— А ўнукі. А праўнукі? Ды я хаця спакойна памёр бы. Ужо дваццаць год паміраю, а смерць-ліха не бярэ. Эх! хоць праз шчылінку хлява на волю зірнуць…
— Што рабіць? — прагаварыў яму Каспар у адказ.
Дзед абапіраўся на свой кіёк і глядзеў у далечыню пільным вокам. Праз некалькі хвілін звярнуўся да Каспара:
— Глядзі, сынку, хто там у белым ідзе на полі?
— Гэта ж мая Марылька шалёная. Яна ж маткай боскай была ў касцёле. Уцякла адтуль. Яна цяпер у хаце гаспадарыць. Малых гадуе. Пачынае ачуняць ад хваробы. Толькі адна бяда, што вось кожны дзень на магільнік ходзіць. Сядзіць на магіле сваёй маткі ды маўчыць. Дый гэта яшчэ не бяда, а вось цяжарная яна.
— Унук будзе, — сказаў дзед. — І гэта не бяда!
— Панскага ці ксяндзоўскага роду, — задумёна дадаў Каспар.
9. У пушчы
Горда глядзяць у неба стагоднія хвоі. Дрыжаць вершаліны, шушукаюцца і прыслухоўваюцца да галасоў знізу. Трашчыць, хрусціць галлё пад нейчымі нагамі — ці то звера, ці чалавека. Але чалавек рэдка бывае ў такіх непраходных нетрах, дзе нават удзень сонца затулена дрэвамі, і пад імі спачывае вечны вільготны цень.
А ўночы цемра аплятае гушчыню пушчы. Не відаць ні дрэў, ні карчоў-вываратняў. Адна жуда пануе там. А часам бліснуць у цемры два аганькі, мільгануць, як запаленыя свечкі, воўчыя вочы. А часам сава дзіка зарагоча. Доўга цягнецца рогат і пераходзіць у плач. А часам месяц круглы, колеру крыві, зірне на вершаліны пушчы. Сыпле месяц агнёвае зерне на хваёвыя голкі, пільна ў гушчу ўглядаецца.
У самым сэрцы пушчы, у непраходнай глушы выкапана зямлянка. Гарыць вогнішча, палыхае. У гліняных гаршках нешта варыцца. На жалезных прутах скварыцца сала.
Невялікі круг асвятляе вогнішча. Твары людзей абветраныя, бронзавыя.
Вочы ва ўсіх цёмныя ад скупога водсвету вогнішча.
Першымі ўцяклі сюды Салавей, чорнабароды Язэп з сынам і бялявы дзяцюк Пятрусь. У адзіночку пачалі прыходзіць акторы з былога тэатра пана Вашамірскага.
Нялёгка было дабірацца сюды праз балоты. З панскіх людзей ніхто не адважваўся рыхтаваць тут аблавы на цімакоў.
Ужо некалькі месяцаў жывуць цімакі ў гэтай пушчы. Спачатку думалі перабрацца адгэтуль на Ўкраіну, але раздумалі.
Чорнабароды Язэп, што быў выбраны атаманам, сказаў так:
— Мы-то самі ўцячэм, а што нашыя браты? Няўжо ж мы іх пакінем на здзекі пану Вашамірскаму?
— А што ж мы можам рабіць? — пыталіся некаторыя з актораў.
— Як што? Калі пан не палепшае, дык зробім так, што ад яго маёнтка адны каменькі застануцца.
— А мужычкі па вёсках?
— Лепш загінуць, чымся цярпець усё гэта. Яны ж усё роўна з голаду перамруць. Усё роўна няма жыцця ад груганоў панскіх.
Чарнелі вочы чорнабародага атамана Язэпа, бялелі зубы. Шмат сілы было ў яго шырокіх плячах. Ён глядзеў на малайцоў агнёвымі вачыма і гаварыў:
— Здужаем пана! Усе яго прыгонныя вёскі нам дапамогуць! Нас многа!
Салавей быў на яго баку. Аднак былі і такія, што не згаджаліся з атаманам.
— Самі прападзём, цэлыя вёскі прападуць, а нічым не дапаможам. Акаянныя паны такімі і застануцца. Яшчэ горш лютымі стануць. Царскае войска ім дапаможа.
Так плылі дні, месяцы. Ісці далей, каб дзе-небудзь у чужой краіне застацца, цімакі не рашаліся: сваіх не хацелі пакідаць, і расправіцца з панам Вашамірскім не пробавалі: зноў жа сваіх вяскоўцаў шкадавалі, каб іх не знішчыла войска.
Шумела пушча.
Часам сярод белага дня рабілася цёмна, як уночы. Неба было атулена чорна-сінімі кажухамі хмар. Грымоты будзілі пушчу ад сну. А маланкі рэзалі яе хваёвыя грудзі агнёвымі нажамі, а дажджы мылі яе, лупцавалі вадзянымі доўгімі, ад неба да зямлі, вяроўкамі.
Страшна было тады ў пушчы, непрытульна. У часе такой навальніцы цімакі хаваліся ў зямлянцы. Адзін толькі атаман, чорнабароды Язэп, не хаваўся ад навальніцы. Ён заставаўся на невялікай паляне і любаваўся навальніцай. Заўсёды, з маладых год, ён любіў такую пагоду.
І ён думаў:
«Вось каб людзі адважыліся такую навальніцу-мяцеж пусціць па панскіх маёнтках; з агнём, са злосцю, з дзікім шумам, з вострымі нажамі, з сякерамі…»
Заўсёды навальніца выклікала ў яго думках вобраз страшнага мяцяжу супроць агідных паноў.
Пасля такой навальніцы ў пушчы атаман заўсёды сам раскладваў агонь, сушыў вопратку і доўга думаў. Грозныя былі тады вочы ў чорнабародага Язэпа, губы сцяты, і ніхто да яго тады не падыходзіў з гутаркамі.
Аднаго разу прывалокся сюды, у пушчу, музыка Антон. Яму ўдалося захапіць з сабою скрыпку.
— Без скрыпкі я сюды не ўцёк бы, — гаварыў ён цімакам.