Голас ксяндза Курачковіча быў салодкі, як мёд, і пранікаў у сэрцы парахвіян, нібы святы меч анёла. Бліскучы ланцужок яго казання ў стылі «калі няма таго, можна чаго іншага» цягнуўся доўга-доўга — ад касцёла «Кроў Езуса» да Бэтлеему.
Святая Марыля часта паўтарала слова «амін».
Яна прывыкла да сваёй ролі. Пакруглела ў твары. «Кроў Езуса» ёй пайшла на карысць. Палюбіла «матка боска» гэты касцёл. А багасловія і філасофія расла ў ксяндза Курачковіча, як вінаградны сад пад пільным наглядам кемнага вінаградара. Показам гэтаму быў святы жывот ксяндза. І меў ён блаславенне за такое божаскае выхаванне парахвіян ад самога біскупа. А біскуп меў пахвалу за такога ксяндза ад самога Папы Рымскага.
Тым часам Каспар, бацька Марылі, абмотваў анучамі рукі. Па кавалачках, па суставах адпадалі пальцы, якія ён адмарозіў дзякуючы лютаму панскаму войту. Твар у яго лупіўся, быў заўсёды чырвонага колеру, нібы голае аблупленае мяса. Вочы гнаіцца пачалі, вечна слязіліся, і было непрыемна на яго глядзець не тое, што шляхотнаму чалавеку, але нават самаму простаму прыгоннаму.
— За грахі свае вялікія Каспар мае такі ганебны выгляд, — пусціў нехта пагалоску.
Каспар грашыў супроць святой Марыі. Ён гаварыў:
— Пан Езус — мой унук, бо святая Марыя — мая звар'яцелая дачка Марылька… Няхай бы мяне ўзялі за бога айца. Я тады загадаў бы ўсіх паноў перадушыць.
Словы гэтыя былі такія страшныя, ажно людзі баяліся данесці аб гэтым да вушэй пана Вашамірскага.
Тым часам доктар багасловіі і філасофіі любіў карміцца не толькі багасловіяй і філасофіяй, але і ахвяраваннямі людскімі, што прыносілі багамольцы ў касцёл «Кроў Езуса». Пры гэтым ён быў вельмі шчодры, частаваў сваіх бліжніх сытнай ядою і хмельным пітвом. Не ўсіх бліжніх карміў ён, бо тады абяднеў бы касцёл «Кроў Езуса». З усіх бліжніх ён выбраў самага лепшага — «матку боскую».
Аднаго разу «матка боская» наелася пшанічных бліноў, праз меру напілася касцёльнага віна.
Пры набажэнстве, калі сотні васковых свечак гарэлі ў касцёле, нібы зоркі ў чыстым небе, калі сотні багамольцаў позіркамі ўпіваліся ў жывую «матку боскую», яны заўважылі ў яе вачах вясёлы бляск.
— Павесялела Матка Боская, — радаваліся людзі. — Глядзеце, яна нам жартаўліва падміргвае! Благадаць божая на нас знісходзіць.
Раптам пачала прысядаць «матка боская» і нават ляскаць у далоні і прытаптываць нагамі.
І людзі пачулі новыя словы «маткі боскай» у залатых рызах і бліскучай кароне:
Тра-ля-ля, тра-ля-лю,
Я ксяндзуліка люблю!
Захацелася «матцы боскай» яшчэ спяваць, але рогат багамольцаў спыніў яе. Яна апамяталася пад жудасным позіркам заільдзянелых вачэй доктара багасловіі і філасофіі ды ўцякла за святы амбон у цень каменных ніш.
— Гэта ж Каспарава Марылька! — рагаталі багамольцы.
Рогат даходзіў да скляпення касцёла «Кроў Езуса», прабіў скляпенне і залунаў у самае неба да «пана над усімі панамі».
Здавалася, што васковыя свечкі ўсміхаліся дзесяткамі мігатлівых аганькоў. Здавалася, што святыя на абразах жартаўліва паглядалі на людзей грэшных. Не смяяўся адзін толькі доктар багасловіі і філасофіі. Ён пачырванеў, пабляднеў, яшчэ раз пачырванеў і яшчэ раз пабляднеў і спыніў чытанне святога Евангелля на паўслове.
І пасля гэтага матка боская была выгнана з касцёла «Кроў Езуса».
Яе зноў прытулілі людзі па вёсках, кармілі яе, паілі. Але ранейшага страху перад ёю ў іх не было. Людзі з ёю жарты заводзілі, гутаркі простыя.
А яна рыхтавалася да новага цуда. Ужо колькі месяцаў носіць у сваім чэраве сына божага.
8. Трывожыліся людзі
Сонечная цяплынь гарачыла кроў пана Вашамірскага.
На вялізным дзядзінцы, недалёка ад сажалкі, муравалася новая камяніца — стайня для панскіх коней. Дзеля гэтай справы прыехаў з Варшавы архітэктар. Былі таксама выпісаны спецыяльныя майстры. Вялізная камяніца расла з кожным днём. Праца кіпела. Разам з архітэктарам пан Вашамірскі кожны раз разглядаў планы і малюнкі новай стайні.
Доўга ён не мог спыніцца на адным з многіх праектаў стайні. Пан углубляўся ў вывучэнні разнастайных стыляў розных эпох. Ён знаёміўся са стылямі стайняў старарымскіх часоў, нямецкіх рыцараў, прускіх каралёў, польскіх магнатаў. З усіх гэтых малюнкаў, зробленых для яго архітэктарам, у яго ўяўленні аб стайнях стварылася вялікая блытаніна. Ад гэтай блытаніны выйшла мешаніна розных стыляў. Стайня павінна была быць падобная ў частках і непадобная ў цэлым да многіх стайняў, што дагэтуль былі ў розных вялікіх людзей. Будыніна накшталт не то хорама, не то палаца, з белымі калумнамі, з вялізнымі стральчатымі вокнамі, з уваходам, як у касцёл, з барэльефамі на сценах, са скульптурнымі фігурамі коней на даху і з многімі іншымі ўкрасамі, нябачанымі і нязнанымі дагэтуль.