— Ніводны палац у маіх суседзяў не павінен быць так аздоблен, як мая стайня! — гаварыў пан Вашамірскі варшаўскаму архітэктару.
Былыя акторы з панскай студыі былі прыстасаваны канюхамі да коней, якіх прыдбаў для пана па розных маёнтках пан Вольскі.
Коні пакуль што мясціліся ў старой панскай стайні. Да кожнага каня быў прыстаўлены адзін з актораў, які за ім глядзеў: карміў, мыў, чысціў, прыбіраў.
Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы.
Ён пачаў вывучаць гэту справу ва ўсю яе шырыню і глыбіню. Пароды коней. Адзнакі добрага каня. Конскія хваробы. Ежа. Як іх гадаваць. Язда на кані — і конна і на запрэжаным. Вывучаў нораў каня, яго псіхіку. Цікавіўся вельмі наезнікамі, канакрадамі. Набыў аб конях багатую літаратуру.
З кім бы пан Вашамірскі ні гутарыў, — ці то з панам, ці то з простым чалавекам, — ён заўсёды накіроўваў гутарку на гэту тэму. З тым самым імпэтам, з якім раней рыхтаваў тэатр, ён цяпер будаваў стайню і набываў дарагіх коней.
Яго шталмайстрам быў нейкі захудалы шляхціц, пан Анановіч. Ён быў прыняты на гэту пасаду толькі таму, што ведаў конскую хроніку ўсёй ваколіцы, ведаў розныя байкі аб канакрадах ваколіцы за апошнія сто гадоў.
Аб ранейшым панскім тэатры пан Анановіч адзываўся вельмі крытычна:
— Увесь тэатр не варт аднаго добрага каня. Ад коней ёсць карысць, а ад тэатра — ніякай. А спевы панскага Салаўя — глупства ў параўнанні з музыкай падковаў. Паны сярод людзей, а коні сярод жывёлін — самыя шляхотныя істоты па зямлі.
У гэты час аб Салаўі ні слуху ні духу не было. Ён прапаў.
Балерыны і актрысы з адрэзанымі косамі — пакараныя такім чынам немаведама за што — працавалі на полі. Ім давалася самая цяжкая праца: чысціць хлявы, вазіць гной і т. д.
Некаторыя з былых панскіх актораў не вытрымалі такой рэзкай змены ад сцэны да стайні. Яны ўцяклі з маёнтка. Лясы пана Вашамірскага былі для іх больш прытульнымі за яго палацы. Лавіць цімакоў у лесе — тое самае, што лавіць ветра ў полі. Здарылася яшчэ адна бяда: тройку лепшых коней укралі ў адну ноч.
— Няйначай гэта акторы зрабілі! — гаварылі ўсе.
І вось пан Вашамірскі мсціў тым з іх, якія ў яго засталіся. Не было таго дня, каб іх не лупцавалі, каб хто-колечы з іх не быў закуты ў цяжкія калодкі.
Ксёндз Марцэвіч і пры панскай стайні быў выкарыстаны панам Вашамірскім для ганаровай працы: ён зрабіўся конскім летапісцам. Збіраў паэзію аб конях з розных часоў: апісанне хараства каня ў Бібліі, у рыцарскіх раманах, у грэцкіх казках аб кентаўрах, аб амазонках, студыяваў каня на малюнках святога Юр'я, святога Іллі, збіраў для пана Вашамірскага калекцыю малюнкаў славутых маляроў, якія малявалі коней. Сам пачаў вершы пісаць аб конях. Ён з'яўляўся збіральнікам конскага хараства і паэзіі.
А прыгонныя людзі пана Вашамірскага працавалі ў панскім дварэ: капалі гліну, цэглу рабілі, і не было калі засеяць сваё поле. Па вёсках заставаліся толькі старыя і малыя. Хто не працаваў на панскай стайні, той абрабляў яго поле.
Трывожыліся сяляне. Не ведалі, што рабіць. Пустыя шнуры, здратаваныя капытамі панскіх коней, былі для іх страшней за ўсе іншыя здзекі.
— Голад, страшны голад будзе ў нас, — гаварылі старыя.
Маладыя гарачыліся.
— Падпалім панскі маёнтак! Заб'ём самога пана! — меркавалі яны.
Людзі сярэдніх гадоў раілі ў адзіночку, ціханька ўцякаць адгэтуль ды ісці ў цімакі.
Усіх трывожыла адно:
— Што рабіць?
Дзеду Марціну больш за сто год. Ён маленечкі, сагнуты ў качаргу. На яго галаве і барадзе рэдкі пушок колеру сухога жоўтага пяску. Твар вельмі зморшчаны, нібы абклеены лупінкамі з яловых шышак. А вочы гнойныя і слязлівыя.
Ляжыць дзед на гародзе, пячэцца на сонцы. Кашуля расхістана на грудзях. На яго целе шмат рубцоў. Некалькі пакаленняў паноў Вашамірскіх пісалі бізунамі на целе прыгонніка свае жудасныя ўчынкі. Добра памятае дзед. Ужо больш за дваццаць год, як ён у кожную вясну памірае. Ляжыць на гэтай самай мяжы і канае. Яму ўсё здаецца, што канец падыходзіць.
— Як гэта чалавек так доўга жыць можа? — дзівіцца ён.
Ляжыць дзед нерухома. Да яго нават вераб'і прывыклі. Яны спяваюць над ім, скачуць на яго грудзях. Зусім яго не баяцца. А недалёка малыя дзеці ў адных кашульках, цвёрдых, як бляха, ад бруду, гуляюць у «смерць дзеда». Адзін з хлапчукоў змайстраваў крыжык з лучын. Двое іншых узялі невялічкае карытца, палажылі туды ануч: гэта дзед у труне. Трэція магілу капаюць у пяску, а чацвёртыя галосяць, плачуць: