вусны былі ўложаны яе нябесныя словы. Калі на шляху сустрэнеш вялікія пакуты, дык памятай, што пакуты цела гояць душу. Ты павінна дзякаваць пана за тое, што выконвала ў палацы слаўную ролю Свентай Маткі. Адмаўляйся ад сваіх бацькоў ды лепш ідзі ў ціхі манастыр. Я падрыхтую цябе пастамі, малітвамі ды споведдзю. Я буду тваім духоўным айцом!

Ксёндз Марцэвіч вільготна-маслянымі вачыма аглядаў прыгожую постаць Марылькі.

Дзяўчына пабляднела. Апусціла вочы і шэптам сказала:

— Хачу да бацькоў…

— Ідзі! — гнеўна сказаў ксёндз. — Але памятай, што ты перад намі грала святую Марыю. Не грашы!

Было яснае сонечнае надвор'е, калі Марылька ішла да бацькоў. Яна не ведала, што дома робіцца.

Пад яе нагамі скрыпеў снег. Дарога блішчэла шліфаваным серабром.

На парозе маленькай хаткі яе сустрэў бацька, Каспар. Рукі і твар былі ў яго абматаны анучамі. Толькі вочы блішчэлі.

— Дачушка! — абрадаваўся бацька. — Марылечка…

І раптам бацька заплакаў.

— Чаго плачаш? — спалохалася Марылька.

— Хадзем у хату, раскажу.

— Дзе маці?

— Раскажу… Я вось рукі і твар адмарозіў па панскай ласцы.

У хаце Марылька аб усім даведалася.

— Дык чаго ты так рагочаш? — устрывожыўся бацька. — Радавацца няма чаго.

Марылька слова не сказала. Рагатала цэлы дзень. Не магла стрымаць свайго смеху. Калі змарылася, павалілася вобземлю ды ўсё рагатала. Трымалася за бакі ды рагатала… Глядзела на людзей непрытомнымі вачыма ды рагатала… Змоўкла толькі тады, калі на яе вылілі вядро студзёнай вады. Пасля рогату на яе напаў вялікі смутак. Пацямнелі яе сінія вочы, твар быў белы, і вуснамі яна ледзь шаптала:

— Я матка боска…

— Яна звар'яцела, — тлумачылі Каспару суседзі. — Пільнуй, каб з хаты не ўцякла!

Вясной яна ўцякла.

Каля рэчкі зелянелі кволымі фарбамі вербы. У сінявасці неба купаліся птушкі, звінела на розныя галасы зямля, а шалёная Марылька брыла па палях і дарогах. Хадзіла босая ў зрэбнай кашулі з распушчанымі валасамі. У яе вачах застыў вялікі сум. Хадзіла яна павольным крокам, моўчкі.

— Хто ты?

— Я матка боска…

Іншых слоў ад яе ніхто не чуў.

Часам дождж і навальніца пануюць над зямлёю, вые-крэхча бор ад ветру, птушкі палохаюцца, людзі па хатах сядзяць. Часам сонца пячэ, сушыць глебу. Людзі ценю шукаюць. А шалёная ўсё ходзіць, брыдзе ад вёскі да вёскі ў доўгай зрэбнай кашулі. Людзі кормяць яе, пояць, а яна толькі адно шапаціць: