Выбрать главу

— На каго ты нас, дзядок, пакідаеш? Што ж мы рабіць без цябе будзем?

Закапваюць дзеці «труну з дзедам» (карытца з анучамі) у зямлю, ставяць камень на магілцы, укопваюць крыж, зноў адкопваюць і пачынаюць гульню спачатку.

Сонца пячэ. Дзед Марцін слухае і бачыць гэту гульню. Ускаквае з мяжы са злосцю. Дзеці палохаюцца, уцякаюць.

Раней у гэту гульню забаўляліся яго праўнукі, цяпер іхнія дзеці…

А дзед усё жыве.

Часта ляжыць на мяжы. Рубцы на яго целе ад бізуноў некалькіх пакаленняў паноў Вашамірскіх пякуцца на сонцы. Гудуць мухі над дзедавым тварам.

— Што рабіць? — думае дзед. — Усе працуюць на панскай стайні і на панскім пояі.

— Што рабіць?

Дзед цярэбіць левай рукою грудзі, потым падпяразваецца цясней вяровачкай і павольным крокам выходзіць на вуліцу вёскі Вашаміршчыны.

Пасярод вуліцы расце трава. У лужынах смуродная вада зацягнута зялёнай тванню. Улезла ў гразь рабая свіння, пачала качацца з боку на бок, смачна рохкае.

На прызбах сядзяць дзеці, старыя.

— Ой-ой-ой, як цяжка жыць! — чуе дзед голас шаптухі каля прызбы адной хаткі.

Дзед падняў на вуліцы крывы сукаваты кіёк і абапёрся.

— Лягчэй, — шапнуў ён і накіраваўся на поле.

Неба сіняе ў ледзь прыкметных ружовых плямінах. Над лесам адпачываюць бірузовыя хмаркі. На старым дубе кукуе зязюлька.

— Ку-ку! — лічыць яна дзедавы гады і злічыць не можа.

Ідзе павольным крокам дзед Марцін і аглядаецца па баках. Сярод паплавоў уецца вузенькая рачулка. Блішчыць расплаўленым серабром. Над рачулкай кружацца матылькі.

Раптам дзед спыніўся і войкнуў.

— Не можа быць! — крыкнуў ён дрыжучым хрыплым голасам. — Не можа быць!

Па сялянскіх паплавах пасвяцца коні пана Вашамірскага. Цэлы табун коней рознай масці дратуе веснавую свежую траву. Рыжы, агнёвага колеру жарабок выгнуў па-лебядзінаму шыю, навастрыў вушы, заржаў і пусціўся падбрыкваць па зялёным абшары лугоў.

— Чым жа мы будзем нашу скаціну зімою карміць? — запытаўся дзед у здратаваных паплавоў. — Звар'яцеў пан. Як жыву, такіх парадкаў не бачыў!

Пан Вашамірскі загадаў забраць сёлета лугі ў прыгонных. Яго шталмайстар параіў яму так зрабіць:

— Калі пан хоча вярнуць коням зграбнасць і хараство тых часоў, калі яны жылі на волі ў дзікім стане, дык трэба іх пасвіць на такіх някошаных лугах.

Часта пан Вашамірскі на захадзе сонца любаваўся тут на сваіх коней. Ён тады ўспамінаў французскую гравюру, што вісіць у адным з яго пакояў.

Захад сонца палае над лесам рознакаляровымі агнямі. Ад лесу цягнецца цень, ён даўжэе, расце з кожнай хвілінай. На захадзе сонца пан ладзіць тут жа пры конях балюшкі з музыкай, з паненкамі.

І аб балюшках дзед не ведаў, але аб гэтым яму апавядаў Каспар, які часта хадзіў глядзець свае адзірванелыя загоны. Пасля панскай кары Каспар не мог працаваць. Адмарожаныя рукі былі пакалечаны да таго, што ледзь мог імі лыжку трымаць з посным шчаўем.

Бадай кожны дзень дзед сустракаў Каспара на пустых загонах.

— Не будуць у нас сёлета жорны гудзець, — гаварыў ён Каспару. — Вось глядзі, як неаранае поле ў лагчынах патрэскалася ад гарачыні.

Заплакаў дзед. Плач яго і да плачу не быў падобны. Ён гігікаў без слёз. Здавалася, што ён збіраецца смяяцца.

— Не плакаць, а злавацца трэба! Так злавацца, каб сваёй галавы не шкадаваць і пайсці з сякерай на пана! — сказаў Каспар.

Гнойныя і чырвоныя вочы яго блішчэлі, наліваліся аганькамі.

Дзед Марцін махнуў рукою.

— Гэтак і мой бацька, святой памяці, гаварыў. А я ўжо злуюся сто гадоў, ад самога, сынку мой, нараджэння, і нічога з маёй злосці не выходзіць.

— Мяне дзівіць адно, — сказаў Каспар. — Нас многа, а паноў мала. Ніяк не ўцямлю, чаму гэта яны робяць з намі што хочуць, а мы маўчым.

На маёй памяці два разы мужычкі бунтаваліся. Я сам быў у гэтых бунтах адным з першых. Вось рубцы ад ран па спіне, але кожны раз паны бралі верх. Войска ім памагала. Вось што, сынку!

— Дык што ж рабіць?

— А хто яго ведае. Вось каб згаварыліся разам прыгонныя па ўсіх маёнтках ды ў адну ноч перадушылі ўсіх паноў, тады, можа, і быў бы толк.

— А як жа яны згаворацца?

— А багавіца іх ведае.

Дзед зірнуў у блакітнае неба, жмурыў вочы на сонцы і зашаптаў:

— Эх, каб мне перад смерцю адну гадзіну, адну маленькую хвіліну, вольку-вольніцу пабачыць…

— Навошта табе воля, ты ўжо ледзь не да самых вушэй у магілу ўлез? — дзівіўся Каспар.